Тэма 2. Тэндэнцыі кансалідацыі этнічна-нацыянальнай супольнасці насельніцтва Беларусі

 

§1. Тэрытарыяльныя і грамадска-палітычныя фактары

станаўлення і развіцця беларускай народнасці

§2. Паходжанне назвы “Белая Русь”

§1. Беларуская народнасць утварылася паступова на аснове старажытнарускай народнасці з улікам наступных фактараў.

Першая група фактараў утварэння беларускай народнасці – палітычныя. Неабходнасць барацьбы з агрэсіяй нямецкіх феадалаў і татара-манголаў, уваходжанне беларускіх зямель у склад Вялікага княства Літоўскага садзейнічалі стварэнню палітычных умоў для ўмацавання сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі насельніцтва Беларусі, яго кансалідацыі і інтэграцыі з суседнімі народамі. У межах Вялікага княства Літоўскага была ліквідавана сістэма мясцовых княжанняў і створаны інстытут намесніцтваў, арганізавана адзінае дзяржаўнае кіраванне, уведзена адзінае заканадаўства, што сведчыла аб складванні сістэмы палітыка-прававой цэнтралізацыі ў краіне, узмацненні сувязей …
паміж яе рознымі тэрыторыямі.

Утварэнню беларускай народнасці садзейнічаў і шэраг эканамічных фактараў. Эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў з’явілася далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, удасканаленне рамяства, пашырэнне гандлю на тэрыторыі ад Прыпяці да Заходняй Дзвіны і ад Нёмана да Дняпра. Узрастала роля буйных гарадоў Беларусі – Полацка, Брэста (Бярэсця), Магілёва, Гродна (Гародні), Віцебска і іншых – як цэнтраў рэгіянальнага і транзітнага гандлю, сродкаў умацавання тэрытарыяльна-эканамічных сувязяў беларускіх зямель.

Паступова ў Вялікім княстве Літоўскім усталёўвалася адзіная грашовая сістэма, асноўнай манетай станавіўся грашовы знак мясцовай вытворчасці – літоўскі паўгрош, які чаканіўся на манетным двары ў Вільні. Таксама ішоў працэс усталявання гандлёва-вымяральных стандартаў, некаторыя з іх былі ўзаконены ў Статутах ВКЛ. Развіццё таварна-грашовых адносін і ўнутраных гаспадарчых сувязей садзейнічала інтэнсіфікацыі этнічных, эканамічных і сацыяльных кантактаў, этнакультурнай і моўнай інтэграцыі.

З папярэднімі этнаўтваральнымі фактарамі цесна звязаны сацыяльныя фактары. Далейшае развіццё феадальных адносін, паступовае ўсталяванне прыгоннага права садзейнічалі кансалідацыі шматлікіх катэгорый насельніцтва зямель Беларусі ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі для кожнай з іх. Так, розныя катэгорыі свецкіх феадалаў кансалідаваліся ў шляхецкае саслоўе, якому належала вядучая роля ў дзяржаўным кіраванні. Асобным саслоўем з’яўлялася духавенства. Фарміраваліся таксама саслоўі прыгонных сялян і мяшчан – жыхароў гарадоў і мястэчак. Гэты працэс садзейнічаў усталяванню больш шырокіх сувязей у межах кожнага саслоўя і паміж імі. Так, сацыяльныя ўмовы ўплывалі на ўтварэнне беларускай народнасці.

Разам з палітычнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі фактарамі адыгрываў пэўную этнакансалідуючую ролю канфесійны фактар. Прымета веры станавілася своеасаблівай прыметай народа, а барацьба за веру з’яўлялася часткай барацьбы за яго самабытнасць.

Большасць усходнеславянскага насельніцтва прытрымлівалася праваслаўя. Аднак пасля Крэўскай уніі пачалося актыўнае наступленне каталіцкай веры.

Важнай прыметай беларускай народнасці перыяду яе фарміравання было дзяржаўна-тэрытарыяльнае адзінства рассялення ўсходнеславянскага насельніцтва. Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпавядала арэалам яе старажытных продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў.

Этнічная мяжа паміж балцкім і славянскім насельніцтвам, якая ўсталявалася да ХІІІ ст. прыкладна па лініі Мерач – Трабы (каля Ашмян) – воз. Свір (каля Браслава), у наступныя тры стагоддзі амаль не змянілася. Акрамя таго, на фарміраванне этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ўплывалі каланізацыйныя працэсы, якія адбываліся ў розных рэгіёнах Занёмання, Падляшша, Папрыпяцця, Паўночна-Заходняй Беларусі.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі існаваў даволі кампактны арэал рассялення ўсходнеславянскага насельніцтва. Акрамя яго ў склад беларускага этнасу былі ўліты асобныя групы заходнеславянскага (польскага), балцкага (як усходнебалцкага – літва, латыголы, так і заходнебалцкага – прусы, яцвягі, жэмайты) і цюркскага (татары) насельніцтва. Яны жылі побач са славянамі і з’явіліся дадатковым кампанентам утварэння беларускай народнасці. Але іх наяўнасць увогуле не парушала этнічнай тэрыторыі беларусаў.

На этнічнай тэрыторыі беларусаў адбыліся значныя змены ў мове ўсходнеславянскага насельніцтва. На працягу ХІV – ХVІІ стст. на аснове старажытнарускай мовы развіваліся такія спецыфічныя рысы беларускай гаворкі, як цвёрдае “р” (рабіна, бяроза), “дзеканне” і “цеканне” (дзеці замест дети, цень замест тень), “аканне” і “яканне” (кароль, лебяда), прыстаўныя гукі на пачатку слова (восень замест осень, вобраз замест образ). Фарміравалася гутарковая мова як сродак зносін паміж людзьмі. У лексіку гэтай мовы траплялі запазычанні з польскай, балцкай і некаторых заходнееўрапейскіх моў, што надавалі ёй спецыфічную афарбоўку.

загрузка…

Матэрыяльная і духоўная культура новага, усходнеславянскага этнасу базіравалася на шэрагу элементаў, атрыманых у спадчыну найперш са старажытнарускага часу. Другой яе састаўной часткай былі новаўвядзенні, якія закранулі сямейны і абшчынны побыт, навуку і асвету, фальклор, звычаі і абрады, мастацтва. Трэцяй часткай комплексу культуры былі элементы, запазычаныя ў суседніх народаў.

У ХV – ХVІ стст. на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца шэраг новых тыпаў пасяленняў: мястэчка, фальварак, засценак, ваколіца. Змянілася планіроўка некаторых тыпаў пасяленняў, асабліва вёсак. Гэтаму ў значнай ступені спрыяла правядзенне аграрнай рэформы 1557 г., калі было ўведзена падворнае землекарыстанне замест абшчыннага і распаўсюдзіўся пагонны тып двара з уласцівым яму размяшчэннем пабудоў у адзін рад. У Паўночнай і Усходняй Беларусі ўсталяваўся пераважна вяночны тып двара, калі пабудовы размяшчаюцца па яго перыметры.

Асноўнымі прыладамі сельскагаспадарчай працы з’яўляліся літоўская саха, драўляная частаплеценая барада, матыка, серп, цэп і інш. Для захавання ўраджаю і сельскагаспадарчых прадуктаў існавалі клеці, свірны, гумны, ёўні, піўніцы. Побач са старадаўнімі жорнамі меліся ветраныя і вадзяныя млыны, а таксама млыны з коннай або валовай цягай.

На ўсёй тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны саматканыя суконныя спадніцы з клятчастай ці паласатай тканіны, яркія безрукаўкі, світкі, упрыгожаныя кажухі. З’явіліся і новыя віды адзення – андарак, фартух. Менавіта ў гэты час зацвярджаюцца характэрныя для нашай тэрыторыі віды народнага адзення.

У ХV – ХVІ стст. складваецца і своеасаблівая духоўная культура новага этнасу. Былі выпрацаваны асноўныя віды і жанры беларускага фальклору. Паступова быліны, якія расказвалі аб далёкіх часах Кіеўскай Русі, забываліся, але былінная традыцыя не знікла бясследна. Яна аказала ўплыў на чарадзейныя казкі з іх багатым зместам і своеасаблівай формай. Часцей за ўсё казкі распавядалі пра барацьбу фантастычнага героя са злымі страшыдламі, якія ўвасаблялі варожыя народу сілы. Чарадзейныя казкі былі прасякнуты аптымізмам, верай у канчатковую перамогу дабра і справядлівасці.

Нягледзячы на ганенні і забароны царквы, яе імкненне выкараніць рэшткі язычніцтва, вельмі пашырана была абрадавая паэзія, што ўзнікла ў цеснай сувязі з працоўнай дзейнасцю сялян. Асаблівай паэтычнасцю вылучаюцца купальскія песні, у якіх адлюстроўваецца арганічнае адзінства чалавека з адухоўленай ім прыродай. Песні суправаджалі беларуса ад нараджэння (хрэсьбінныя, песні-калыханкі) да смерці (хаўтурныя, песні-плачы), гучалі на розных урачыстасцях (валачобныя, вясельныя), у час працы і адпачынку (жніўныя, жартоўныя).

У той жа час узнік і новы эпічны жанр – гістарычныя песні і паданні. Іх галоўнай тэмай былі вельмі блізкія і хвалюючыя народ падзеі, звязаныя з барацьбой з іншаземнымі захопнікамі. Глыбокім драматызмам напоўнены песні аб татарскім палоне. Існуюць народныя паданні і пра “крыжацкія магілы”, у якіх тлеюць косці нямецкіх псоў-рыцараў. У ХVІ ст. з’явіліся песні, якія распавядалі аб узброеных паўстаннях народа супраць сваіх прыгнятальнікаў. Жыццёвы і гаспадарчы вопыт народа знайшоў сваё ўвасабленне ў шматлікіх прыказках, прымаўках і загадках.

Першымі тэатральнымі відовішчамі былі карагоды, народныя гульні, прадстаўленні скамарохаў. Паступова ў карагодзе, дзе сплятаюцца розныя жанры народнага мастацтва, зараджалася драматычнае дзеянне, якое адлюстроўвала розныя бакі жыцця. Узнікае таксама народны лялечны тэатр – батлейка, дзе разам са свецкімі сюжэтамі, народнымі песнямі і танцамі выкарыстоўваліся і хрысціянскія міфалагічныя тэмы.

