Тэма 1. Рэч Паспалітая – шматнацыянальная дзяржава

§1. Новы час. Абставіны ўтварэння Рэчы Паспалітай. ВКЛ у сістэме Рэчы Паспалітай

§2. Месца і роля Рэчы Паспалітай ў Еўрапейскай палітыцы (XVI-XVII ст.)

§1. Новы час узяў свой пачатак на рубяжы XV-XVI стст. і працягваўся да завяршэння XIX ст. З ім звязаны такія падзеі, як Рэфармацыя, развіццё капіталізму, буржуазныя рэвалюцыі ў краінах Еўропы, утварэнне каланіяльнай сістэмы.

У выніку глыбокіх зрухаў у эканамічнай і сацыяльнай структуры грамадства ў еўрапейскіх краінах саслоўныя манархіі змяніліся абсалютысцкай цэнтралізаванай уладай. Разам з тым, магутную эканамічную сілу займела буржуазія. Супярэчнасці паміж абсалютызмам і прагрэсіўнай часткай буржуазіі прывялі да рэвалюцыйных падзей. Першая еўрапейская буржуазная рэвалюцыя адбылася ў Нідэрландах (1566-1579 гг.). У 1640-1660 гг. адбылася англійская буржуазная …
рэвалюцыя. З развіццём капіталізму еўрапейскія краіны сталі на шлях каланіяльных захопаў слабых дзяржаў на Усходзе. З пачатку XVI ст. Іспанія пачала заваяванне Паўднева-Амерыканскага кантынента, якое фактычна завяршылася да XVI стагоддзя. З канца XVI ст. у каланіяльны захоп актыўна ўключылася Англія. У пачатку XVII ст. такі ж крок, у барацьбу за калоніі, зрабіла Галандыя. Пранікненне еўрапейцаў на Усход мела як станоўчае, так і негатыўнае значэнне. З прыходам каланізатараў у адсталых краінах рушыліся старыя першабытныя ўстоі, развівалася пісьменнасць, адукацыя, адбываўся гандлёвы абмен. Але каланізацыя несла і варварскае знішчэнне індзейскіх плямёнаў, іх нацыянальнай культуры і прыродных рэсурсаў.

Другая палова ХV – пачатак ХVI ст. – час буйных змен на палітычнай карце Еўропы. Захоп у 1453 г. туркамі Канстанцінопаля і іх наступныя заваёвы на Балканах спрыялі з’яўленню магутнай Асманскай імперыі, якая ўплывала на еўрапейскую палітыку.

Для ВКЛ наглядаецца пастаянная пагроза з боку Крымскага ханства. Гісторыкі падлічылі: з 1500 па 1569 г. у межы Вялікага княства Літоўскага полчышчы татар урываліся 45 разоў. 10 разоў яны руйнавалі гарады і сёлы Беларусі.

Другая патэнцыяльная імперыя пачала складвацца ў міжрэччы Волгі і Акі, вакол Маскоўскага княства. У канцы ХV ст. Масква змагла дасягнуць значных поспехаў (далучыўшы Ноўгарад Вялікі (1478 г.), Цвер (1485 г.)), ліквідаваць мангола-татарскае іга (1480 г.). Маскоўскія дыпламаты ад імя Івана ІІІ, Васілія ІІІ (1505–1533) не раз адзначалі: “Русская земля от наших предков из старины наша отчизна. Киев, Полтеск, Витебск и иные городы государя нашего отчину Жигимонт король держит за собою неправдою”. І калі Вялікі князь Літоўскі “… хочет с нашим государем любви и братства, и он бы государю нашему отчины на Русские земли всей поступился”. Была прыдумана ідэалагема “Масква – Трэці Рым”, якая азначала богаабранасць Маскоўскай дзяржавы ў асобе яе князя. Наступіла паласа войн Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай. За 90 гадоў (1492–1582 гг.) 40 прыпадае на ваенныя дзеянні.

У пачатку ХVI ст. адбываецца канчатковае перамяшчэнне знешнепалітычных акцэнтаў Вялікага княства Літоўскага на ўсход і ўсходні напрамак становіцца галоўным.

