Тэма 2. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць фашысцкай Германіі

§1. Міжнародная абстаноўка напярэдадні вайны. Узнікненне фашызму

§2. Аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны крытычнага становішча СССР на першапачатковым этапе вайны

§3. Абарончая беларуская аперацыя. Акупацыя нямецка-фашысцкімі войскамі тэрыторыі Беларусі. Барацьба беларускага народа з захопнікамі

§4. Вызваленне Беларусі. Фактары антыфашысцкага настрою насельніцтва і крыніцы перамог у Вялікай Айчыннай вайне

 

§1. Міжнародныя абставіны ў 1933-37 гг. характарызуюцца крайнім абвастрэннем супярэчнасцей. Зноў жа, як і перад І сусветнай вайной, назіраюцца цяжкія вынікі сусветнага эканамічнага крызісу. Эканоміка найбольш буйных краін адкінута назад на некалькі дзесяцігоддзяў. Прамысловая вытворчасць ЗША у канцы 1932 г. складала 50 % ад аб’ёму 1929 г. Англія па выплаўцы чыгуну была адкінута да ўзроўню 1848-1864 гг. …
Рабочы клас адчувае голад, іншыя бедствы, вядзе барацьбу за паляпшэнне ўмоў жыцця. Расце ўплыў сацыялістычных і камуністычных партый, якія абяцаюць палепшыць стан працоўных. У той жа Германіі ў 1932 г. Камуністычная партыя сабрала на выбарах у Рэйхстаг прыкладна 6 млн. галасоў. У адказ на левы радыкалізм у краінах бярэцца курс на поўнае знішчэнне інстытутаў буржуазнай дэмакратыі. Устанаўліваюцца рэжымы адкрытай дыктатуры найбольш рэакцыйных колаў буйнога фінансавага капіталу, якая абапіраецца на нацысцкія партыі. Фашызм супрацьпастаўляе сябе не толькі камунізму, але і парламенцкай дэмакратыі. Фашысты выступаюць за парадак, дысцыпліну і задушэнне ўсякага голасу пратэсту. У ліку першых паддаюцца нацыяналістычнай прапагандзе італьянцы. Праграмы стварэння новых рабочых месц і іншыя сацыяльныя мерапрыемствы забяспечылі лідэру італьянскіх фашыстаў Б. Мусаліні шырокую народную падтрымку. У 1922 г. ён прыходзіць да ўлады ў гэтай краіне. Італьянскі фашызм паслужыў узорам для падобных рухаў у іншых еўрапейскіх краінах. Дыктатары прыходзяць да ўлады ў Балгарыі, Югаславіі, Аўстрыі, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Венгрыі. У 1936 г. генерал Б.Франка ў выніку мецяжу звяргае рэспубліканскі ўрад у Іспаніі і пры падтрымцы італьянцаў і немцаў атрымлівае перамогу. У найбольш завершанай форме тэрарыстычная дыктатура манаполій знайшла сваё выражэнне ў германскім фашызме. Карыстаючыся агульным эканамічным хаосам, а таксама ўмела выкарыстоўваючы настальгію шматлікіх немцаў, А.Гітлер і яго нацыянал-сацыялістычная партыя заваёўваюць усё больш галасоў на выбарах.

У студзені 1933 г. прэзідэнт Веймарскай рэспублікі Пауль фон Гиндэнбург назначыў Гітлера рэйхсканцлерам. У Германіі ўсталёўваецца рэжым нацысцкай дыктатуры.

Пад уздзеяннем нацысцкай прапаганды ў студзені 1935 г. 90% жыхароў Саарскай вобласці выказаліся за далучэнне да Германіі. Праз два месяцы Гітлер аб’явіў аб узнаўленні ўсеагульнай воінскай павіннасці, што супярэчыла Версальскаму мірнаму дагавору. У сакавіку 1936 г. Германія выступіла супраць Лакарнскіх дагавораў і ўвяла войскі ў Рэйнскую зону, якая была дэмілітарызавана ў 1918 г.

