ЗАКЛЮЧЭННЕ

Развіццё і станаўленне беларускай нацыі ў агульнагістарычным працэсе чалавецтва. Асэнсаванне гісторыі беларускага народа.

Узнавіць гісторыю беларускага народа дазваляюць разнастайныя крыніцы. Усе яны сведчаць аб тым, што гістарычнае развіццё Беларусі адбывалася ў рамках агульнагістарычнага працэсу, па тых жа заканамернасцях, што і ў еўрапейскіх краінах.

Ёсць ў беларускага народа ў гістарычным мінулым шмат таго, што ўласціва толькі яму. Беларускі народ не належыць да самых старажытных у свеце. Яго гісторыя налічвае ўсяго 1200 гадоў. Але і за гэты час ва ўмовах, якія даволі часта ўскладняліся бязлітаснымі войнамі, разбурэннямі і людскімі стратамі, беларусы кансалідаваліся як этнас, змаглі захаваць асновы сваёй самабытнасці, збераглі і абагацілі сваю культуру і мову, ўклад жыцця, традыцыі …
і звычаі.

Вывучэнне помнікаў матэрыяльнай культуры, пісьмовых крыніц паказвае, што насельнікі Беларусі прайшлі ўсе этапы сацыяльна-эканамічнага развіцця: ад старажытнага чалавека сярэдзіны палеаліту да цяперашняга эканамічнага, сацыяльна-палітычнага і духоўнага ўзроўню. На рубяжы першага і другога тысячагоддзяў новай эры на тэрыторыі Беларусі з’явілася раннекласавае грамадства, пачаўся працэс фарміравання дзяржаўных аб’яднанняў. У ІХ ст. н.э. ўжо складвалася беларуская дзяржаўнасць, якую ўвасабляла Полацкае княства поруч з Турава-Пінскай зямлёй. Полацкае княства з’яўлялася гістарычным цэнтрам і калыскай Беларусі, бо менавіта тут пачаўся працэс станаўлення і кансалідацыі беларускага народа са сваімі характэрнымі толькі для яго асаблівасцямі ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах.

Вызначальнай рысай духоўнага жыцця станавіўся хрысціянскі светапогляд. Хрысціянства наблізіла беларускія землі да заходнееўрапейскіх дзяржаў і Візантыі. Яна садзейнічала далейшаму паспяховаму развіццю феадальных адносін, усталяванню манархічнага дзяржаўнага ладу, спрыяла развіццю культуры, распаўсюджванню пісьменнасці. Хрысціянства спрыяла ўмацаванню адзінства дзяржаў-княстваў, розных сацыяльных слаёў грамадства.

Станаўленне дзяржаўнасці суправаджалася грамадскім раздзяленнем працы, з’яўленнем сацыяльнай няроўнасці, устанаўленнем і замацаваннем феадальных адносін, пашырэннем права ўласнасці феадалаў на зямлю, усё большым запрыгоньваннем сялянства. Разам з тым расла грамадская вытворчасць, складваўся рынак, развіваліся рамёствы і культура.

У першай палове другога тысячагоддзя актывізаваўся працэс фарміравання беларускай народнасці, складвалася гаспадарчая і культурная супольнасць, з’явіліся асаблівасці мовы, фарміраваліся эмацыянальна-псіхічныя і другія яе прыметы. Пры гэтым беларусы заставаліся “чыстым” старажытнарускім племенем. На іх этнічную сутнасць не паўплывалі ні татары, ні літоўцы, ні нямецкія рыцары.