Вяртанне зямель, аднятых Масквой у Вялікага княства Літоўскага на пачатку ХVI ст. як шляхам перамоў, так і ваеннай сілай – цвёрдая палітыка Вялікага княства Літоўскага. На гэта накіравана ўся ўсходняя палітыка першай трэці ХVI ст. І ўсё ж, нягледзячы на часовыя поспехі, суадносіны сіл рэзка змяняюцца на карысць Масквы.

Руская дзяржава набірае ўсё большую моц. Яна мае намер забраць да сябе беларускія і ўкраінскія землі і пачынае яго ажыццяўляць. На рубяжы ХV−ХVI ст. ужо яўна вызначаецца перавага Маскоўскай, рускай дзяржавы над Літоўскай. Гэта перавага не толькі ў ваеннай магутнасці, яна ўяўляе сабой больш складаную з’яву: у насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, у некаторых буйных феадалаў нарастае незадаволенасць палітыкай польскіх каралёў. У асобных пагранічных князёў ёсць жаданне ўз’яднацца з Рускай дзяржавай. У ІІІ чвэрці ХV ст. дробныя пагранічныя князі (у асобных выпадках браты) бесперапынна вядуць паміж сабой сваркі і пераходзяць з літоўскага падданства ў Маскоўскае. Напрыклад, з перапіскі паміж Казімірам і Іванам ІІІ бачна, што Іван Васільевіч Бяляўскі сам адышоў ад Літвы, перайшоў да Масквы і быццам бы сілай дамагаўся зрабіць тое ж ад брата свайго Васіля.

У канцы ХV ст. нямала феадалаў былых рускіх зямель у вярхоўі Акі і ў Чарнігаўска-Северскай зямлі, не жадаючы прымаць каталіцтва, перайшлі са сваімі землямі добраахвотна ў падданства да Івана ІІІ. Пасля гэтага ўспыхнула так званая пагранічная вайна (1487–1495). Пацярпеўшы паражэнне ў вайне, Вялікі князь (Літоўска-Беларускі) Аляксандр Казіміравіч павінен быў прызнаць новыя межы. Аднак хутка на рускі бок перайшлі новыя князі. З-за гэтага пачаліся новыя войны (у вясну 1500 г.). А ў 1512 г. узноўленыя ваенныя дзеянні былі скіраваны на тое, каб дабіцца далучэння Смаленска, а затым Украіны і Беларусі.

загрузка…

Пацвярджэннем тых жа самых высноў, што на беларускіх, украінскіх і рускіх землях, уваходзячых у склад Вялікага княства Літоўскага, быў пэўны рух і самога насельніцтва за ўз’яднанне з рускай дзяржавай, з’яўляецца падтрымка кандыдатуры Івана ІV, а потым і яго сына Фёдара на польскі каралеўскі пасад. Аб гэтым кажуць шматлікія пісьмы ад літоўска-беларускіх феадалаў, іх дзейнасць у час падрыхтоўкі да сейма.

Расія як даволі моцная дзяржава імкнецца мець выхад да Балтыйскага мора, рэалізаваць свой патэнцыал у іншых міжнародных праектах. З-за гэтага яна павінна весці працяглую Лівонскую вайну (1558–1583 гг.). Пачатак вайны адзначаецца перамогамі рускіх. У 1560 г. войска Ордэна разбіта. Гэта прывяло да распаду Лівонскага Ордэна (1561 г.).

Лівонскія феадалы і іх магістр Кетлер папрасілі абароны ў Польшчы, Даніі і Швецыі. Яны перадалі свае землі пад уладу апошніх, сталі іх васаламі. Кетлер атрымаў у якасці ўладання Курляндыю і прызнаў сваю залежнасць ад польскага караля Сігізмунда-Аўгуста. Тады Іван ІV накіраваў свае войскі ў Беларусь і Літву.

У 1562 г. руская войска стаяла каля сцен Віцебска, Дуброўна, Оршы, Копысі, Шклова. 15 лютага 1563 г. імі была ўзята самая моцная крэпасць – Полацк. Горад потым знаходзіўся ў складзе Рускай дзяржавы на працягу 16 год. Перайшоўшы ў наступленне, рускія войскі зайшлі так далёка на Захад, што ледзь не ўзялі сталіцу Вялікага княства Літоўскага – Вільню. Аб тым, што простае насельніцтва жадала перамогі рускім войскам бачна з пісьма папскага пасла. Ён піша: “Насельніцтва Беларусі публічна моліцца а падараванні масквіцянам перамогі”.