У выніку зговару А.Гітлера з Б.Мусаліні, Н.Чэмберленам і Э.Даладзе ў Мюнхене ў верасні 1938 г. было вырашана пытанне Чэхаславацкіх Судзет, якія адыходзілі да Германіі, а ў сакавіку нямецкія войскі ўступілі ў Прагу. Дэмакратычныя краіны, у прыватнасці Англія і Францыя, аказваюцца няздольнымі змагацца са з’яўленнем усё новых дыктатур. Фашысцкія рухі развіваюцца, і ў барацьбу з імі ўступаюць камуністычныя партыі, кіруемыя Камінтэрнам.

Еўропа апынулася напярэдадні Другой сусветнай вайны.

Палітыка і ідэалогія фашызму адлюстроўвалі імкненне імперыялістычнага капіталу Германіі да сусветнага панавання. У аснову палітыкі германскага фашызму была пакладзена тэорыя “жыццёвай прасторы”. Яе сутнасць: “цяжкае становішча нямецкіх працоўных выклікана празмернай шчыльнасцю насельніцтва ў Германіі, недастатковай яе тэрыторыяй. І таму адзіным сродкам паляпшэння жыцця народа ёсць пашырэнне “жыццёвай прасторы.” Гэта заклік да захопу чужых зямель. Такім чынам, захоп новых тэрыторый для насельніцтва Германіі як бы меў усеагульную карысць.

Японскі імперыялізм, які ўступіў на шлях навукова-тэхнічнай рэвалюцыі са спазненнем, па тэмпах развіцця да гэтага часу пакінуў сваіх канкурэнтаў далёка ззаду. Рэзка ўзрасла яго агрэсіўнасць. Прыкладна такое ж становішча і ў Італіі. Тры маладыя “драпежнікі” імкнуцца да перадзелу свету за кошт Англіі, ЗША, Францыі і іншых краін.

Да 1937 года грунтоўна склаўся блок агрэсіўных дзяржаў – так званая “Вось” Берлін – Рым – Токіо. Германія, Італія і Японія выходзяць з Лігі нацый. Да вясны 1941 г. Германія і Італія захапілі 11 дзяржаў Еўропы з насельніцтвам 142 млн. чалавек.

СССР выступае ў гэты час за калектыўную бяспеку, стварэнне адзінага фронту міралюбівых сіл. У 1935 г. падпісаны дагавор аб узаемнай дапамозе з Францыяй і Чэхаславакіяй.

Што тычыцца Беларусі, то тут напярэдадні вайны пражывала 10,5 млн. чалавек. Тэрыторыя 225,7 тыс.км2 была разбіта на 10 абласцей. Большасць насельніцтва падзяляла курс бальшавікоў на будаўніцтва сацыялізму і падтрымлівала афіцыйную ўнутраную дзяржаўную і міжнародную палітыку. Удзел у выбарах 1938 і 1939 г. прынялі 100 % выбаршчыкаў. У сувязі з ускладненнем міжнароднага становішча працоўныя бездакорна прынялі і больш жорсткія законы аб адказнасці за выпуск недабраякаснай прадукцыі, аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці за дробныя крадзяжы, парушэнні ўнутранага распарадку на працы, пераводзе з 7-гадзіннага на 8-гадзінны рабочы дзень і 7-дзённы тыдзень. Апошнія перадваенныя гады праходзілі ў напружанай працы грамадзян рэспублікі за ажыццяўленне планаў трэцяй пяцігодкі. У калектывах прымаліся павышаныя абавязацельствы.

загрузка…

 

§2. Звяртаючыся да перыяду Вялікай Айчыннай вайны, да пытанняў аб неверагодна цяжкім становішчы СССР і вялікіх людскіх стратах на яе пачатку, перамогах у ходзе кампаніі 1942, 1943, 1944 і 1945 гг., важна бачыць не асобныя факты, а ўсю іх сукупнасць, сапраўдныя прычынна-выніковыя сувязі мінулых гадоў.