У ХVІ ст. з’яўляюцца і распаўсюджваюцца новыя музычныя інструменты – скрыпка, цымбалы, ліра, дудка. Увогуле, у культуры беларускай народнасці існавалі розныя па сваіх крыніцах і межах распаўсюджання культурныя элементы, адны з якіх былі поліэтнічныя і ахоплівалі некалькі этнасаў, другія належалі пераважна беларусам.

Адным са значных кампанентаў народнасці з’яўляецца самасвядомасць. У Вялікім княстве Літоўскім жыхар беларускіх зямель адрозніваў сябе ад іншых народаў (немцаў, палякаў, літоўцаў). Значна пазней беларусы пачалі адрозніваць сябе ад рускіх. Гістарычная супольнасць усходнеславянскага народа, адзіная рэлігія і мова продкаў тармазілі працэс дыферэнцыяцыі рускага і беларускага народаў. Значны час насельніцтва беларускай тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага называла сябе рускімі і сваю мову рускай. Гэта абумовіла тую акалічнасць, што самасвядомасць і саманазва беларусаў фарміравалася пазней за іншыя этнічныя прыметы.

 

§2. Аб паходжанні беларусаў маецца некалькі тэорый, якія заснаваны на навуковым грунце.

“Балцкая тэорыя” тлумачыць, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі да з’яўлення славян жылі балты. Змешванне славян з балтамі і прывяло да з’яўлення беларускага этнасу, спецыфікі яго культуры і мовы.

Згодна з “польскай канцэпцыяй” беларусы не з’яўляюцца прадстаўнікамі ўсходнеславянскіх народаў, а ўяўляюць сабой частку польскага этнасу.

“Велікаруская канцэпцыя” заснавана на ўяўленні, што беларусы – частка велікарускага этнасу, а Беларусь адпаведна – частка велікарускай этнічнай тэрыторыі, як і мова – дыялект велікарускай.

Існуе ў гістарыяграфіі асобна і “крывіцкая канцэпцыя”. Яна заснавана на ўяўленні, што амаль усе асаблівасці, якія адрозніваюць беларусаў ад рускіх і ўкраінцаў, успрыняты беларускім этнасам ад адной з першапачатковых этнічных супольнасцей – крывічоў. Прыхільнікі гэтай канцэпцыі выказваюць думку, што беларусаў лепей называць крывічамі, а Беларусь – Крывіяй.

Шэраг аўтараў лічылі, што продкамі беларусаў былі не толькі крывічы, але і некаторыя іншыя першапачатковыя ўсходнеславянскія этнічныя супольнасці – радзімічы, дрыгавічы.

У 50-я гг. ХІХ ст. К. Токараў тэарэтычна абгрунтаваў новую канцэпцыю пра продкаў беларусаў, рускіх, украінцаў, вытокі іх этнічнай тэрыторыі. Ён лічыў, што крывічы, радзімічы, дрыгавічы і іншыя першапачатковыя ўсходнеславянскія супольнасці змяніліся этнічна яшчэ да фармавання беларускага, рускага і ўкраінскага народаў. На яго думку, першапачатковыя этнічныя супольнасці змяніла агульнаславянская руская этнічная супольнасць, а іх этнічныя тэрыторыі стварылі новую – пад назвай Русь, якая і была непасрэдным папярэднікам Беларусі, Вялікарасіі і Украіны.

Няма ў гістарыяграфіі і адзінай думкі аб часе фармавання беларусаў, узнікнення Беларусі.

К.Тарасаў (1984 г.) лічыць, што беларусы існавалі ўжо ў пачатку ХІІІ ст., а назва Белая Русь у прымяненні да сучаснай тэрыторыі рэспублікі склалася толькі ў мінулым стагоддзі.

На думку В.В.Сядова (1970 г.), беларуская этнічная супольнасць, а тады, выходзіць, і беларуская этнічная тэрыторыя, склаліся ў ХІІІ–ХІV стст.

М.Я.Грынблат мяркуе, што фармаванне беларусаў, Беларусі ажыццяўлялася ў ХІV–ХVІ стст. Няма адзінай думкі і аб прычынах (умовах) фармавання беларусаў.

В.В.Сядоў лічыць, што гэта каланізацыя славянамі тэрыторыі сучаснай Беларусі, на якой да гэтага жылі балты, змешванне славян з балтамі і ўплыў асіміляваных славянскіх балтаў на культуру і мову пасяліўшыхся тут славян. Розныя групы славян, на яго думку, аб’ядналі ў беларускі этнас аднародны балцкі субстрат.

Па Я.Ф.Карскаму такой прычынай з’явіўся палітычны фактар, а менавіта – стварэнне новай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага – і ўключэнне ў яго ўсходнеславянскага насельніцтва, пражываўшага ў басейне Прыпяці, Нёмана, Заходняй Дзвіны і Верхняга Дняпра. Поліэтнічныя сувязі ў межах Вялікага княства Літоўскага і абумовілі фармаванне беларускай мовы і беларускай культуры.

В.І.Пічэта, акрамя гэтага фактару (аб’яднання ў Вялікае княства Літоўскае), называе і развіццё эканамічных сувязей паміж асобнымі вобласцямі, склаўшымі потым Беларусь; неабходнасць сумеснай абароны гэтых вобласцяў ад Тэўтонскага Ордэна, пагражаўшага свабодзе і незалежнасці ўсходнеславянскага насельніцтва Заходняй Русі, народаў Прыбалтыкі і польскага народа. Апошнія дзве прычыны Пічэта лічыць найважнейшымі.

Дзе ж ісціна? Яна — у крытычным аналізе, пошуку археолагаў, антраполагаў, лінгвістаў і іншых навукоўцаў.

Наконт паходжання назвы Белая Русь таксама існуюць розныя версіі. Адны даследчыкі звязваюць яе з кліматычна-геаграфічнымі або этнаграфічнымі асаблівасцямі, другія – з царкоўна-рэлігійнымі, знешнепалітычнымі фактарамі (Белая – значыць вольная Русь, незалежная ад мангола-татарскіх намеснікаў). Звязвалі гэтую назву з прыгажосцю зямлі, мноствам снегу, са светлапігментаваным і светлавокім антрапалагічным тыпам жыхароў, з больш раннім, чым у Чырвонай Русі, прыняццем хрысціянства і іншымі фактарамі.

Падсумоўваючы ўсё гэта, магчыма несумненна адзначыць адно: тэрміны “Русь” і “Белая Русь” маюць генетычную і гістарычную агульнасць. На этапе ХІV – ХVІ стст. назву “Белая Русь” носяць тэрыторыі Паўночна-Усходняй Русі, Наўгародска-Пскоўскай зямлі, уся або ўсходняя частка Беларусі, частка Украіны ў межах Вялікага княства Літоўскага. Прыкладна да сярэдзіны ХVІ ст. асноўным цэнтрам “Белай Русі” ў многіх чужаземных крыніцах называецца Масква.

У некаторых крыніцах ХІV – ХVІ стст. Белая Русь упамінаецца ў дачыненні да тэрыторыі Беларусі. У сярэдзіне ХVІ ст. у працы, прысвечанай Польшчы, Марцін Кромер (сакратар польскай каралеўскай канцылярыі) зазначае, што Белая Русь на поўначы (57° Паўночнай шыраты) мяжуе з Маскоўскай дзяржавай, на поўдні яна мяжуе з Валынню і Чырвонай Руссю.

 

Як бачна, у ХІІІ – першай палове ХVІ ст. працягваўся працэс утварэння беларускай народнасці – асобнай этнічнай супольнасці з агульнай тэрыторыяй, пануючым эканамічным ладам, адзінай мовай, культурай, псіхічным складам, этнічнай самасвядомасцю.

Навукоўцамі распрацавана шмат тэорый аб паходжанні беларусаў і аб назве “Белая Русь”. Кожная з іх мае права на існаванне. Да ісціны можа прывесці толькі крытычны аналіз і навуковы пошук археолагаў, антраполагаў, лінгвістаў, гісторыкаў.

 

Тэма 3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Вялікага княства Літоўскага

 

§1. Феадальнае землеўладанне, стан сельскай гаспадаркі

§2. Развіццё рамяства і гандлю, таварна-грашовых адносін

§1. У ХІІІ – першай палове ХVІ ст. на тэрыторыі Беларусі працягваецца фарміраванне феадальных адносін. Пераразмяркоўваецца галоўны сродак вытворчасці – зямля. Змяняюцца формы землеўладання і землекарыстання. Сельскагаспадарчая праца трывала становіцца асновай эканамічнага жыцця, ёю займаецца большасць насельніцтва. Галоўнымі заняткамі людзей былі земляробства, жывёлагадоўля, рамяство, а дапаможнымі – бортніцтва, паляванне, рыбалоўства.

Важнейшыя прылады працы, якія заставаліся нязменнымі на працягу вякоў, − драўляная саха і плуг − аснашчаліся жалезнымі рабочымі часткамі, што павялічвала іх прадукцыйнасць. Удасканальвалася і агратэхніка: двухполле змянялася трохполлем, якое стала пераважаць у ХІV ст.

Асноўнай сельскагаспадарчай культурай з’яўлялася жыта, якім засявалася да паловы і больш ворыва. Шырокае распаўсюджанне атрымалі авёс, ячмень, проса, сеялі грэчку, лён, каноплі. Сяляне мелі і прысядзібныя агароды, на якіх вырошчвалі рэпу, агуркі, бабы, гарох, зеляніну.

Узрастала значэнне свойскай жывёлы. У якасці цяглавай сілы на захадзе Беларусі выкарыстоўвалі валоў, на ўсходзе – коней.

Разводзілі таксама дробную жывёлу – свіней, авечак, коз, і птушку — гусей, курэй. Жывёлагадоўля давала не толькі мяса і малочныя прадукты, якія ўжываліся ў ежу, але і ўгнаенне, якое павялічвала ўраджайнасць.

Узрастае роля рамяства, і ўсё ж сялянская гаспадарка ў пераважнай большасці мае натуральны характар: усё неабходнае для жыцця – прылады працы, жыллё, посуд, тканіны, адзенне і абутак – выраблялася ў сям’і.