У перыяд позняга сярэдневякоўя феадальныя адносіны развіваліся і ўмацоўваліся, атрымлівалі сваё заканадаўчае афармленне. Значнае развіццё атрымалі гарады, была дасягнута адносна высокая ступень сацыяльна-эканамічнай сталасці грамадства. У грамадска-палітычных адносінах беларускія землі, пачынаючы з другой паловы ХІІІ ст., сталі ўключацца ў склад Вялікага княства Літоўскага, якое ў канцы ХІV – ХVст. аб’яднала ўжо значную частку ўсходнеславянскіх зямель. Больш за два стагоддзя ў развіцці гэтай дзяржавы пераважае беларускі пачатак. Дзяржаўнай у ёй была беларуская (руская, як яе тады называлі) мова. Яна стала не толькі мовай вялікакняжаскага двара і канцылярыі, але і ўсей феадальнай знаці. На ёй былі састаўлены і выданы галоўныя дзяржаўныя дакументы і зборнікі законаў. Толькі з канца ХVІІ ст. беларуская мова стала выціскацца з афіцыйнага справаводства польскай. У гэты час беларускі народ падвяргаўся сур’ёзным выпрабаванням. Разам з устанаўленнем саюзных адносін Вялікага княства Літоўскага з Польшчай адчынялася дарога распаўсюджванню польскага ўплыву, каталіцкаму ўздзеянню. Гістарычнае спаборніцтва за ўплыў і перавагу ў польска-літоўскай канфедэрацыі пасля Крэўскай уніі скончылася на карысць блока польскай шляхты і каталіцкага касцёла. На іх бок сталі вялікія князі, якія былі адначасова і польскімі каралямі. Услед за імі каталіцкую веру прынялі як літоўскія, так і беларускія магнаты, шляхта, гэта аслабіла сілы народа, прадвызначыла пазнейшыя цяжкасці ў культурным развіцці, нацыянальным самавызначэнні і фарміраванні гістарычнай самасвядомасці.

Доўгі працэс эканамічнай, палітычнай і культурнай кансалідацыі беларускага народа суправаджаўся такой, у агульным негатыўнай з’явай, як эміграцыя. У яе аснове ляжала бурная і складаная ваенна-палітычная гісторыя, эканамічныя цяжкасці і нягоды, якія выпалі на долю простых людзей. Перасяленне з тэрыторыі Беларусі выразна прасочваецца ўжо ў перыяд Вялікага княства Літоўскага. Тады імкненне пазбегнуць жорсткай эксплуатацыі, рэлігійных разладаў і праследаванняў, знайсці ўмовы, якія больш падыходзяць для прыкладання моцы і здольнасцей, вылівалася ў пабегі сялян на Украіну і ўскрайнія тэрыторыі Маскоўскай дзяржавы.

загрузка…

Падзелы Рэчы Паспалітай і далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі прывялі да перасялення беларусаў у цэнтральныя раёны Расіі і ў Сібір. У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. эміграцыя з тэрыторыі Беларусі набывае ўжо масавы характар. Па розных прычынах за межамі сваёй радзімы ў ХХ ст. апынуліся амаль два мільёны беларусаў. Шмат з іх унеслі значны ўклад у развіццё эканомікі, навукі і культуры тых краін, у якіх яны пражывалі.

Па меры таго, як сацыяльна-эканамічны і грамадска-палітычны патэнцыял феадальнага ладу вычэрпваўся, у ХVІІ-ХVІІІ ст. пачалі прабіваць сабе дарогу новыя, капіталістычныя вытворчыя адносіны. Аб’ектыўна гэта садзейнічала далейшай кансалідацыі беларускага этнасу. Прычым калі супольнасць эканамічнага жыцця беларускага народа складалася як у горадзе, так і ў вёсцы, то развіццё нацыянальнай мовы, звычаяў і традыцый народа адбывалася ў асноўным у сельскай мясцовасці, пераважна ў сялянскім асяроддзі. У гарадах і мястэчках пазіцыі беларускасці слабелі: уплыў польскай культуры станавіўся ўсе больш заўважным.

Уваходжанне беларускіх зямель у склад Расіі ў канцы ХVІІІ ст. садзейнічала адраджэнню ў беларусаў разумення генетычнага радства, этнакультурнай супольнасці ўсходнеславянскіх народаў, паглыбленню сяброўскіх, брацкіх пачуццяў да рускага і ўкраінскага народаў. Іх адзінства мацавалася ў працэсе развіцця эканамічных адносін, усведамлення людзьмі адзінага лёсу, у перамогах і стратах у Айчынную вайну 1812 г., у Крымскую вайну 1853-1855 гг., у працяглай і цяжкай барацьбе з інтэрвентамі ў гады Першай сусветнай вайны.