Гэта праца вядзецца гісторыкамі, быўшымі ваенаначальнікамі, публіцыстамі. Беларусь – краіна, дзе дастаткова шмат увагі надаецца ўшанаванню памяці аб ваенных гадах. Амаль у кожным рэгіёне выпушчана кніга “Памяць”, акружаны ўвагай ветэраны вайны. І ўсё ж і напярэдадні 60-годдзя вызвалення Беларусі, як лічаць навукоўцы, яшчэ было шмат “белых плямаў” у гісторыі ваеннага часу, не ўсе падзеі вайны ўзнаўляюцца дакладна.

Шмат спрэчак выклікае пытанне непадрыхтаванасці СССР да вайны ў 1941 годзе. Шукаючы прычыны такога становішча, большасць навукоўцаў і саміх ваенных кіраўнікоў сходзяцца ў думках, якія можна абагульніць так: слабасць Чырвонай Арміі і крытычнасць становішча краіны напачатку вайны абумоўлены шэрагам як аб’ектыўных, так і суб’ектыўных прычын. Да ліку аб’ктыўных прычын адносяць даволі моцны эканамічны патэнцыял Германіі, да ліку суб’ектыўных — пралікі стратэгічнага і тактычнага плана, дапушчаныя ваенным і палітычным кіраўніцтвам.

Да моманту нападу на СССР Германія прыкладна ўдвая пераўзыходзіла нашу краіну па вытворчасці электраэнергіі, вугалю, чыгуну, сталі. У чатыры разы – па выпуску аўтамабіляў. Эканоміка фашысцкай Нямеччыны была даўно ўжо пераведзена на ваенныя рэйкі, а яе саюзнікі завяршылі такі перавод. Акрамя таго, на службу агрэсіі былі пастаўлены ўсе рэсурсы заваяванай Еўропы. Што тычыцца СССР, то ён толькі прыступіў да выканання 3-га пяцігадовага плана, складзенага з улікам неабходнасці тэхнічнага пераўзбраення арміі і флоту. У 1940 г. амаль кожны 3-ці рубель з бюджэту ішоў на абарону. Без сумнення, патрабаваўся час. Вось часу, магчыма, не хапала.

Да таго ж істотныя перавагі Нямеччына мела і ў асабіста ваенных адносінах: цалкам адмабілізаваная і разгорнутая 5,5-млн. кадравая нямецка-фашысцкая армія нападу мела дасканалае па тым часе ўзбраенне і баявую тэхніку, была добра механізавана, валодала 2-гадовым вопытам ваенных дзеянняў. Адначасова з Германіяй супраць СССР выступілі Італія, Венгрыя, Румынія, Фінляндыя.

У той жа час перааснашчэнне Чырвонай Арміі, па сутнасці, толькі пачалося. Яе часці і злучэнні, якія дыслацыраваліся ў прыграніччы, былі аснашчаны пераважна састарэлымі ўзорамі ўзбраення і тэхнікі. У Заходняй ваеннай акрузе налічвалася толькі 37-70 % штатаў ваеннага часу. З шасці механізаваных карпусоў толькі адзін меў амаль поўную матэрыяльную частку. Асновай танкавага корпусу і авіяцыі гэтай ваеннай акругі былі машыны састарэлых марак. З 8 танкавых дывізій Асобай Заходняй ваеннай акругі, якая 22 чэрвеня 1941 г. была пераўтворана ў Заходні фронт, дзве ўкамплектаваны прыкладна на 50 %, чатыры – менш чым на 50 %, дзве – амаль не мелі танкаў. Нізкай была забяспечанасць транспартам, сучасным узбраеннем. Пісталеты, кулямёты, самазарадныя вінтоўкі і карабіны сталі паступаць у стралковыя часці Чырвонай Арміі толькі ў 1941 г., у той час як войскі праціўніка былі аснашчаны аўтаматычным узбраеннем. Асноўным нашым танкам быў БТ-7, які па брані і па ўзбраенні ўступаў нямецкім Т-3, Т-4. Да восені 1941 г. прамысловасць выпусціла ўсяго 1225 “трыццацічацвёрак” і 639 КВ. Толькі разгортвалася вытворчасць новых самалётаў: за першую палову 1941 г. было выпушчана крыху больш за 2,6 тыс. самалётаў, што павінны былі замяніць устарэлыя канструкцыі. Недастаткова было зенітных і супрацьтанкавых сродкаў.