Сялянскі двор меў назву “дым”. За карыстанне зямельным надзелам дым абавязаны быў выконваць пэўныя павіннасці на карысць уладальніка маёнтка. Надзелы дымаў складаліся стыхійна на працягу доўгага часу, іх велічыня залежала ад колькасці рабочых рук і цяглавай жывёлы.

З самых старажытных часоў значную ролю ў сялянскім жыцці адыгрывала абшчына (грамада). Яна арганізоўвала сялянскае землекарыстанне і выплату феадальнай рэнты.

Кіравалі абшчынай старцы (старасты), дзесяцкія, соцкія, якія выбіраліся самой грамадой на сельскім сходзе. Абшчына захоўвала шмат прымет адноснай самастойнасці. Адна з іх – права раскладу павіннасцей паміж дворышчамі ці дымамі. Адказнасць абшчыны забяспечвалася кругавой парукай.

У абшчынным карыстанні былі выганы, лугі, сенажаці, прыстасаванні для лоўлі рыбы, лясныя ўваходы. Абшчына не толькі забяспечвала выкананне феадальных павіннасцей, але і ў пэўным сэнсе абараняла сялян ад свавольства феадалаў, арганізоўвала іх жыццё, вырашала спрэчныя пытанні “копным” (абшчынным) судом. Абшчына, можна сказаць, як бы засталася ў спадчыну ад больш старажытных часоў першабытна-абшчыннага ладу. Паступова феадалы прысвойвалі права распараджэння абшчыннымі землямі, а потым і ўсімі землямі сялян, узурпіравалі іншыя функцыі абшчыны, змаглі прыстасаваць функцыі абшчыны да сваіх патрэб.

За карыстанне зямельнымі надзеламі сялян абавязвалі выконваць шматлікія павіннасці, характар і доля якіх змяняліся па меры развіцця феадальных адносін. Найстаражытнейшай формай феадальнай рэнты (падаткаабкладання за карыстанне зямлёй), якая ўзнікла яшчэ ў часы разлажэння першабытнаабшчынных адносін і фарміравання першых дзяржаўных утварэнняў – княстваў, была “даніна” (натуральны аброк).

Па меры развіцця феадальных адносін у ХV−ХVІ стст. асноўнай формай феадальнай рэнты становіцца паншчына (адпрацовачная рэнта). Для больш эфектыўнага выканання гэтай павіннасці з сярэдзіны ХV ст. у Вялікім княстве Літоўскім уводзяцца абмежаванні на права пераходу сялян ад аднаго землеўладальніка да другога, а ў ХVІ ст. сяляне запрыгоньваюцца.

Акрамя натуральнага аброку і адпрацовак за карыстанне зямлёй у ХV ст. уводзіцца грашовы аброк – чынш. Гэта сведчыла аб паступовым развіцці таварна-грашовых адносін, уцягванні ў іх дзяржаўных і феадальных маёнткаў. У залежнасці ад суадносін павіннасцей і ролі ў маёнткавай гаспадарцы сяляне падзяляліся на цяглых, асадных, агароднікаў і слуг.

Людзі цяглыя асноўную павіннасць – паншчыну – выконвалі на зямлі феадала. Цяглыя сяляне павінны былі прымаць удзел і ў сезонных работах – талоках, гвалтах – так зваліся сумесныя работы па зборы ўраджаю, на сенажаці, будаўніцтве дарог, замкаў і інш. Яны таксама плацілі натуральны аброк аўсом, сенам, свойскай птушкай і яйкамі, невялікі чынш, неслі фурманковую (перавоз грузаў) і ахоўную (ахоўвалі маёмасць гаспадара) павіннасці.

Асаднае сялянства паншчыны не выконвала, яго асноўнай павіннасцю быў чынш да 30 коп літоўскіх грошай. Асаднікі таксама адпрацоўвалі на працягу года да 12 талок і гвалтаў.

Агароднікамі станавіліся збяднелыя сяляне, ці былая “чэлядзь нявольная” (асабіста залежная катэгорыя), ад якіх гаспадар імкнуўся атрымаць большы даход і саджаў на невялікі кавалак зямлі, звычайна ў тры моргі (морг – зямельная мера, прыкладна 0,71 га). Агароднікі павінны былі выконваць паншчыну – адзін дзень у тыдзень, а іх жонкі – шэсць дзён летам.

Сяляне-слугі былі прывілеяванай часткай залежнага сельскага насельніцтва. Да іх адносіліся воіны, конюхі, лоўчыя, рыбакі, рамеснікі, млынары. Ваенна-дваровыя слугі па сваім становішчы прымыкалі да шляхты, а часам і пераходзілі ў гэтае саслоўе. Аднак шэраг заканадаўчых актаў ХVІ ст. рэзка адмежаваў сялян-слуг ад шляхты.

Акрамя абавязкаў у адносінах да свайго гаспадара сяляне павінны былі таксама працаваць на карысць дзяржавы: будаваць і рамантаваць замкі, дарогі, масты (“бярэмя павазовае”, “падарожчына”, “згоны”), удзельнічаць у зборах грошай на ваенныя патрэбы і г.д. Трэба заўважыць, што такія абавязкі не былі пастаяннымі і рэгламентаванымі.

Сялянская гаспадарка не заўсёды вытрымлівала шматлікія падаткі і адпрацоўкі. З’яўляліся збяднелыя, дэкласіраваныя элементы, якіх называлі кутнікамі, халупнікамі, каморнікамі, людзьмі лёзнымі, гультаямі. Халупнікі мелі хату – халупу, аднак не мелі ворыўнай зямлі, нярэдка і агарода. Кутнікі і каморнікі жылі ў чужых хатах (здымалі кут ці камору). Ва ўсходніх раёнах яны зваліся бабылямі. Усе гэтыя людзі жылі працай па найме ў сёлах і гарадах.

Па ступені феадальнай залежнасці сяляне на працягу доўгага часу падзяляліся на чэлядзь нявольную, непахожых і пахожых людзей.

Пахожыя сяляне – прыватнаўласніцкія. Яны складалі пераважную масу сялян, не перадаваліся ў спадчыну, маглі пераходзіць ад аднаго феадала да другога, праўда, толькі ўвосень, пасля заканчэння палявых работ са згоды гаспадара і пасля таго, як будуць выкананы ўсе павіннасці. Звычайна пераход суправаджаўся і грашовай кампенсацыяй.

Разнавіднасцю пахожых людзей былі закупы і радовічы. Гэтыя людзі страчвалі асабістую волю, калі не выконвалі дагавор ці не выплачвалі пазыку. Яны пераходзілі ў катэгорыю непахожых. Непахожымі станавіліся таксама тыя сяляне, якія дзесяць гадоў пражылі на зямлі ўладальніка маёнтка.

Непахожыя сяляне жылі на адным месцы і выконвалі павіннасці па спадчыне, гэта поўнасцю запрыгоненыя людзі, згубіўшыя права пераходу ад аднаго феадала да другога. У пачатку ХVІ ст. іх сталі называць атчызнымі людзьмі.

Чэлядзь нявольная, нешматлікая частка залежнага насельніцтва, знаходзілася ў поўнай уласнасці феадалаў, працавала ў іх маёнтках, часцей не мела зямельных надзелаў і абслугоўвала дваровую гаспадарку. Феадал мог прадаць ці закласці сваю чэлядзь.

Кіруючую ролю ў грамадстве таго часу ажыццяўлялі землеўласнікі – феадалы.

Вярхоўным уласнікам зямель Вялікага княства Літоўскага лічыўся вялікі князь як кіраўнік дзяржавы. Землі падзяляліся на дзяржаўныя і прыватнаўласніцкія.

У канцы ХVІ ст. дзяржаўныя землі значна павялічыліся за кошт ліквідацыі буйных удзельных княстваў і ўвядзення намесніцтваў. Аднак у ХV−ХVІ стст. вялікія князі раздалі шмат валасных зямель феадалам за службу, а таксама царкве. Калі ў канцы ХІV ст. на дзяржаўных землях жыла большая частка насельніцтва, то ў першай чвэрці ХVІ ст. − толькі 1/3.

Дзяржаўныя землі пераважалі на ўсходзе Вялікага княства, таму што феадалы не вельмі імкнуліся атрымаць там уладанні, што тлумачылася частымі войнамі з Расіяй. У гэты ж час на захадзе Беларусі пераважала прыватнае землеўладанне, якое спрыяла павелічэнню прыбыткаў. Феадалы мелі зямлю ў спадчыннай уласнасці ці атрымлівалі яе на час службы. У ХV−ХVІ стст. адбываўся рост феадальнага землеўладання. Вялікі князь і свецкія феадалы дарылі землі і царкве.

Дробныя землеўладальнікі неслі ваенную службу ў вялікага князя ці буйных феадалаў. Яны з цягам часу сталі звацца шляхтай, а буйнейшыя спадчынныя ўладальнікі маёнткаў у ХV ст. − панамі.

Буйныя феадалы ў 1528 г. складалі 19 % ад агульнай колькасці землеўладальнікаў, валодалі 46,4 % зямельных угоддзяў; дробныя феадалы валодалі не больш чым 18 валокамі зямлі, складалі ў Беларусі 81 %, мелі 53,6 % зямельнага фонду.

Правы і прывілеі феадалаў паступова заканадаўча афармляліся. У канцы ХVІ ст. паны і шляхта былі пароўнены ў правах, а ўсё феадальнае саслоўе стала называцца шляхтай. Асноўным яе абавязкам была ваенная ці дзяржаўная служба, і ў той жа час ёй забаранялася займацца рамяством і гандлем. Былі пастаўлены надзейныя заслоны для пранікнення ў шляхецкае саслоўе простых людзей. З цягам часу некаторая частка шляхты бяднела і нават страчвала свае землі, але фармальна працягвала належаць да вышэйшага саслоўя.

З вышэй сказанага бачна, што ў ХІІІ – першай палове ХVІ ст. зямля была асноўным сродкам вытворчасці і багаццем грамадства, валоданне і распараджэнне ёю вызначала статус чалавека ў ім.

Удасканаленне прылад працы і агратэхнікі дазволіла пашырыць ворыўныя землі і атрымаць такую колькасць прыбавачнага прадукту, якая б забяспечвала існаванне вышэйшага класа, апарату дзяржаўнага кіравання і прымусу, войска, царквы, давала магчымасць развівацца ўсім галінам культуры.