Але ўзяцце Полацка было апошнім буйным поспехам русскіх войск на гэтым этапе вайны. Вайна прыняла зацяжны характар. У яе былі ўцягнуты яшчэ некалькі еўрапейскіх дзяржаваў. Узмацнілася супярэчлівасць у самой Расіі. Расло супрацьстаянне Лівонскай вайне ў коле тых рускіх баяр, якія былі зацікаўлены ва ўмацаванні паўднёвых расійскіх граніц. Праявілі няўстойлівасць і дзеячы, акружаўшыя цара. У 1564 г. на бок палякаў перайшоў князь Андрэй Курбскі, які кіраваў да гэтага рускімі войскамі.

З цягам часу Вялікае княства Літоўскае, Швецыя і Данія былі ўжо зусім не зацікаўлены ў тым, каб Лівонія аказалася пад уладай Расіі. Замест аднаго Лівонскага Ордэна ў Расіі аказалася тры моцныя праціўнікі. Гэтыя абставіны і вызначылі ход Лівонскай вайны.

Вось у такіх няпростых умовах у снежні 1568 г. збіраецца агульны сейм Польшчы і Вялікага княства Літоўскага з мэтай заключэння другой уніі паміж гэтымі дзяржавамі.

Першая унія, заключаная паміж гэтымі дзяржавамі (1386 г.), існавала больш юрыдычна, чым рэальна. Юрыдычныя акты мала рэалізоўваліся ў жыцці. Але ж існавалі нейкія як унутраныя, так і міжнародныя прычыны, якія не дазвалялі ўвогуле разарваць дагавор, складзены раней. У час такога юрыдычнага супольнага жыцця набыты вопыт, што дазваляе мець здабыткі. Хоць ёсць і негатыўныя з’явы.

Адной з прычын заключэння Люблінскай уніі з’яўлялася тое, што шляхта Польшчы адабрала ад магнатаў іх пераважнае становішча ў дзяржаве. Да канца ХVI ст. яна палітычна дамінуе. Ёй ужо цесна ў самой Польшчы. Што ж тычыцца Беларусі і Літвы, тут у гэтай справе ўсё пакуль не так. Беларуская і літоўская шляхта жадаюць выйсці на першую пазіцыю. Зрабіць гэта можна толькі з дапамогай сваіх сацыяльных партнёраў. Для гэтага ім патрабуецца унія. Для такой мэты беларуская шляхта яшчэ ў 1562 г. утварыла так званую канфедэрацыю і стала дабівацца уніі.

Не супраць заняць прывілейнае становішча ў гэтай дзяржаве і літоўскія феадалы, але гэтага апасаюцца літоўскія магнаты. Праўда, сіл, каб гэтага не дапусціць, каб змяніць ход падзей, у іх не хапае. Пакуль на сейме ішлі спрэчкі, польскія феадалы дзейнічалі: на працягу вясны і лета 1569 г. яны падпарадкавалі сабе частку ўкраінскіх земляў (Падляшша, Валынь, Падолію, Кіеўшчыну). Тэрыторыя княства звузілася да межаў Беларусі і Літвы.

 

§2. У 1569 г. на сумесным польска-літоўскім сейме ў Любліне была ўтворана федэрацыя – Рэч Паспалітая, а польскі кароль станавіўся і Вялікім князем Літоўскім. ВКЛ вымушана было прыняць многія з польскіх ўмоў аб’яднання.

 
 

Згодна з імі Рэч Паспалітая – рэспубліка, два злучаныя гаспадарствы маюць аднаго гаспадара, ён носіць тытул “Кароль польскі і вялікі князь літоўскі і рускі”. Яго абіраюць на сейме ў Варшаве. Літва і Беларусь не маюць права асобнага вялікага князя. Мяжы паміж гаспадарствамі няма, грошы адзіныя (у ХVІ і ХVІІ стст. – асобныя), гандлёвых пошлін і падаткаў няма таксама. Нягледзячы на гэта, кожная дзяржава захоўвае свае асобныя войскі, законы і некаторыя з важнейшых дзяржаўных пасад. Заканадаўчая ўлада ў дзяржаве належыць двухпалатнаму сейму (вальнаму). Ён складаецца з сената (рады) і дэпутацкай пасольскай ізбы (палаты дэпутатаў). Вышэйшай палатай лічыцца сенат. У яго ўваходзілі знатнейшыя элементы польскага шляхецтва, асобы, якія займалі вышэйшыя пасады як цэнтральнай, так і мясцовай улады. На першае месца тут выходзілі архібіскуп, прымат Гнезьнянскі; за ім сядзелі звычайныя біскупы, затым свецкія ўраднікі. Сейм з ліку сенатаўцаў (ранейшы звычай) выбіраў 28 чалавек у каралеўскую раду на 2 гады. Яны дзяліліся на 4 групы – кожная з іх сядзела 6 месяцаў у каралеўскай радзе.