Дапушчаны таксама памылкі аператыўна-стратэгічнага характару. Усе разлікі будаваліся на тым, што вайна пачнецца з прыгранічных баёў і толькі пасля гэтага будуць уведзены галоўныя сілы. Лічылася, што сілам праціўніка яшчэ давядзецца поўнасцю разгарнуцца, тады як сапраўды яны былі ўжо цалкам разгорнуты і фактычна падрыхтаваны да захопу тэрыторый. Сур’ёзныя пралікі дапушчаны і ў вызначэнні тэрмінаў прывядзення сваіх войскаў у баявую гатоўнасць у прыгранічнай паласе і мабілізацыйнага разгортвання ўзброеных сіл унутраных акругоў.

З вялікім спазненнем пачалася перакідка пяці армій з глыбіні краіны да заходніх межаў. Не было завершана будаўніцтва ўмацаваных раёнаў, не “ўгаданы” накірунак галоўнага ўдару. Цяжкія вынікі мелі сталінскія рэпрэсіі супраць ваенных напярэдадні вайны. У перадваенныя гады армія і флот “страцілі” больш за 40 тыс. камандзіраў і палітработнікаў. Толькі за 1938-1940 гг. былі заменены ўсе камандзіры ваенных акругаў, кожныя 9 з 10 іх намеснікаў. Рэпрэсіі падарвалі дух салдат, наглядалася падзенне дысцыпліны, шмат камандзіраў адчувалі сябе разгубленымі, не здольнымі навесці парадак. Вопыт да тых камандзіраў, што замянілі рэпрэсіраваных, прыходзіў у час баёў і даваўся часцей дарагой цаной: смерцю тысяч людзей.

Непазбежнасць вайны з Германіяй была відавочнай задоўга да яе пачатку. Кіраўніцтва ваеннага ведамства ведала, адчувала блізкасць вайны, але падпарадкоўвалася волі Сталіна, які баяўся справакаваць вайну.

Канцэнтрацыя войскаў Германіі каля нашых межаў праходзіла дастаткова працяглы час. Разведка, і нават перабежчыкі, паведамлялі аб гэтым неаднаразова. План вайны супраць СССР, распрацаваны ў 1940 г., выкладзены ў сакрэтнай дырэктыве № 21, варыянт “Барбароса”, Гітлерам падпісаны 18 снежня 1940 г.

Але Сталін лічыў, што пачатак вайны можна адцягнуць, і загадваў іншым кіравацца гэтым жа. Калі стала ўжо зусім відавочна, што фашысты вось-вось зробяць нападзенне, Сталін і тады не аддаў загад аб прывядзенні войскаў у баявы стан (ваеннага часу). Больш таго, за тыдзень да пачатку вайны 14 чэрвеня 1941 г., безумоўна са згоды Сталіна, ТАСС зрабіла заяву, у якой версія аб рыхтаваўшымся нападзе Германіі на СССР аб’яўлялася правакацыйнай.

 

§3. Абарончая Беларуская аперацыя бярэ пачатак з першага дня вайны 22 чэрвеня 1941 г. і працягваецца па 9 ліпеня 1941 г. Каля 40 дывізій групы арміі “Цэнтр” з раніцы 22 чэрвеня вялі наступленне на дывізіі першага эшалона Чырвонай Арміі.