Асноўнымі вытворцамі грамадскага багацця былі сяляне, якія складалі абсалютную большасць насельніцтва. Сяляне выконвалі шматлікія павіннасці на карысць шляхты, царквы і дзяржавы.

У ХV ст. спачатку спарадычна, а потым масава набываюць значэнне двары з панскай ворнай зямлёй − фальваркі. Фальварак − гэта комплекс гаспадарчых і жылых пабудоў, вакол якіх размяшчаліся ворныя землі, агароды, сенажаці і лясы. Тут жа былі майстэрні, кузні, лесапілкі і г.д.

У сярэдзіне ХVІ ст., каб павысіць даходы дзяржаўных зямель, вялікі князь Жыгімонт (Сігізмунд) ІІ Аўгуст ажыццяўляе рэформу, якая атрымала назву “валочная памера”. Павялічыць даходы казны ад дзяржаўных маёнткаў меркавалася шляхам дакладнага ўліку сялянскіх зямель і абкладання сялян павіннасцямі прапарцыянальна колькасці занятай зямлі.

Сялянская сям’я ў залежнасці ад колькасці ворыва ў той ці іншай мясцовасці, сваіх магчымасцей у яго апрацоўцы (колькасць рабочых рук, цяглавая жывёла, прылады працы) атрымлівала валоку (21,3 га) ці яе частку, з якой выконвала дакладна ўстаноўленыя павіннасці. Надзел прызначаўся ў трох палях, што забяспечвала прымусовы трохпольны севазварот, які спрыяў росту ўраджайнасці. Такім чынам, рэформа ўдасканальвала не толькі арганізацыю феадальнай вытворчасці, але і спрыяла распаўсюджванню перадавой агракультуры.

Фальварачна-паншчынная сістэма да канца ХVІ ст. зацвердзілася і ў царкоўных землеўладаннях. Царква таксама стварала фальваркі і пераводзіла сялян на паншчыну і чынш. Гэта павялічвала яе даходы ў 3−7 разоў.

Правядзенне аграрнай рэформы і ўпарадкаванне павіннасцей суправаджалася аслабленнем ролі і нават разбурэннем сялянскай абшчыны, замацаваннем сялян за зямлёй, ператварэннем розных іх катэгорый у адзін клас-саслоўе – прыгоннае сялянства.

Адным з першых дакументаў, які сведчыў аб пачатку запрыгоньвання сялян у Вялікім княстве Літоўскім, быў “Прывілей” 1447 г., які пацвярджаў прывілеі, выдадзеныя шляхце раней. Ён, у прыватнасці, пацвердзіў даўняе права феадалаў на вотчынны суд, што ставіла сялян у значную залежнасць ад іх рашэнняў і інтарэсаў.

Статут Вялікага княства Літоўскага (1529 г.) адмаўляў сялянам у праве ўласнасці на зямлю. Яны страчвалі права ёю распараджацца без згоды феадала. “Уставай на валокі” (1557 г.) сяляне фактычна замацоўваліся за зямельнымі надзеламі.

Такім чынам, можна адзначыць, што на этапе ХІІІ – першай паловы ХVІ ст. у Вялікім княстве Літоўскім сфарміравалася і юрыдычна аформілася прыгоннае права. Селянін адчужаўся ад сваёй спрадвечнай маёмасці, быў пазбаўлены права ёю свабодна распараджацца. Без дазволу пана яму забаранялася ісці ў наймы, сяляне, асноўныя вытворцы грамадскага багацця, апынуліся на самай ніжэйшай ступені феадальнага грамадства. Адначасова Статут Вялікага княства Літоўскага ў новай рэдакцыі 1588 г. пашырыў правы шляхты, незалежна ад паходжання і веравызнання, адмежаваў яе ад астатняга грамадства як вышэйшае саслоўе.

 

§2. У ХІІІ – першай палове ХVІІ ст. у Вялікім княстве Літоўскім, як і ў цэлым у Еўропе, адбываецца бурнае развіццё рамеснай вытворчасці. Гэтаму спрыяе рост прадукцыйнасці сельскагаспадарчай працы і прыбавачнага прадукту. Феадалы, а таксама заможныя сяляне, імкнуліся купляць вырабленыя на высокім узроўні спецыялістамі-рамеснікамі прылады працы, прадметы быту.

На Беларусі былі шырока распаўсюджаны розныя віды рамёстваў. Найбольш значнай была апрацоўка металаў, у якой развілася шырокая спецыялізацыя. Да сярэдзіны ХVІІ ст. у металаапрацоўцы выдзелілася не менш за 25 прафесій, у тым ліку кавалі, слесары, кацельшчыкі, меднікі, лудзільшчыкі, жасцяншчыкі і інш. Яны выраблялі шырокі асартымент прылад працы і гаспадарчых прадметаў, сярод якіх былі сашнікі, сярпы, матыкі, косы, абады для колаў, падковы, сякеры, нажы, зубілы, малаткі, долаты, нажніцы, іголкі, рыбалоўныя кручкі, замкі, клямкі, завесы і г.д. Асобай прафесіяй быў выраб зброі.

Развівалася ювелірная справа. Ювеліры працавалі перш за ўсё на феадалаў і царкву, рабілі з золата і серабра ўпрыгажэнні, пераплёты царкоўных кніг.

Шырока была распаўсюджана і апрацоўка дрэва, з якога вырабляліся асноўныя часткі плугоў, сох, лапаты, вёслы, граблі, а таксама посуд і іншы інвентар. У дрэваапрацоўчай вытворчасці мелася да 27 прафесій. Для тагачасных людзей вырабы з дрэва мелі яшчэ большае значэнне, чым вырабы з металаў. З дрэва будавалі жыллё, гаспадарчыя памяшканні, павозкі, караблі. Дрэваматэрыялы і вырабы з дрэва экспартаваліся ў іншыя краіны.

Набылі вядомасць беларускія ганчары. Яны не толькі захоўвалі мясцовыя традыцыі, але і выкарыстоўвалі дасягненні заходнееўрапейскіх майстроў.

Развіваліся апрацоўка скур і рамёствы, звязаныя з ёю: гарбарнае, рымарнае, шавецкае, кушнерскае. У цэлым у гарбарнай вытворчасці да сярэдзіны ХVІІ ст. было каля 25 прафесій. Скура і замша карысталіся попытам не толькі на ўнутраным, але і на знешнім рынку, вывозіліся ў Польшчу і Заходнюю Еўропу.

Шырока была распаўсюджана ткацкая справа. Ткацтвам з воўны, ільну займаліся не толькі рамеснікі, але і сяляне, і гараджане для сваіх патрэб. З мясцовых і прывазных тканін краўцы шылі вопратку і адзенне. Шаўцы пад канец ХV ст. пачалі вырабляць абутак з цвёрдай падэшвай і абцасам. Вядомымі былі і іншыя рамесныя спецыяльнасці: півавары, мяснікі, муляры, скрыннікі, рэзнікі і інш.

Развіццё рамёстваў суправаджалася пашырэннем гандлю паміж горадам і вёскай, асобнымі землямі, з іншымі краінамі. Гарадскія купцы скуплялі ў навакольных вёсках прадукцыю земляробства, промыслаў і прадавалі яе на гарадскіх рынках. З часам яны наладжвалі пастаянны гандаль на скам’ях, у крамах. Ва ўсіх гарадах і мястэчках 1-2 разы ў тыдзень наладжваліся таргі, а ў буйных гарадах яшчэ і кірмашы (1-3 разы ў год), на якія прыбывалі не толькі мясцовыя, але і замежныя купцы. Вярхоўная ўлада давала гарадам гандлёвыя прывілеі.

У ХV−ХVІ стст. купцы пачалі ствараць свае аб’яднанні – брацтвы ці гільдыі. Купецкія супольнасці імкнуліся да манаполіі ў межах свайго горада і яго перыферыі. Члены купецкіх таварыстваў прыносілі прысягу на вернасць гораду і свайму цэху, карысталіся пэўнымі прывілеямі, мелі на ўтрыманні адзін ці некалькі культавых будынкаў.

У ХVІ ст. устанаўліваюцца рэгулярныя гандлёвыя сувязі гарадоў не толькі з вёскамі і мястэчкамі, але і паміж сабой. Гандлёвая дзейнасць садзейнічала будаўніцтву дарог-гасцінцаў, якімі, у прыватнасці, былі звязаны Полацк, Смаленск і Віцебск. Праз усю Беларусь з усходу на захад праходзіў гасцінец з Оршы праз Мінск, Слонім, Брэст. Ажыўленымі былі дарогі, якія звязвалі Пінск з Мазыром, Кобрынам, Клецкам, Слуцкам, Брэстам. Такім чынам, не толькі прыродныя шляхі – рэкі, але і пабудаваныя – гасцінцы, спрыялі развіццю гандлю і ў цэлым таварна-грашовых адносін.

Асноўнымі экспартнымі прадуктамі былі збожжа, сала, воск, лес, скуры, футры, смала, дзёгаць, лён, хмель, попел (для выпрацоўкі скур), пянька, а таксама арыгінальныя рамесныя вырабы. Гандлем збожжам, лесам часта займаліся самі феадалы, актыўна ўводзячы фальваркавую сістэму і атрымліваючы ў вялікага князя вызваленне ад пошліны.

З Заходняй Еўропы ў Беларусь увозіліся жалеза, медзь, волава, свінец, а таксама вырабы з металу. Вялікім попытам не толькі ў Вялікім княстве Літоўскім, але і ў Расіі, куды беларускія купцы вазілі тавары, карысталіся фламандскае, нямецкае, англійскае сукно, галандскае і вестфальскае палатно, прыправы і вострыя прыправы з Усходу, а таксама заморскае віно. Увозілася ў Беларусь соль. Зразумела, што замежныя тавары каштавалі вельмі дорага і карыстацца імі маглі толькі багатыя феадалы ці гарадская вярхушка.

Праз буйнейшы гандлёвы цэнтр Еўропы Полацк ішоў гандаль з Рыгай, расійскімі гарадамі Ноўгарадам, Псковам, Масквой. Брэст гандляваў з Варшавай, Торунем, Гданьскам, Познанню, Айсбургам, Люблінам, Кракавам, Львовам. Гродзенскія купцы падтрымлівалі пастаянныя сувязі з Польшчай. Асаблівае гандлёвае значэнне стаў набываць у ХV ст. Мінск, які знаходзіўся на скрыжаванні беларускіх зямель.

Аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, узрастанне ролі гандлю выклікалі развіццё грашовага абарачэння, якое ўсё больш выцясняла натуральны абмен.

З цэнтралізацыяй вялікакняжацкай улады і развіццём гандлю ў канцы ХІV−ХV ст. у Вялікім княстве Літоўскім на тэрыторыі Беларусі як яго асновы ўсталёўваецца адзіная агульнадзяржаўная грашова-вагавая сістэма. Найбольшы ўклад у яе фарміраванне ўносіць менавіта полацка-віцебская сістэма.

З эканамічным узмацненем дзяржавы, калі яна пачала гарантаваць кошт сваіх грошай, уводзіцца лічбавая грашовая сістэма: не па вазе манеты, а па намінале, нярэдка па прымусовым курсе (калі каштоўнасць самой манеты не адпавядала яе наміналу). Гэта адбываецца прыкладна з пачатку ХVІ ст. Адначасова на Беларусі, як і ў цэлым у Вялікім княстве Літоўскім, мелі хаджэнне замежныя манеты.

Такім чынам, грашовае абарачэнне на тэрыторыі Беларусі ў разглядаемы час прайшло два перыяды: 1) рэгіянальных грашова-вагавых сістэм; 2) агульнадзяржаўнай грашовай сістэмы, якая спрыяла далейшаму развіццю таварна-грашовых адносін.

Паступова фарміруецца і крэдытная сістэма, калі купец атрымлівае пазыку ў больш багатага кампаньёна ці феадала для правядзення той або іншай гандлёвай аперацыі. Крэдыторамі станавіліся таксама ліхвяры, якія давалі пазыкі пад заклад і вельмі вялікі працэнт – 20-25 %. Ліхвярствам займаліся разбагацеўшыя гараджане, а таксама буйныя феадалы і манастыры.

Гарады Беларусі ў гэты час станавіліся месцамі фарміравання новых эканамічных адносін, цэнтрамі культуры.

У ХVІ ст. на тэрыторыі Беларусі было больш за 40 гарадоў. У сярэдзіне ХV ст. з пералічаных у прывілеі 15 найбольш буйных гарадоў Вялікага княства Літоўскага 7 знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі: Полацк, Віцебск, Слуцк, Мінск, Брэст, Гродна, Новагародак. Сюды трэба дадаць і Вільню як цэнтр фарміравання беларускай культуры і народнасці.

Асноўнае насельніцтва гарадоў складалі беларусы – 80 %. У іх таксама пражывалі літоўцы, палякі, немцы. У ХІV−ХV стст. на Беларусі пасяляюцца яўрэі і татары. Нягледзячы на тое, што гарады і мястэчкі былі цэнтрамі рамяства і гандлю, да паловы іх жыхароў займалася сельскай гаспадаркай ці промысламі (рыбнай лоўляй, паляваннем, бортніцтвам, пушным промыслам).

Імкнучыся пазбавіцца ад феадальнай залежнасці, жыхары гарадоў змагаліся за магдэбургскае права – права на самакіраванне, якое атрымала назву ад нямецкага горада Магдэбурга – першага ў ХІІІ ст. горада, які набыў яго. Яно адпавядала старажытным традыцыям самакіравання, якія існавалі, напрыклад, у Полацку, Віцебску і іншых старажытных гарадах. Адбывалася як бы развіццё і спалучэнне даўніх традыцый самакіравання з нормамі магдэбургскага права.

Першым на тэрыторыі Беларусі магдэбургскае права атрымаў Брэст у 1390 г., потым Гродна – у 1391, Слуцк – у 1441, Полацк – у 1498, Мінск – у 1499, Віцебск – у 1597 г. і г.д. – усяго больш за 40 гарадоў і мястэчкаў. Да другой паловы ХVІ ст. магдэбургскае права атрымалі амаль што ўсе больш ці менш значныя гарады Беларусі, таму што Вялікае княства Літоўскае пастаянна падвяргалася нападам з усіх бакоў і дзяржава была зацікаўлена ў ператварэнні гарадоў у фарпосты сваёй абароны. Атрымліваючы магдэбургскае права, гараджане ў выпадку вайны выходзілі абараняць не толькі дзяржаву, але і сваю “гарадскую незалежнасць”, свае вольнасці.

Па магдэбургскім праве замест шматлікіх натуральных павіннасцей гараджане плацілі адзіны грашовы падатак. Яны вызваляліся ад суда і ўлады вялікакняжацкіх (каралеўскіх) чыноўнікаў або феадалаў. Гэта ў значнай меры агароджвала ад дэспатызму маёмасць і эканамічную дзейнасць гараджан.

Бачна, што ў нетрах феадальнага грамадства фарміруюцца пачаткі новых формаў грамадскіх адносін – таварна-грашовыя адносіны, паступова зараджаюцца элементы рынку. Перадумовамі новых працэсаў стала аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, гандлю ад рамяства. Цэнтрамі рамяства і гандлю сталі гарады і мястэчкі. Гарады сталі таксама і цэнтрамі культуры, якія аб’ядноўвалі беларускі народ, спрыялі росту яго самасвядомасці, былі цэнтрамі свабодамыслення, дэмакратычных традыцый.

 

Такім чынам, па меры развіцця феадальных адносін у Вялікім княстве Літоўскім наглядаецца пераразмеркаванне галоўнага сродку вытворчасці – зямлі. Асноўнымі відамі феадальнага землеўладання былі: дзяржаўнае (гаспадарскае), прыватнаўласніцкае (княжацкае), баярскае (шляхецкае) і царкоўнае. Калектыўным карыстальнікам зямлі з’яўлялася сялянства, згуртаванае ў абшчыну. Ад ХІІІ да першай паловы ХVІ ст. у Вялікім княстве Літоўскім сфарміравалася і юрыдычна аформілася прыгоннае права.

Як на дзяржаўных, так і на прыватнаўласніцкіх землях узнікаюць і растуць гарады і мястэчкі (паселішчы гарадскога тыпу). Гарады з’яўляюцца цэнтрамі культурнага жыцця, рамёстваў і гандлю. З канца ХІV ст. гарадам сталі даваць права на самакіраванне, т.зв. Магдэбургскае права.

З часу стварэння Вялікага княства Літоўскага ў дзяржаве адбываецца бурнае развіццё рамеснай вытворчасці, дзе значнае месца займае апрацоўка металаў, ювелірная справа, апрацоўка дрэва. Буйным гандлёвым цэнтрам з’яўляўся ў гэты час Полацк.

 

Пытанні і заданні:1. Калі і якім чынам адбылося ўтварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага вакол Новагародка (Навагрудка)? Чаму менавіта ён стаў першым цэнтрам Вялікага княства Літоўскага? 2. Назавіце прычыны заключэння Крэўскай уніі. Ці заставалася месца ў гэтым саюзе для фактычнай самастойнасці Вялікага княства Літоўскага? 3. Якія органы кіравання склаліся ў Вялікім княстве Літоўскім? 4. Да якой формы дзяржаўнасці можна аднесці Вялікае княства Літоўскае? 5. Якія гістарычныя землі складалі аснову Вялікага княства Літоўскага? 6. Пакажыце на прыкладах, што старабеларуская мова тут з’яўлялася дзяржаўнай мовай. 7. Дайце поўнае азначэнне народнасці, назавіце ўсе фактары ўтварэння беларускай народнасці і існуючыя тэорыі аб паходжанні беларусаў. 8. Вызначце групы сялян па ступені феадальнай залежнасці. 9. Успомніце прыметы паншчыннай гаспадаркі. Якая неабходная ўмова яе існавання была створана ў выніку валочнай памеры? 10. Назавіце істотныя адрозніванні лічбава-грашовай сістэмы ад грашова-вагавай. 11. Што такое магдэбурскае права, калі яго атрымалі гарады Беларусі і якія былі яго асаблівасці?

 

Глава 4. Час крызісаў і Адраджэння: кансалідацыя беларускай народнасці. Рэлігія, духоўнае жыццё, культура Беларусі

Тэма 1. Рэфармацыя ў Заходняй Еўропе і Беларусі

 

§1. Гістарычныя падыходы да паняццяў гуманізм і адраджэнне

§2. Рэлігійныя і сацыяльныя плыні рэфармацыйнага руху

§1. Феадальны лад паступова прыходзіў у заняпад. Новы клас – буржуазія, – які толькі нараджаўся, быў зацікаўлены ў развіцці навукі і тэхнікі. Краіны Еўропы перажывалі пад’ём культуры, хутка развівалася навука і мастацтва. Адбыўся бурны рост гарадоў. У іх ствараюцца мануфактуры, развіваецца рамяство, гандаль. Расце патрэбнасць гарадоў у адукаваных людзях: бухгалтарах, юрыстах, інжынерах і тэхніках, настаўніках і лекарах. Адказ ад радасцей у зямным жыцці, каб атрымаць іх ў замагільным (аб каторым так часта нагадвала рэлігія), змяніўся жывой цікавасцю да Сусвету. Уважліва вывучаючы прыроду, навукоўцы праводзілі назіранні, ставілі вопыты. У Еўропе з’явіліся першыя батанічныя і заалагічныя сады, музеі, калекцыі мінералаў, пісьменнікі ўсхвалялі прыроду, захапляліся яе цудоўнай прыгажосцю. Жыццё падвяргала сумненню вучэнне царквы аб тым, што чалавек нікчэмны і бяссільны (што ўсясільны толькі Бог).

Адраджалася вера ў сілу і здольнасці чалавека. Дзеячаў новай культуры ўсё больш цікавіў чалавек. Таму іх называлі гуманістамі (ад лацінскага слова “гуманус” – чалавечны). Гуманісты звяртаюцца да вопыту старажытнай культуры Грэцыі і Рыма. Час, калі ўзнікала новая культура (з улікам усіх ранейшых напрацовак), быў названы Адраджэннем. Адраджэнне (або Рэнесанс) было велізарным пераваротам у культуры і навуцы. Самымі знакамітымі дзеячамі сусветнай культуры гэтага часу былі мастакі і скульптары Леанарда да Вінчы (1452–1519), Мікеланджэла (1475–1564), Рафаэль (1483–1520); пісьменнікі Томас Мор (1478–1535), Франсуа Рабле (1494–1533), Вільям Шэкспір (1564–1616); вучоныя Мікалай Капернік (1473–1543), Джардана Бруна (1548–1600), Галілео Галілей (1564–1642).