Ніжэйшая палата – пасольская ізба. Тут – паслы ад шляхты і мяшчанства. Паслы выбіраюцца на павятовых сеймах, якія склікаліся за 6 месяцаў да Вальнага сейма. Колькасць дэпутатаў пасольскай ізбы залежала ад тэрыторыі. Часам там налічвалася каля 200 дэпутатаў.

На чале выканаўчай улады стаяў кароль, з канца ХVІ ст. – выбраны. У шляхецтва была поўная свабода выбару. Правы караля больш падобны на абавязкі: кароль склікаў сейм, ад імя караля вёўся суд, ён назначаў на вышэйшыя ўрадавыя пасады, стаяў на чале шляхецкага апалчэння, вёў зносіны з чужаземнымі дзяржавамі. Кожнаму каралю перад абраннем шляхта ставіла ўмовы, якія ён і падпісваў. Па уніі Украіна адміністрацыйна адыходзіла да Польшчы. Прааналізаваўшы ўсё гэта, бачна, што Рэч Паспалітая ўяўляе сабой манархічную рэспубліку з абмежаванай уладай караля.

У гэты ж час ажыццявіўся і рэлігійны кампраміс: у 1596 г. у Брэсце заключана царкоўная унія, якая аб’ядноўвала праваслаўную і каталіцкую цэрквы Рэчы Паспалітай пад уладай папы Рымскага, але пры захаванні праваслаўных абрадаў і царкоўнаславянскай мовы. Унія дазволіла пераадолець рэлігійны раскол на Беларусі, аслабіць залежнасць яе царквы ад канфесій суседзяў. Ва уніяцтва, хоць і не без супраціўлення, з часам перайшло да 90 % насельніцтва Беларусі.

Бачна, што і пасля Люблінскай Уніі ў ВКЛ захоўваліся ўласны адміністрацыйны апарат, асобнае ад Польшчы заканадаўства, суд, казна і армія. Сейм ВКЛ юрыдычна спыніў сваю дзейнасць і пасылаў 46 (ад 180) сваіх дэлегатаў у агульны сейм Рэчы Паспалітай. Гэта прывяло да палітычнай і эканамічнай няроўнасці буйнай і дробнай шляхты Літвы і Беларусі ў адносінах да польскай. Таму, на працягу ўсяго часу ўплывовыя колы ВКЛ вялі барацьбу супраць дыскрымінацыі, а парой і за тое, каб адасобіцца ад Польшчы. Насупраць Люблінскім актам на працягу 70-80-х гг. 16 ст. у ВКЛ рэгулярна збіраліся агульнадзяржаўныя сеймы, а з 1582 г. пачаў дзейнічаць Галоўны трыбунал. Самым моцным актам барацьбы за сваю незалежнасць было прыняцце трэцяй рэдакцыі Статута 1588 г., які, па сутнасці, скасоўваў шэраг артыкулаў Люблінскай уніі. Згодна Статута (які дзейнічаў да 1840 г.), ВКЛ уяўляла сабою самастойную дзяржаву са сваёй тэрыторыяй, апаратам, войскам, фінансамі. Першы артыкул чацвёртага раздзела зацвярджаў для ВКЛ дзяржаўнасць беларускай мовы.

 

Такім чынам, Новы час – гэта эпоха станаўлення і развіцця буржуазных і каланіяльных адносін, глыбокіх змен у развіцці навукі і тэхнікі.

Да другой паловы ХVІ ст. выспелі знешнепалітычныя і ўнутрыпалітычныя прычыны для падпісання Люблінскай уніі паміж ВКЛ і Польшчай.