У першы ж тыдзень вайны сілы праціўніка павялічваліся. Яны па колькасці ў 1,5 раза пераўзыходзілі войскі СССР (у жывой сіле). Становішча ўскладнялася вялікай стратай самалётаў. Бомбавым ударам падвергліся 26 аэрадромаў, дзе базіраваліся навейшыя тыпы самалётаў. У першы дзень вайны ў Заходняй ваеннай акрузе страчана 738 самалётаў (41 %), у той час як ва ўсёй Чырвонай Арміі было 1200 самалётаў.

Да таго ж камандаванне Заходняга фронту (генерал Дз. Паўлаў) не змагло наладзіць узаемадзеянне войскаў, часам прымала рашэнні, якія не адпавядалі рэальнаму становішчу. Некалькі контрудараў Савецкай Арміі на Брэсцкім і Сувалцкім напрамку, праведзеныя згодна з указаннямі Масквы, не толькі не прынеслі поспеху, але нават былі і шкоднымі. Затрымліванне войскаў Чырвонай Арміі ад своечасовых адыходаў на больш зручныя рубяжы прывяло да іх акружэння. Больш за 10 дывізій Заходняга фронту трапілі ў цяжкае становішча.

У выніку на пачатку ліпеня 1941 г. сілы, што заставаліся ў камандаванні Заходняга фронту, не змаглі стварыць суцэльнага фронту абароны. Пасля замены кіраўніка Заходняга фронту прымаліся захады, каб спыніць наступленне фашыстаў. Жорсткае супраціўленне аказалі войскі Чырвонай Арміі ў раёне Магілёва, арганізавана была абарона на Полацкім, Віцебскім напрамку.

6 ліпеня быў праведзены контрудар Чырвонай Арміі, які ўвайшоў у гісторыю як Лепельскі. Але з-за кепскай яго арганізацыі і слабага прыкрыцця з паветра ён поспеху не меў. Пад вечар 9 ліпеня танкавыя і матарызаваныя дывізіі 4-й арміі праціўніка падышлі да рубяжа Заходняй Дзвіны і Дняпра на ўсім фронце ад Полацкага ўмацаванага раёна да Жлобіна. Слаба абсталяваныя стыкі войск Чырвонай Арміі ліквідаваць у гэты час ніяк не ўяўлялася магчымым. З-за гэтага праціўніку ўдалося 9 ліпеня прарваць абарону 20 і 22 армій і авалодаць Віцебскам.

Да 10 ліпеня нямецка-фашысцкія войскі прасунуліся на 450-600 км, захапілі значную тэрыторыю Беларусі.

За гады Савецкай улады жыццём цэлага пакалення, намаганнямі людзей, нават наперакор штучна створаным цяжкасцям, на Беларусі дасягнуты пэўныя поспехі ў павелічэнні аб’ёмаў прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, ліквідавана масавая непісьменнасць, адбылося павелічэнне жыццёвага ўзроўню, медыцынскага абслугоўвання і інш.

Пад уплывам змяненняў рэчаіснасці, само сабой зразумела, і ідэалагічнай апрацоўкі, большасць насельніцтва было на баку ўлады, лічыла сябе гаспадарамі краіны і ўдзельнікамі вялікіх падзей. Негатыўныя з’явы і ўсялякія неўладкаванасці адносіліся да часовых. Таму напад Германіі на СССР працоўныя Беларусі сустрэлі з абурэннем, і амаль кожны дарослы яе жыхар думаў і дзейнічаў на карысць абароны Айчыны.