У той жа час у беларусаў фарміравалася пачуццё нацыянальнай самасвядомасці, неабходнасць прававой і дзяржаўнай самаідэнтыфікацыі, выпрацоўваліся адпаведны настрой думак і воля. Грамадска-палітычнае жыццё беларускага народа ХІХ ст. і асабліва пачатка ХХ ст., яго барацьба за станаўленне сваёй дзяржаўнасці сведчаць, што погляды на беларусаў як на абяздоленую нацыю, якія мелі месца, не адлюстроўвалі цалкам аб’ектыўнай рэчаіснасці. Станаўленне самастойнай беларускай дзяржавы праходзіла праз узнікненне і развіццё асобных беларускіх княстваў, адміністратыўна-тэрытарыяльных утварэнняў у складзе ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі.

Пасля звяржэння самадзяржаўя беларускі народ дабіўся найбольш значных за ўсю сваю гісторыю поспехаў у эканамічнай, сацыяльна-палітычнай і духоўнай сферах. Спачатку імкненне да самастойнасці атрымала сваё ўвасабленне ў абвяшчэнні ў сакавіку 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, аднак, не атрымала прававога замацавання і міжнароднага прызнання. 1 студзеня 1919 г. утварылася Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Узнікла дзяржава, назва якой ідэнтычная назве карэннага, гэта значыць, беларускага этнасу. Ва ўмовах савецкай улады Беларусь сфарміравала атрыбуты сваёй дзяржаўнасці, юрыдычна займела межы, герб, гімн, міжнародны статус раўнапраўнага суб’екта Саюза ССР. Важным этапам на шляху да дзяржаўнай незалежнасці стала абвяшчэнне ў пачатку 90-х г. ХХ ст. суверэннай Рэспублікі Беларусь. Па сваёй сутнасці і палітычнаму значэнню гэтыя падзеі, хоць і нераўназначныя, але ўсе яны з’явіліся праяўленнем адной і той жа гістарычнай тэндэнцыі – імкнення беларусаў да нацыянальна-дзяржаўнага суверэнітэту.

Найвышэйшага ўзроўню ў развіцці прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту, народнай адукацыі, навукі і культуры беларускі народ дабіўся таксама ў ХХ ст., ва ўмовах Савецкай улады. Менавіта ў гэты перыяд ажыццяўляліся дзяржаўнае планаванне эканамічных праграм і кантроль за развіццём прыярытэтных галін эканомікі, выконваліся важныя сацыяльныя планы. Усё гэта дазволіла стварыць магутны эканамічны, навукова-тэхнічны і культурны патэнцыял Беларусі. І гэта адбылося нягледзячы на тое, што не менш за два дзесяцігоддзі савецкага пярыяду занялі войны і аднаўленне ўсяго разбуранага.

Беларусы, як і другія народы, якія ўваходзілі ў склад Савецкай дзяржавы, актыўна ўдзельнічалі ў стварэнні новага, сацыялістычнага грамадскага ладу. Рашэнне гэтай цяжкай, нікім ніколі не спазнанай задачы аказалася надзвычайна складаным. У гісторыі беларускага народа з гэтым перыядам звязан шэраг трагічных старонак. Ужо ў 30-е гг. адмоўна адбіваліся на грамадска-палітычным жыцці адміністратыўна-камандная сістэма кіравання, абмежаванне дэмакратыі, парушэнне законнасці і рэпрэсіі.

Вялікая Айчынная вайна, трохгадовая акупацыя беларускіх зямель гітлераўскай Германіяй прынеслі цяжкія выпрабаванні народу. Двойчы вогненным смерчам прайшлі баявыя дзеянні па тэрыторыі Беларусі, яны пакінулі такія сляды і раны, якія будуць адчувацца працяглы час. Пасля вайны беларускі народ, абапіраючыся на дапамогу іншых народаў СССР, не толькі аднавіў народную гаспадарку, але і дабіўся значных поспехаў у эканамічнай і сацыяльна-культурнай сферах.

Спасцігла гора беларускі народ, калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Пасля 26 красавіка 1986 г. пражыванне на чацвертай частцы беларускай зямлі стала небяспечным для здароўя людзей.