Пасля Люблінскай уніі кіруючым колам Вялікага княства Літоўскага ўдалося захаваць рэшткі дзяржаўнасці і аўтаномію ў межах новай дзяржавы. Тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага захавала ранейшую назву, свае законы, урад і іншыя органы выканаўчай улады, судовую сістэму, мясцовае самакіраванне, фінансы, узброеныя сілы і да канца ХVІІ ст. — дзяржаўную мову.

 

Пытанні і заданні:1. Якія з’явы знешняга і ўнутранага характару прыводзяць літоўска-беларускаю дзяржаву да больш цеснага збліжэння з Польшчай? 2. Назавіце прычыны і пакажыце ход Лівонскай вайны. 3. Ахарактарызуйце станоўчыя і негатыўныя бакі (з улікам асабістага падыходу) Брэсцкай царкоўнай уніі. 4. Раскажыце аб месцы ВКЛ у палітычнай сістэме Рэчы Паспалітай.

 

Тэма 2. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай

§1. Беларускія гарады, сельскагаспадарчая вытворчасць

§2. Вызваленчы рух. Паўстанне казакаў, ваенныя дзеянні на Беларусі

§1. Калі да ХVІ ст. толькі 5-6 населеных пунктаў (з названых у крыніцах прыкладна 40-ка), можна было аднесці да гарадоў, то на працягу ХVІ – першай паловы ХVІІ ст. іх стала 37. Горад таго часу – у пэўным сэнсе слова – гэта населены пункт, які з’яўляўся цэнтрам разнастайнага рамяства і гандлю. Гарады налічвалі па 10 тыс. (і больш) насельніцтва. Менавіта да іх адносіліся Віцебск, Полацк. Мінск, Орша мелі да 10 тыс. насельніцтва. На гэты час існавала 350 гарадскіх паселішчаў. Найбольш пашыраным быў у гэты час горад з насельніцтвам ад 5 да 10 тыс. чалавек. Паводле прыблізных падлікаў, у Беларусі да сярэдзіны ХVІІ ст. жыло 2,8 млн. чалавек, у гарадах і мястэчках – 350-370 тысяч (12 % насельніцтва). Цяпер адразу адзначым: у канцы ХVІІІ ст. у Беларусі налічвалася 39 гарадоў і каля 350 мястэчкаў (насельніцтва іх складала прыкладна 250 тыс. чалавек, каля 11 %).

Як бачна, колькасць гарадоў і колькасць мястэчкаў істотна не змянілася. А вось насельніцтва за гэты працяглы час не толькі не павялічылася, а значна зменшылася. Здарылася так, што ў канцы ХVІІІ ст. Віцебск і Магілёў не змянілі колькасны склад насельніцтва. А вось Полацк зменшыўся да 4 тыс. – зраўняўся з Бешанковічамі. Змяншэнне гарадскога насельніцтва і заняпад асобных гарадоў у другой палове ХVІІ – першай палове ХVІІІ ст. выкліканы працяглымі войнамі.

У час вызваленчай вайны, руска-польскай і польска-шведскай войн гарады разбураліся, асобныя амаль знішчаліся зусім. Цярпелі яны ад пастояў войск: паборы, цесната. Асабліва пакутавалі гарады ад грабяжоў і кантрыбуцый шведскіх войск. Толькі адзін прыклад: пры захопе шведскімі войскамі Магілёва з яго жыхароў было ўзята 5 тыс. пудоў збожжа і больш 10 тыс. талераў.

Змяншалася насельніцтва гарадоў і ў выніку эпідэмій. Яны былі частымі. З-за антысанітарнага стану гарадоў хваробы ўносілі сотні тысяч жыхароў. З прычыны войнаў і эпідэмій рэзка скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі. Калі ў 1650 г. у Беларусі жыло 2,8 млн. чалавек, то ў 1667–1673 гг. – не больш як 1,4 млн. Да 1700 г. колькасць насельніцтва павялічылася да 2,2 млн. чалавек, але пасля Паўночнай вайны зноў зменшылася да 1,5 млн. У сярэдзіне ХVІІІ ст. наступае глыбокі заняпад беларускіх гарадоў. Зменшылася колькасць жыхароў, знізіўся аб’ём рамеснай вытворчасці і гандлю, узрасло значэнне сельскагаспадарчай працы.