З першага дня вайны жыццё ў Беларусі перабудоўваецца на ваенны лад, Чырвоная Армія атрымлівае ўсебаковую дапамогу: фарміруюцца атрады народных апалчэнняў, якія ўдзельнічаюць у абароне гарадоў Віцебска, Магілёва, Гомеля і інш.; адбываецца мабілізацыя на будаўніцтва абарончых аб’ектаў; на прадпрыемствах разгортваецца вытворчасць і рамонт ваенных прылад; вядзецца эвакуацыя прадпрыемстваў.

На тэрыторыі БССР узброеную барацьбу вялі 1255 партызанскіх атрадаў, якія аб’ядналі 374 тыс. чалавек, 70 нацый і народнасцей. Акрамя таго, у гарадах дзейнічала 70 тыс. падпольшчыкаў, каля 60 % тэрыторыі знаходзілася пад кантролем партызан. Шырокая партызанская зона ўтварылася ў Суражскім рэгіёне. У барацьбе супраць фашызму загінуў кожны чацвёрты жыхар рэспублікі. 462 беларусы і ўраджэнцы рэспублікі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

На тэрыторыі Віцебскай вобласці дзейнічаў падпольны абком, гарком, 31 райком партыі, выдавалася газета “Віцебскі рабочы”. У сучасных межах вобласці дзейнічалі прыкладна 6 партызанскіх брыгад, 2 палкі, 30 асобных і спецыяльных партызанскіх атрадаў. Іх узначальвалі вядомыя кіраўнікі партызанскага руху — П.М.Машэраў, А.Ф.Данукалаў, Ф.Ф.Дуброўскі, І.К.Захараў, М.С.Пруднікаў.

Жорсткасць акупацыйнага рэжыму (знішчэнне насельніцтва па тых ці іншых матывах – камуніст, яўрэй, камсамолец, піянер, спачуваючы) толькі ўзмацняла нянавісць да іншаземцаў. Ствараецца сетка падпольных цэнтраў, пярвічных арганізацый і груп, партыйнае і камсамольскае падполле. Складваецца арганізаваны і, што галоўнае, масавы партызанскі рух. Усяго ж на Віцебшчыне дзейнічала 5 партызанскіх зон (Суражская, Расонская, Полацкая, Ушацкая, Сенненская). Адным з першых на Беларусі пачаў дзейнічаць атрад Міная Піліпавіча Шмырова. М.Шмыроў – дырэктар Пудацкай кардоннай фабрыкі, праслаўлены партызанскі камандзір часоў грамадзянскай вайны. 5 ліпеня 1941 г. яго запрасілі ў Суражскі райком партыі. Ён прыняў прапанову як партыйнае даручэнне і разам з сакратаром партыйнай арганізацыі Р.У.Шкрэдам і тэхнаруком П.Н.Голубевым стварыў дзеяздольную партызанскую групу. Да 25 ліпеня ў атрадзе налічвалася 60 чалавек. У гэты ж дзень партызаны Суражскай зоны адкрылі баявы рахунак. У баявой аперацыі знішчана 30 гітлераўцаў. Затым баявыя дзеянні ішлі па ўзрастаючай: у верасні 1941 г. быў разгромлены нямецкі гарнізон у Суражы. Насельніцтва ўсяляк дапамагала М.П.Шмырову. Слава бацькі Міная хутка расла.

На бальшаку Сураж – Усвяты немцы самі ўстанавілі плакаты з надпісам: “Партызанская зона”. Яны аб’явілі вялікае ўзнагароджанне таму, хто выдасць М.П.Шмырова. У якасці заложнікаў фашысты захапілі яго чацвярых малалетніх дзяцей.

Больш шырокія памеры партызанскі рух на паўночным усходзе вобласці набыў зімой 1941-42 гг., калі ў выніку паспяховага наступлення Чырвонай Арміі фронт наблізіўся да граніц Беларусі. Былі створаны так званыя Віцебскія (Суражскія) вароты – 40-кіламетровы разрыў паміж флангамі груп нямецкіх армій “Поўнач”, “Цэнтр”. У канцы лютага 1942 г. з атрадам Шмырова аб’яднаўся атрад С.Т.Воранава. Для больш паспяховага ўзаемадзеяння ствараюцца партызанскія брыгады. Першай партызанскай брыгадай была брыгада, створаная на базе атрада Шмырова.