Адраджэнне, Рэнесанс (фр. Renaissance), у канкрэтна гістарычным значэнні – эпоха ў развіцці духоўнай культуры Еўропы ў пераходны перыяд ад сярэдневякоўя да новага часу (ХІV ст. – першая палова ХVІІ ст.), якая характарызавалася ўздымам свецкай навукі і мастацтва, станаўленнем нацыянальнай мовы, літаратуры і нацыянальнай свядомасці, гуманістычным светапоглядам.

У больш шырокім значэнні Адраджэнне ёсць заканамернасць у гістарычным развіцці народаў і пэўных рэгіёнаў, якая выяўляецца ў паскораным руху эканамічнага, сацыяльна-палітычнага і культурнага працэсаў да больш высокіх форм грамадскага быцця і нацыянальнай самасвядомасці пасля працяглых перыядаў застою або ўпадку.

Класічная форма Адраджэння характэрна для народаў Заходняй Еўропы. Тут гістарычныя працэсы характарызуюцца плаўнасцю і бесперапыннасцю ў прагрэсіўным развіцці. Заходнееўрапейскую класічную форму ў метадалагічным плане можна абазначыць як гуманістычную. Ёсць нацыянальныя формы Адраджэння. Яны характарызуюцца перапыннасцю і катастрафічнасцю (Усходняя Еўропа, азіяцкі рэгіён).

У Беларусі ў развіцці рэфармацыі навукоўцы адзначаюць тры этапы. Першы этап, самы спрыяльны для дзейнасці рэфарматараў з-за крызісных з’яў у каталіцкай і праваслаўных цэрквах, бярэ пачатак з узнікнення тут пратэстанцкіх збораў (1553 г.) да з’яўлення езуітаў (1569 г.). Другі этап 1570-1596 гг.: у гэты час контррэфармацыя яшчэ слабая, не здольная аказваць уплыў на пратэстантызм нават пры падтрымцы свецкай улады. Трэці этап бярэ пачатак ад Берасцейскай царкоўнай уніі (1596 г.) і завяршаецца сярэдзінай ХVII ст. У гэты перыяд на рэфармацыю ўжо вядзецца актыўнае наступленне, даволі хутка набірае моц уніяцкая царква і рэакцыйныя працэсы.

На Беларусі контррэфармацыя звязана з адкрыццём езуіцкім ордэнам навучальных устаноў. Езуітам спатрэбілася некалькі дзесяцігоддзяў, каб цалкам манапалізаваць асветніцкую справу, якая з аднаго боку дазволіла падняць адукаванасць беларускага насельніцтва, з другога – абвастрыць рэлігійнае пытанне. Езуіты сталі ініцыятарамі масавых пагромаў пратэстанцкіх абшчын. Навуковая думка пад уплывам езуітаў пераважна зводзілася да сярэднявечнай схаластыкі і тэалогіі.

У Вялікім княстве Літоўскім, з прычыны геапалітычнага становішча, змяненні ў культуры еўрапейскіх краін (як усходніх, так і заходніх) мелі ідэалагічны, філасофскі і рэлігійна-царкоўны адбітак. У ХV–ХVІ ст. тут таксама складваюцца эканамічныя, сацыяльна-палітычныя і ідэалагічныя перадумовы для станаўлення культуры Адраджэння: адбываўся рост гарадоў, развіццё гандлёва-рамесніцкага насельніцтва і таварна-грашовых адносін, ажыўленне грамадска-палітычнага жыцця ў горадзе, узмацненне сацыяльна-класавай барацьбы ў вёсцы, змены ў светапоглядзе перадавой часткі феадалаў, палітычная цэнтралізацыя і дзяржаўна-прававая стабілізацыя грамадства, фарміраванне беларускай народнасці і нацыянальнай самасвядомасці, актывізацыя і пашырэнне кантактаў з краінамі Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, гуманістычны і рэфармацыйны рух, секулярызацыя духоўнага жыцця.

Бачна, што Рэфармацыя ахапіла большасць краін Еўропы. Беларусь таксама стала часткай Еўрапейскага рэфармацыйнага руху, толькі са сваімі асаблівасцямі.

 

§2. Вялікае княства Літоўскае добра ўпісвалася ў тагачасную еўрапейскую культуру, хоць і не знаходзілася ў эпіцэнтры яе развіцця. У час Адраджэння сфарміравалася старабеларуская мова, якая да канца ХVІІ ст. (1696 г.) была дзяржаўнай мовай Вялікага княства Літоўскага.

На Беларусі вядзецца барацьба з сярэднявеччам, з яго тэалогіяй (ранейшай тэалагічнай праблематыкай (divina studia). Найбольш важныя плыні ў рэфарматарстве гэтага часу: гусіцкі рух – накіраваны супраць іншаземнага прыгнёту і каталіцкай царквы; пратэстантызм у выглядзе лютэранства і кальвінізму; праваслаўна-царкоўныя рэлігійныя брацтвы; рух за сацыяльную перабудову грамадства.

Прафесар Пражскага універсітэта Ян Гус заклікаў да барацьбы з чужаземным панаваннем, выступаў за тое, каб богаслужэнне праходзіла на роднай мове (сам распрацаваў граматыку чэшскай мовы), выкрываў сквапнае духавенства. За гэта ён быў адлучаны ад царквы, 6 чэрвеня 1415 г. спалены на вогнішчы.

Пакаранне смерцю Яна Гуса выклікала народнае паўстанне. У 1419 г. у Празе рамеснікі і гарадская бедната грамілі каталіцкія манастыры, цэрквы, выганялі з іх епіскапаў і манахаў. Так, у Чэхіі, а затым і ў другіх краінах, у тым ліку ў Вялікім княстве Літоўскім, пачаўся рух супраць чужаземцаў і каталіцкай царквы. Усіх паслядоўнікаў Яна Гуса называлі гусітамі.

У пачатку красавіка 1413 г. памочнік Яна Гуса Іяронім Пражскі наведаў Віцебск, дзе вёў сярод насельніцтва прапаганду гусіцкага вучэння. Шмат прыхільнікаў гусізму было пры двары князя Вітаўта. Уплыў гусітаў у ХV ст. настолькі ўзмацніўся, што Вітаўт вымушаны быў выдаць некалькі пастаноў супраць яго прыхільнікаў.

Пратэстантызм у сваіх найбольш яркіх праявах (лютэранства, кальвінізм) благаславіў сквапнасць, цягу да нажывы. Хрыстос вучыў: багацце і іншыя праявы зямных даброт для веруючага чалавека не патрэбны. Ён будзе імі карыстацца пасля адыходу ў іншы свет. У Евангеллі сказана: “Цяжка багатаму ўвайсці ў царства нябеснае, зручней вярблюду прайсці скрозь вушка ігольнае, чым багатаму ўвайсці ў царства Божыя”. Каталіцызм спакусіўся ідэяй зямнога царства. Так, Рымскі папа імкнуўся быць не толькі духоўным, але і свецкім гасударом.

У Беларусі ў сярэдзіне ХVІ ст. узнікаюць пратэстанцкія абшчыны на аснове лютэранства (веравызнанне, якое ідзе ад германскіх народаў). Лютэранскія абшчыны ўтварыліся ў Віцебску, Глыбокім, Оршы. Пры кожнай абшчыне, як правіла, былі царква, школа, шпіталь, а пры некаторых – і друкарня. У школах вучыліся дзеці шляхты і гараджан. Рэфармацыя ахапіла значную частку гарадскога насельніцтва.

У далейшым выдзяляецца такое крыло пратэстантызму, як кальвінізм. Кальвінізм – веравызнанне, выкладзенае ў тэалагічных поглядах швейцарскага навукоўца Кальвіна. Дэмакратычна настроеныя прапаведнікі кальвінізму настойваюць на палягчэнні становішча сялянства, абмежаванні феадальнай эксплуатацыі. Кальвінізм – вучэнне, накіраванае на развіццё індывідуальнай свядомасці і рэлігійнасці. Кальвінізм вельмі сур’ёзна ўспрыняў словы апостала Пятра — “хто не працуе, той не есць”. Прадстаўнікі гэтага напрамку лічаць кожную капейку і вельмі высока ставяць асабістую працу ў любой справе. У Беларусі кальвінізм спачатку прымаюць буйнейшыя феадалы – Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы, Валовічы, Тышкевічы і інш., а таксама частка беларускай шляхты. Яны ствараюць друкарні, школы і абшчыны. Аднак не абышлося без таго, што феадалы спрабавалі прыстасаваць кальвінізм для дасягнення сваіх класавых і саслоўных мэтаў. Рэфармуючы цэрквы і манастыры ў сваіх вотчынах, яны канфіскоўвалі іх маёмасць, а землі далучалі да сваіх уладанняў. Захапіўшы частку зямель духавенства, як буйныя феадалы, так і магнаты, і шляхта станавіліся больш абыякавымі да рэфармацыі.

Праваслаўна-царкоўныя брацтвы бяруць пачатак ад паганскіх часоў, калі былі звычаі праводзіць святы грамадою. А калі прыйшло хрысціянства, прыйшлі новыя багі: Хрыстос, Ілля, Улас, Ян, Мікола і г.д., яны сталі злівацца са старымі багамі, а новыя святы — спалучацца са старымі. Свята нараджэння Хрыста злілося са святам сонца – Каляды. Свята Яна – са святам сонца – Купалле і г.д. Святы арганізоўваліся людзьмі – рабіўся агульны сход усіх братчыкаў, варыўся мёд – братчына. Братчыкі ўносілі ў касу таварыства грошы для агульных мэт.

З канца ХVІ ст. брацтвы бяруць на сябе культурна-асветніцкія функцыі: для абароны праваслаўнай веры яны звяртаюць увагу на развіццё навукі. Буйныя і багатыя асобы бралі патранат над брацтвамі. Асабліва многа зрабіў у гэтым сэнсе К.Астрожскі. Ён заснаваў у г. Астрозе Вышэйшую духоўную школу, каб не дапусціць каталіцкага ўплыву на студэнтаў, запрасіў навукоўцаў з Грэцыі, Нямеччыны.