Сур’ёзную страту народнаму дабрабыту нанеслі паспешныя, не прадуманыя да канца крокі па рэфарміраванню грамадскага ладу ў перыяд так званай перабудовы. Яны прывялі да разрыву эканамічных міжгаспадарчых сувязей, разбалансавання рынку збыту, да росту карупцыі і злачынства. У Беларусі, якая, як вядома, не валодае неабходнымі энергетычнымі рэсурсамі і запасамі сыравіны, разрыў эканамічных сувязей адбіўся на эканамічнае развіццё неспрыяльна.

У цэнтры ідэйна-палітычнай барацьбы пасля новага павароту гісторыі, які прывёў да распаду СССР, у склад якога ўваходзіла і першая нацыянальная дзяржава беларусаў, зноў аказалася праблема выбару шляхоў далейшага развіцця беларускай дзяржаўнасці. У ходзе дыскусій, якія набывалі падчас характар вострай ідэалагічнай барацьбы, праяўляліся розныя падыходы. Па аднаму з іх меркавалася ўдасканальванне беларускай дзяржаўнасці ў рамках адноўленага ў новай форме саюзнага дзяржаўнага ўтварэння і забеспячэнне на гэтай аснове ўсебаковага прагрэсу грамадства. Па другому шукаўся ідэал нацыянальнай дзяржаўнасці ў палітычных утварэннях далёкага мінулага. Трэці падыход да праблемы заключаўся ў тым, каб узяць за ўзор тып і форму дзяржаўнасці, якая ўстанавілася ў большасці заходнееўрапейскіх краін.

Напярэдадні сацыяльна-эканамічнага і палітычнага крызісу сярэдзіны 80-х – пачатку 90-х гг. Беларусь у параўнанні з суседнімі дзяржавамі мела добра развітую структуру эканомікі і высокую навукаёмкасць вытворчасці, збалансаваную стратэгічную прамысловасць, у тым ліку нафтаперапрацоўчую, хімічную, электронную, аптычную, транспартную, тэкстыльную, харчовую і інш. Рэспубліка валодала добра наладжанай сельскай гаспадаркай, найбольшай у Еўропе колькасцю пахатнай зямлі (каля 1 га) на душу насельніцтва. Тут была высокаразвітая фундаментальная і прыкладная навука, структураваная сістэма сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, наладжаная падрыхтоўка спецыялістаў, кваліфікаваных рабочых, высокі ўзровень развіцця аховы здароўя і адукацыі насельніцтва.

У цяперашні час перад Рэспублікай Беларусь стаіць задача ўдасканальвання інстытутаў беларускай дзяржаўнасці, вызначэння стратэгічна верных шляхоў развіцця, умацавання адзінства і салідарнасці грамадства. Гэта задача набывае асаблівую актуальнасць у кантэксце кардынальных перамен геапалітычнай сітуацыі ў свеце, прамыслова-тэхнагеннай і інфармацыйнай глабалізацыі.

Беларускі народ, як паказвае гістарычны вопыт, заўсёды адрозніваўся сацыяльным аптымізмам, пачуццём патрыятызму, гатоўнасцю да самаадданай працы на карысць сваёй Радзімы. І сёння, у складаных сацыяльна-эканамічных умовах, ён, аддаючы павагу гістарычным традыцыям, беражэ культурна-духоўную спадчынусвайго мінулага, самабытны нацыянальны менталітэт. Да таго ж паступова ўдасканальвае свае лепшыя якасці, застаецца ўвасабленнем працавітасці, дабра, надзейнасці, вернасці слову і справе. Гэта з’яўляецца гарантыяй таго, што ўсе цяжкасці і перашкоды, якія ўзнікаюць перад кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь і яе народам будуць з гонарам пераадолены.

Як бачна, гісторыя беларускага народа надзвычай насычана гераічнымі і трагічнымі падзеямі. Працалюбівыя, здольныя стваральнікі шматлікіх матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, жыхары Беларусі ўнеслі свой адметны ўклад у развіццё еўрапейскай і сусветнай цывілізацыі.