У ходзе амаль што трохгадовай барацьбы партызан і падпольшчыкаў толькі на Віцебшчыне Нямеччына страціла 113 тыс. салдат і афіцэраў, пад адхон пушчана 1147 эшалонаў, знішчаны 151 танк, збіта 77 самалётаў ворага. За геройствы і мужнасць 19 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 88 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

§4. Поўнае вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбываецца ў 1944 г. Да гэтага ў выніку асенне-зімовага (1943г.) наступлення была вызвалена частка Беларусі. Цалкам або часткова вызвалена 36 раёнаў і 2 абласныя цэнтры (Гомель, Мозыр). Асноўныя падзеі па вызваленні Беларусі звязаны з Беларускай аперацыяй, праведзенай 23 чэрвеня – 29 жніўня 1944 г. Аперацыя пад кодавай назвай “Баграціён”

 
 

мела сваёй задачай разгром групоўкі армій “Цэнтр”, вызваленне Беларусі, пачатак вызвалення Літвы і Польшчы.

На пачатку аперацыі фронт на Беларусі праходзіў на ўсход ад Полацка (возера Нешчарда), Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна і далей да Ковеля. Лінія даўжынёй 1100 км. утварала так званы беларускі выступ (балкон). Планавалася ў час аперацыі прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць. Зрабіць гэта было нялёгка: на тэрыторыі Беларусі вораг стварыў глыбока эшаланіраваную (250-270 км) абарону з умоўнай назвай “Фатэрлянд”, якая абапіралася на развітую сістэму палявых умацаванняў і прыродныя рубяжы (высокія заходнія берагі рэк, забалочанасць і г.д.).

Для здзяйснення аперацыі “Баграціён” Савецкае ваеннае камандаванне вылучыла велізарныя сілы: 2,4 млн. чалавек (Германія мела 1,2 млн. салдат). Шматкратная перавага Чырвонай Арміі наглядалася ў колькасці танкаў і самалётаў. Асаблівае эначэнне надавалася Віцебскаму і Бабруйскаму напрамкам.

Раніцай 23 чэрвеня пасля магутнай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі 1-шы Прыбалтыйскі, 3-ці Беларускі, 2-гі Беларускі франты перайшлі ў наступленне на Віцебскім, Аршанскім, Магілёўскім напрамках. 24 чэрвеня пачалі наступленне войскі 1-га Беларускага фронту на Бабруйскім напрамку. Віцебская група нямецкіх войск была да 27 чэрвеня акружана і разбіта. Віцебск вызвалены 26 чэрвеня. 108 жыхароў сустрэлі армію вызваліцеляў. 3 ліпеня 1944 г. быў вызвалены Мінск. На ўсход ад Мінска савецкія войскі акружылі 105-тысячную групоўку немцаў. Завяршыўся першы этап Беларускай аперацыі. У выніку галоўныя сілы арміі “Цэнтр” былі разбіты, утварыліся магчымасці імклівага наступлення на Захад.

На другім этапе аперацыі (з 5 ліпеня па 29 жніўня) былі ажыццёўлены наступленні на Віленскім, Беластоцкім, Любліна-Брэсцкім, Шаўляйскім напрамку. З вызваленнем 28 ліпеня Брэста выгнанне нямецка-фашысцкіх захопнікаў з тэрыторыі Беларусі закончылася. Да 29 жніўня савецкія войскі вызвалілі большую частку Літвы, частку Латвіі, усходніх раёнаў Польшчы і падышлі да граніц Германіі. Стварыліся добрыя ўмовы далейшага наступлення і пераможнага завяршэння ІІ Сусветнай вайны.