Брацтвы прагнулі атрымаць ад патрыярхаў так званую стаўрапігіяльнасць. Сутнасць стаўрапігіяльнасці ў тым, што брацтвы мелі намер атрымаць непадначаленасць ад епіскапаў. Гэта непадначаленасць давала права вольнай крытыкі епіскапаў, а ў некаторых выпадках – нават права ўмешвацца ў іх чыннасць.

Праваслаўна-царкоўныя брацтвы – гэта своеасаблівая форма рэлігійна-палітычнага руху гараджан Беларусі і Украіны. Узніклі яны ў адказ на ўзмацненне каталіцызму, прымусовае насаджэнне уніяцтва. З’яўленне брацтваў адносіцца да канца ХVІ – першай паловы ХVІІ ст. У гэты перыяд яны створаны ва ўсіх буйных гарадах, у тым ліку ў Віцебску, Оршы, Полацку. Іх стварэнне вялося вакол праваслаўных прыходаў, у асноўным – з рамеснікаў і гандляроў, таксама духоўных асоб, у асобным выпадку ў брацтвы ўступала шляхта. Тады яна адыгрывала ў іх вядучую ролю.

Дзейнасць брацтваў была даволі шырокая. Перш-наперш яны вялі барацьбу супраць гвалтоўнага акаталічвання, уніі і паланізацыі, клапаціліся аб будаўніцтве і ўпрыгожванні цэркваў, манастыроў, дамоў прытулку (шпіталяў), адстойвалі культуру і мову беларускага народа, садзейнічалі ўмацаванню культурных сувязей Беларусі і Украіны з Рускай дзяржавай. У процівагу езуіцкім вучылішчам, якія адкрываў ордэн на Беларусі, брацтвы стваралі свае школы; шмат зрабілі для выдавецкай справы, пры школах яны звычайна адкрывалі друкарні (друкавалі царкоўныя кнігі, падручнікі і дапаможнікі на стараславянскай і беларускай мовах); не адвяргаючы абрадавых і дагматычных асноў праваслаўя, дабіваліся кантролю над царкоўнымі даходамі, выбарнасці свяшчэннікаў прыхаджанамі, патрабавалі ад духавенства ўмеранага ўзносу ад прыхаджан і г.д. Брацтвы спрабавалі кантраляваць нават вышэйшае духавенства.

Рэфармацыя ў цэлым адыграла пэўную ролю ў развіцці духоўнага і царкоўна-рэлігійнага жыцця ў Беларусі і ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім. Рэфармацыйныя ідэі садзейнічалі станаўленню секулярызаваных форм культуры (секулярызацыя (лат.) – зварот царкоўнай і манастырскай маёмасці ў свецкае валоданне, замяшчэнне духоўнай асобы, звання ці месца свецкім), пашырэнню міжнародных сувязей і кантактаў, прыхільнасці да праваслаўя.

А паколькі значнага паляпшэння матэрыяльнага і духоўнага стану простых людзей не адбывалася, то ў пачатку 60-х гг. ХVІ ст. у асяроддзі радыкальных рэфармісцкіх дзеячаў незадавальненне і расчараванне кальвінісцкай рэфармацыяй дасягае мяжы. Дэмакратычныя прадстаўнікі рэфармацыйнага руху адыходзяць ад кальвінізму, які не апраўдаў іх сацыяльных спадзяванняў. Пасля разрыву з кальвінізмам беларускія радыкальна-рэфармацыйныя дзеячы ўсё больш увагі надаюць сацыяльным пытанням. Многія з іх адкрыта прапаведвалі “агульнасць маёмасці, непавагу да ўладаў, судоў, саслоўяў” і ажыўлена дыскуціравалі на тэму “Ці могуць быць дапушчаны да гасподняй вячэры тыя, хто не адпускае на волю сваіх прыгонных?” Але і тут згоды ў рэфарматараў не было. З аднаго боку, наглядаўся радыкалізм – патрабаванне адмены прыгоннага ладу, з другога – толькі ўмеранае паляпшэнне ўмоў існавання прыгонных сялян. Якуб з Калінаўкі і Павел з Візны, выказваючы погляды больш радыкальнай часткі рэфармацыі, выступалі з рэзкай крытыкай асноў феадалізму. Яны патрабавалі ліквідацыі прыгоннай залежнасці і інстытута халопства. Іх апанентамі быў Сымон Будны. Ён з’яўляўся прыхільнікам умераных рэформ і абараняў на сінодзе феадальна-прыгонніцкую сістэму эксплуатацыі, патрабуючы толькі некаторага яе памякчэння.

Да 1569 г. адносіцца “выдатная” па сваёй смеласці і ў той жа час глыбока ўтапічная спроба беларускіх, літоўскіх, польскіх (анты-тры-нітарыяў) рэфарматараў арганізаваць у Кракаве прымітыўную камуністычную абшчыну. Яны жадалі заснаваць яе на маёмаснай роўнасці і абавязку кожнага члена абшчыны працаваць. Аднак на практыцы гэты напрамак рэфармацыі ажыццявіць не ўдалося. У ВКЛ набірала моц Контррэфармацыя. У канцы ХVІ – пачатку ХVІІ ст. феадальна-каталіцкая рэакцыя пераходзіць у рашучае наступленне на рэфармацыю. Носьбіты ідэй рэфармацыі выганяюцца з гарадоў, паўсюдна закрываюцца праваслаўныя цэрквы, школы, друкарні. Пачалося гэта пры Жыгімонце Вазе (1586–1632). Чалавек недальнабачны (як падкрэсліваюць навукоўцы), будучы сам каталіком, спачуваў каталіцтву і дазваляў пануючай веры рабіць крыўду другім верам, асабліва праваслаўнай.

Пасля 1632 г. на польскі каралеўскі пасад выбраны сын Жыгімонта Уладзіслаў ІV. Ён на дзяржаўныя справы глядзеў шырэй, не хацеў нікога прыцясняць за веру і нават пастараўся дабіцца ад сейма некаторых палягчэнняў для дызунітаў (праваслаўных). І ўсё ж каталіцтва як дзяржаўная вера з цягам часу выцясняе праваслаўе.

 

Такім чынам, у ХVІ стагоддзі пасля працяглага перыяду застою наступае заканамерны этап адраджэння духоўнай культуры еўрапейскіх краін. Адраджэнне (або Рэнесанс) праяўляецца ў паскораным руху эканамічных, нацыянальна-палітычных і культурных працэсаў, у больш высокіх формах грамадскага быцця і нацыянальнай самасвядомасці.

Адраджэнне ў краінах Заходняй Еўропы з яго рэфармацыйна-гуманістычным рухам зрабіла вялікі ўплыў на развіццё культуры беларускіх зямель у ХVІ – ХVІІІ стст. Тут таксама вядзецца барацьба з сярэднявеччам, з яго тэалогіяй. Найбольш важнымі плынямі ў рэфарматарстве з’яўляюцца гусіцкі рух, пратэстантызм, праваслаўна-царкоўныя брацтвы, рух за сацыяльную перабудову грамадства. Адбываецца рост гарадоў, развіццё гандлёва-рамесніцкага насельніцтва і таварна-грашовых адносін, фарміраванне беларускай народнасці і нацыянальнай самасвядомасці.

 

Тэма 2. Уплыў рэфармацыйнага руху на культурнае развіццё Беларусі

§1. Літаратура, мастацтва, тэатр

§2. Школьная адукацыя

§1. Ва ўсіх праявах Адраджэння маюцца свае ідэолагі. Прызнаным вяшчальнікам ідэі гуманізму і рэнесанснай культуры канца ХV і амаль усёй першай паловы ХVІ ст. з’яўляецца Францыск Скарына.

Яго вальнадумства і адначасова гуманістычныя ідэі заключаюцца ў тым, што ён выказвае пратэст перадавой часткі гараджан і прагрэсіўных слаёў грамадства супраць пануючага феадальна-царкоўнага светапогляду. “Зямля жывых” абвяшчаецца ім адзіным вартым чалавека лёсам, а чалавечае жыццё на зямлі – вышэйшай каштоўнасцю.

Ён прыцягвае ўвагу сучаснікаў да свецкага жыцця, спрабуе развіць у народзе прагу да ведаў: удасканаленне чалавека неабходна для ўдасканальвання грамадскай сістэмы ў цэлым. Свае ідэі ён праводзіць праз 25 кніг “Бібліі”.

Выдатны дзеяч беларускай культуры ХVІ ст. Скарына з’яўляецца заснавальнікам беларускага кнігадрукавання. Нарадзіўся ён каля 1485 г. у Полацку ў збяднелай купецкай сям’і. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, дзе атрымаў першую вучоную ступень – бакалаўра. У 1512 г. ён бліскуча вытрымаў у Падуанскім універсітэце (Італія) экзамены на вучоную ступень “у лекарскіх навуках доктара”.

У 1517 г. Скарына пачаў друкаваць кнігі ў Празе. Затым ён пераехаў у Вільню і там заснаваў друкарню, а з 1525 г. разгарнуў шырокую кнігавыдавецкую дзейнасць. Друкаваў Скарына перакладзеныя ім на беларускую мову царкоўныя кнігі (Біблію і інш.). Але ў адрозненні ад царкоўнікаў ён імкнуўся зрабіць тыя ж самыя кнігі каштоўнымі: у прадмовах да іх ён пісаў, што кнігі трэба выкарыстоўваць так, каб набыць звесткі па гісторыі, геаметрыі, геграфіі, арыфметыцы, прыродазнаўстве. Свае кнігі ён прызначаў не толькі беларускаму народу, але і на карысць “Братии своей Руси”.

На гэты ж час прыпадае і дзейнасць М. Гусоўскага (1430 – пасля 1533), якога можна разглядзець у якасці пачынальніка свецкай літаратуры. У 1523 г. ён выдаў паэму “Песня пра зубра”. Змест твора, заснаваны на асабістых уражаннях і перажываннях аўтара вызначаўся самабытнасцю. Зубр у паэме ўвасабляе алегарычны вобраз магутнасці роднага краю, гераічна падаецца мінулае продкаў. З вялікім мастацтвам тут апісваецца прырода і паляванне на зубраў.