 

ЗМЕСТ

УВОДЗІНЫ Ў ДЫСЦЫПЛІНУ “ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ”. 3

Глава 2. Станаўленне раннекласавага грамадства. Укараненне хрысціянскай цывілізацыі ў Еўропе і на Беларусі (V – першая палова XIII ст.) 20

Тэма 1. Узнікненне раннефеадальных дзяржаў – славянскіх княстваў, укараненне хрысціянства на Беларусі 20

Тэма 2. Развіццё феадальных адносін, барацьба з заваёўнікамі 30

Глава 3. Вялікае княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (другая чвэрць ХІІІ – першая палова ХVІ ст.): ад сярэднявечча да новага часу. 41

Тэма 1. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя перадумовы фарміравання Вялікага княства Літоўскага. 41

Тэма 2. Тэндэнцыі кансалідацыі этнічна-нацыянальнай супольнасці насельніцтва Беларусі 52

Тэма 3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Вялікага княства Літоўскага 59

Глава 4. Час крызісаў і Адраджэння: кансалідацыя беларускай народнасці. Рэлігія, духоўнае жыццё, культура Беларусі 70

Тэма 1. Рэфармацыя ў Заходняй Еўропе і Беларусі 70

Тэма 2. Уплыў рэфармацыйнага руху на культурнае развіццё Беларусі 77

РАЗДЗЕЛ ІІ. ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНАЯ СПАДЧЫНА НОВАГА ЧАСУ І БЕЛАРУСЬ 88

Глава 1. Пачатак Новага часу. Эканамічнае і палітычнае становішча Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай (канец ХV – ХVІІ ст.) 88

Тэма 1. Рэч Паспалітая – шматнацыянальная дзяржава. 88

Тэма 2. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай. 94

Тэма 3. Супярэчнасці і канфлікты сярод еўрапейскіх дзяржаў у ХVІІІ стагоддзе. Падзелы Рэчы Паспалітай. 103

Глава 2. Нараджэнне індустрыяльнай цывілізацыі і яе ўплыў на Беларусь 112

Тэма 1. Беларускія землі ў складзе Расійскай імперыі 112

Тэма 2. Беларусь у час нараджэння індустрыяльнай цывілізацыі 121

Тэма 3. Перамога капіталізму ў краінах Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Беларусі 132

Тэма 4. Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё на Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст. 138

РАЗДЗЕЛ IIІ. Савецкая мадэль мадэрнізацыі ў гісторыі Беларусі 161

Глава 1. Беларусь у перыяд рэвалюцыі 1917 года і грамадзянскай вайны. Стварэнне беларускай дзяржаўнасці 161

Тэма 1. Кастрычніцкая рэвалюцыя, станаўленне новага ўклада жыцця 161

Тэма 2. Шляхі фарміравання беларускай дзяржаўнасці 171

Глава 2. Беларусь у міжваенны перыяд. 178

Тэма 1. Міжнароднае і ўнутрыпалітычнае становішча Беларусі пасля грамадзянскай вайны.. 178

Тэма 2. Шляхі і метады будаўніцтва індустрыяльнага грамадства ў савецкай Беларусі 185

Тэма 3. Культурнае і духоўнае жыцце ў БССР. 195

РАЗДЗЕЛ IV. ГЕАПАЛІТЫЧНАЕ СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСІ У СЯРЭДЗІНЫ XX СТ. 204

Глава 1. Беларусь напярэдадні і ў гады Другой сусветнай вайны 204

Тэма 1. Заходняя Беларусь пад уладай Польшчы.. 204

Тэма 2. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць фашысцкай Германіі 214

Глава 2. Беларусь ва ўмовах супрацьстаяння сусветных звышдзяржаў 225

Тэма 1. Міжнароднае і эканамічнае становішча краіны пасля ІІ сусветнай вайны 225

Тэма 2. Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё ў другой палове 40-х – пачатку 80-х гадоў. 235

РАЗДЗЕЛ V. СУВЕРЭННАЯ РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ ВА ЎМОВАХ ГЛАБАЛІЗАЦЫІ СУСВЕТНЫХ ПРАЦЭСАЎ. 247

Глава 1. Нарастанне супярэчнасцей у савецкай сістэме. Распад СССР, стварэнне незалежных дзяржаў. 247

Тэма 1. Прычыны абвастрэння супярэчнасцей у сярэдзіне 80-х гадоў. Курс на інтэнсіфікацыю.. 247

Тэма 2. Незалежная Беларусь. Шляхі ўмацавання эканамічнага і палітычнага суверэнітэту. 253

ЗАКЛЮЧЭННЕ.. 261