Асноўнымі фактарамі, забяспечыўшымі перамогу, з’яўляюцца адзінства савецкага грамадства і патрыятызм савецкага народа.

Вайна насіла ўсенародны характар. Людзі, што насялялі СССР, з’ядналіся перад агульнай для ўсіх бядой, розумам і сэрцам адчулі, што ў гэтым іх адзіны паратунак. Гэта акалічнасць і стала першай і самай важнай перадумовай немінуючага паражэння Германіі.

Былі, канечне, у краіне, у тым ліку і ў Беларусі, людзі пакрыўджаныя, маладушныя, якія знаходзіліся на баку ворага – калабарацыяністы (людзі, якія пайшлі на супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі). На шлях здрадніцтва стала нязначная частка беларускага насельніцтва. Увогуле ж, выявілася рэдкасная еднасць духу. Калі і былі незадаволеныя, то ўсе крыўды былі пакінуты ў баку, таму што вышэй за ўсё для кожнага сумленнага чалавека была абарона свайго дома, сваёй краіны. Не спраўдзіліся надзеі фашысцкіх страцегаў на нацыянальны разлад у СССР. Гістарычны факт: у час вайны наша краіна не ведала нацыянальных спрэчак, усенародная бяда зблізіла ўсіх. Агульную зямлю Радзімы абаранялі прадстаўнікі ўсіх нацый і народнасцей. Бежанцы і эвакуіраваныя знаходзілі прытулак за тысячы кіламетраў.

Рашаючым фактарам перамогі з’явілася арганізатарская дзейнасць КПСС. Яна сапраўды была авангардам у час вайны. Ніколі партыя так поўна не выступала менавіта ў гэтай якасці, як у гады Вялікай Айчыннай вайны. 50 % камуністаў знаходзіліся ў радах узброеных сіл. 3 млн., ці кожны другі, удзельнічалі ў баях. Гітлер загадаў камуністаў у палон не браць, растрэльваць на месцы. “Прывілея” ў камуністаў у час вайны была адна: першымі пакінуць акоп у час наступлення, апошнімі – у адступленні.

Такім чынам, многія краіны прымалі ўдзел у агульнай барацьбе супраць фашысцкага блока, іх намаганні і стойкасць несумненны. Разам з тым аб’ектыўны падыход да гістарычных фактаў 1941-1945 гг. сведчыць аб рашаючай ролі Чырвонай Арміі ў вызваленні народаў Еўропы і Азіі ад фашысцкага рабства, у выратаванні сусветнай цывілізацыі.Чырвоная Армія разбіла галоўныя сілы ваеннай машыны агрэсараў. З 13,6 млн. чалавек, якіх страціла гітлераўская Германія за час Другой сусветнай вайны, 10 млн. знайшлі сабе магілу на ўсходнім фронце. Страты нямецка-фашысцкіх войск на савецка-германскім фронце былі ў 4 разы большыя, чым на заходнееўрапейскім і міжземнаморскім тэатрах ваенных дзеянняў. З гонарам выканаў свой абавязак перад Радзімай і чалавецтвам беларускі народ. Партызанская барацьба, падпольны рух, масавае супраціўленне акупантам мірнага насельніцтва Беларусі, гераічныя дзеянні ўраджэнцаў Беларусі на фронце ператварыліся ў адзін з рашаючых фактараў разгрому фашыстаў.

Пытанні і заданні:1. Ахарактарызуйце стан прамысловасці і сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі. 2. Растлумачце сутнасць паняцця “рэжым санацыі”. 3. Вызначце галоўныя прычыны Другой сусветнай вайны. 4. Адзначце ўклад беларускага народа ў барацьбу супраць фашызму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 5. Назавіце асноўныя формы барацьбы беларускага народа супраць акупантаў. 6. Вызначце фактары, якія забяспечылі Савецкаму народу перамогу над фашысцкай Германіяй.

Глава 2. Беларусь ва ўмовах супрацьстаяння сусветных звышдзяржаў