Пачынае развівацца ў ХVІ ст. таксама разнастайная літаратура ў выглядзе гістарычных аглядаў: дзённікаў, мемуараў. У іх падзеі і факты мінулага і сучаснасць выкладаюцца ў строга храналагічным парадку, шмат увагі надаецца апісанню стыхійных бедстваў і значным грамадска-палітычным падзеям.

Так, невядомы нам аўтар “Баркулабаўскай хронікі” засведчыў 45-гадовы перыяд жыцця шырокіх слаёў насельніцтва, дае цудоўныя замалёўкі падзей, якія адбываюцца ў самой вёсцы і яе ваколіцах у другой палове ХVІ – пачатку ХVІІ ст. Піша аб неўраджайных і галодных гадах (1601–1603 гг.), аб уцёках сялян у Запарожскую Сеч. Аднак аўтар яшчэ не задумваецца над сацыяльнымі прычынамі гаротнага становішча сялян.

Вольнадумны погляд усталёўвае і Сымон Будны (1530–1593 гг.). Вядомы яго твор на беларускай мове “Катэхізіс”, (г.зн. “наука стародавняя християнская от святого письма”). Тут ён крытыкуе царкоўныя дагматы, большую частку царкоўных абрадаў, інстытут духавенства, які вялікім цяжарам ляжаў на плячах працоўнага люду. Рэзка бічуе свавольства і прыгнёт. Падкрэслівае значэнне рамяства як важнай крыніцы жыцця, а навучанне дзяцей рамяству лічыць абавязкам бацькоў. Патрабуе ў князёў і магнатаў, каб яны клапаціліся аб адукацыі народных мас, распаўсюджвалі навуку, будавалі школы. Патрабуе законнасці ў судах.

Як бачна, Сымон Будны па рэлігійным пытанні займае радыкальныя пазіцыі. А вось у пытаннях сацыяльных ён памяркоўны і асцярожны: крытыкуе толькі крайнасці прыгонніцкага ладу.

Палітычным ідэалам дзяржавы Буднага была асветніцкая манархія. Кароль, на яго думку, павінен быць гуманным, адукаваным чалавекам, кіравацца не асабістымі, а грамадскімі інтарэсамі, строга выконваць законы дзяржавы. Гасудару трэба акружаць сябе вучонымі-асветнікамі.

Пасля Скарыны найбольш моцна гучала тэма Радзімы, беларускай культуры, роднай мовы яшчэ ў аднаго вядомага прадстаўніка інтэлігенцыі Васіля Цяпінскага.

У ХVІ ст., дзякуючы актыўным зносінам з паўднёва-заходнімі славянскімі краінамі, з’явіліся творы перакладной літаратуры як царкоўнага, так і свецкага зместу. Значнае месца тут займаюць “жыція”. Напрыклад, “Жыціе Аляксея, чалавека Божага”, “Жыціе пратапопа Авакума”.

З канца ХVІ ст. пад уплывам барацьбы з сацыяльна-эканамічным і нацыянальна-рэлігійным прыгнётам нараджаецца палемічная рэлігійна-палітычная публіцыстыка. Гэтая літаратура была больш за ўсё ананімная ці пад псеўданімамі. Пісалася яна адукаванымі і эрудзіраванымі людзьмі і наносіла трапныя ўдары па ідэйных праціўніках праваслаўя, уніятах і каталіцкай царкве.

Значнае месца сярод твораў такой тэматыкі займаюць працы Мялеція Сматрыцкага (1572–1630 гг.). Лепшы яго твор “Фрынас” спалохаў караля, і той загадаў забараніць пад пагрозай штрафу ў 3 тыс. чырвоных злотых продаж і куплю кнігі Тэафіла Арталога (псеўданім Сматрыцкага), друкарню за гэта канфіскаваць, кнігі сабраць і спаліць, а наборшчыкаў, карэктараў і аўтара “Трынаса” арыштаваць і трымаць у турме да асобага распараджэння.

Сапраўдным прадстаўніком дэмакратычнага крыла ў палемічнай літаратуры быў Афанасій Філіповіч (1597–1648 гг.). У сваіх артыкулах, аб’яднаных у адзіны звод пад назвай “Дыярыуш”, ён паказвае, што нясе палітыка польскай шляхецкай дзяржавы беларусам і ўкраінцам.

У літаратуры рэфармацыйнага часу рэзка асуджаецца мясцовая феадальная знаць і шляхта, якая ў пагоні за ўсім іншаземным, нават у быце, разбурае свае нацыянальныя норавы, звычаі і традыцыі. Назавем тут самы ранні верш Яна Казіміра Пашкевіча “Польска квітней лацінаю”. У ім падкрэсліваецца моўная самабытнасць беларускага народа і гаворыцца, што беларуская мова – гэта будучая слава народа.

З новай сілай загараюцца іскры вальнадумства ў другой палове ХVІ–ХVІІ ст. Адзін з вальнадумцаў гэтага часу − Казімір Ляшчынскі (1634–1684), як і другія гуманісты, выступае супраць царквы, прыгнечання. Вядомы яго трактат − “Аб неіснаванні бога”. Бог ў яго ўяўленні – гэта фантазія людзей. Пануючы клас свядома выкарыстоўваў царкву для падтрымкі свайго панавання. Толькі розум чалавека – найвышэйшы суддзя ўсяго навакольнага, на яго і павінен спадзявацца чалавек. Ляшчынскі падзяліў лёс Джардана Бруна. Ён спалены на вогнішчы.

Асаблівае месца ў грамадска-палітычных поглядах гэтага часу займае плынь, накіраваная супраць нацыянальнага прыгнёту, супраць каталіцызму, за збліжэнне з Расіяй. Яе прадстаўнікамі былі такія вядомыя пісьменнікі і грамадскія дзеячы, як Сімяон Полацкі, Ілля Капіевіч (1657–1747), Георгій Канінскі (1717−1745).

С.Полацкі блізка стаяў да матэрыялізму. Напрыклад, прыроду ён параўноўваў з кнігай, якую ахоплівае чалавек сілай свайго розуму. Асвета, на яго думку, заклікана ўдасканальваць норавы, яна – лепшы сродак для знішчэння сацыяльных бед.

З імем Сімяона Полацкага (1629–1680) звязана развіццё паэзіі як самастойнага віду літаратуры (поўнае імя – Самуіл Емяльянавіч Пятроўскі-Сітніяновіч). С.Полацкі – таленавіты паэт і драматург, педагог і перакладчык, ён склаў Статут Славяна-грэка-лацінскай акадэміі – першай у Расіі вышэйшай навучальнай установы. Яна была адкрыта ў 1687 г. у Маскве. У гэтай акадэміі вучыўся Ламаносаў.

Паэтычная спадчына С.Полацкага перш за ўсё адлюстроўвала яго імкненне і, як ён пісаў, імкненне беларускага народа да ўз’яднання Беларусі з Расійскай дзяржавай. Цікавыя ў гэтых адносінах яго так званыя “метры” (дэкламацыі), напісаныя для публічнага чытання перад царом Аляксеем Міхайлавічам у час яго знаходжання ў Полацку.

Сімяон Полацкі вітае цара “от востока к нам пришедшего, белорусский же от нужды народ весь освобождшаго». Цар для паэта як “праведное солнце”, да якога “здавна бовем прагнули… души наши и сердца”. Паэт выказвае надзею, што цяпер цар будзе “по нас ревновати”, а народ беларускі будзе “под твою милость всегда прибегати”.

У 1661 г. паэт пакінуў Полацк і пераехаў у Маскву. Там ён разгарнуў актыўную педагагічную, палітычную, літаратурную і выдавецкую дзейнасць. С.Полацкі шмат зрабіў для развіцця культуры і навукі, збліжэння Рускай дзяржавы з Беларуссю і Украінай. У Маскве ён разгарнуў вялікую дзейнасць як выдавец кніг, узначаліў крамлёўскую друкарню.

І.Капіевіч адлюстроўвае інтарэсы людзей, якія імкнуліся да збліжэння з Расіяй. У сваіх творах (“Словарь”, “Руковедение во грамматику” і інш.) ён паказвае агульнасць мовы і культуры двух народаў, вітае ўмацаванне Расіі, бачыць у гэтым працэсе гарантыю збліжэння і аб’яднання рускіх, беларусаў, украінцаў. Усімі сродкамі ён імкнецца садзейнічаць развіццю і пашырэнню асветы сярод іх. Капіевіч упершыню ў Расіі выдае падручнікі па арыфметыцы, астраноміі, навігацыі, па замежных мовах, піша кнігі па гісторыі. “Вывучэнне гісторыі, — піша ён, — не з’яўляецца пустым інтарэсам, яно дае карысць як ва ўзаемаадносінах людзей (польза дамавая), так і ва ўзаемаадносінах дзяржаў (польза сусветная)”.

З Беларуссю звязана дзейнасць і Георгія Канінскага, пра якога Пушкін сказаў: “Георгі ёсць адзін з самых дабрапамятных мужоў мінулага стагоддзя. Жыццё яго належыць гісторыі”. У сваіх шматлікіх прамовах, адозвах, пропаведзях ён абараняў правы беларусаў размаўляць і пісаць на роднай мове, прытрымлівацца сваіх нацыянальных звычаяў. А калі Беларусь была ўключана ў склад Расіі, ён прыступіў да стварэння тут рускіх школ, распаўсюджваў рускую мову і культуру. У філасофіі Канінскі – прыхільнік Арыстоцеля. Ён даказвае існаванне бога як канечнай прычыны ўсяго існуючага, лічыць, што матэрыяльны свет складаецца з формы і матэрыі.

Канінскі выказвае ўпэўненасць у здольнасці людзей пазнаваць навакольны свет, таму што прырода чалавека такая, што ён жадае ўсё ведаць. Высока цэніць Канінскі прыродазнаўчыя навукі, іх ролю ў пазнанні свету, з павагай гаворыць пра тэорыю Каперніка, выказвае думкі пра незнішчальнасць розных формаў матэрыі, іх ўзаемапераўтварэнні. “З нічога нішто не ўзнікае”, – паўтарае Канінскі.