Як самастойны сацыяльны слой грамадства гараджане вылучыліся да сярэдзіны ХVІІ ст. Аб гэтым сведчаць заканадаўчыя кодэксы 1529 і 1566 гг. Статуты разглядалі гарадское насельніцтва як адно з саслоўяў. Грамадскае становішча гарадскога саслоўя ўскладнялася тым, што многія гарады былі ўласнасцю феадалаў, яны маглі перадаваць сваю ўласнасць у спадчыну, здаваць у заклад, арэнду, прадаваць, дараваць цэрквам, манастырам.

Асноўнай крыніцай фарміравання гарадскога насельніцтва з’яўлялася сялянства. Перш наперш тут сяліліся вольныя людзі. Вярхоўная ўлада гэтаму садзейнічала (іх вызвалялі на некалькі гадоў ад падаткаў) па той прычыне, што асобныя гарады выконвалі ролю крэпасцяў, плацдармаў для разгортвання ваенных дзеянняў і г.д. У ХVІ ст. феадалы сталі пасяляць у гарадах сваіх прыгонных і з мэтай павелічэння ўласных даходаў, “набыўшы ў горадзе пляц, подданых сваіх там асадзілі, каторыя вялі таргоўлю усялякіх пажіткаў мястэцкіх”.

Прыкметнай групай гарадскога насельніцтва на захадзе і ў цэнтры Беларусі ў ХVІ ст. былі яўрэі і татары. Да таго ж адметнай з’явай быў пастаянны рост гарадскога насельніцтва за кошт прытоку яўрэяў з Украіны і Польшчы. Да канца ХVІІІ ст. доля яўрэйскага насельніцтва ў гарадскім складала да 20-30 %. А ў цэнтры і на захадзе − яшчэ больш: каля 30-40 %.

У другой палове ХVІ ст. большая частка насельніцтва беларускіх гарадоў займалася рамяством. Дакументы нагадваюць больш за 100 прафесій і спецыяльнасцей рамеснікаў. У пачатку ХVІІ ст. колькасць рамесных прафесій і спецыяльнасцей падвоілася. Асноўнай стала для рамесніка работа не на заказ, а на продаж. З’яўляецца і шмат скупшчыкаў, якія яе арганізоўваюць. У буйнейшых гарадах рамёствамі займалася да паловы жыхароў. У структуры рамяства прыкметна вылучаецца выраб прадметаў шырокага ўжытку і прылад працы: здабыча і апрацоўка металаў (тут у крыніцах упамінаецца прыкладна 41 прафесія), апрацоўка дрэва (27), скураная і футравая вытворчасць (25), апрацоўка валакністай сыравіны і пашыў адзення (26), вытворчасць прадуктаў харчавання і напояў (21), апрацоўка мінеральнай сыравіны (12). З апісанняў і сведчанняў, якія захаваліся і дайшлі да нас, відаць, што беларускія рамеснікі былі добрымі знаўцамі сваёй справы. Іх вырабы вызначаліся высокай трываласцю, тонкасцю аздобы і дакладнасцю.

Структура рамёстваў у асобных гарадах адрознівалася паміж сабой. Калі, напрыклад, для Гродна былі характэрны будаўнічыя прафесіі (каменячосы, брукоўшчыкі, вапнякі, мялоўнікі і кафельнікі), то ў Полацку і Віцебску былі пашыраны прафесіі па абслугоўванні рачных партоў (кормчыя, судкоўшчыкі, бічаўнікі, палатняншчыкі) і ваенных крэпасцяў (кавалі-пішчальнікі, булатнікі, стрэльнікі). У Слуцку, Магілёве і Мінску рамеснікі больш за ўсё займаліся вырабам са скур, іх апрацоўкай (выдзелкай і афарбоўкай). Такім чынам, мы бачым тэрытарыяльны падзел працы.

Тут жа адзначым і такую дэталь: на працягу ХVІ – першай паловы ХVІІ ст. адбываецца яшчэ большае драбленне многіх прафесій. Напрыклад, у рамястве адзін шавец рабіў жаночы абутак, другі – мужчынскі, трэці – толькі для войска і г.д.

Промыслы з’яўляюцца ўласнасцю магістратаў і феадалаў. І тут ёсць свае асаблівасці. Так, млыны і цагельні часта належылі майстрам, а кузні, руднікі – феадалам. Але і тыя і другія здаваліся ў арэнду. Як бачна, ужываецца наёмная праца.

Для абароны сваіх інтарэсаў рамеснікі, па прыкладзе Заходняй Еўропы, з другой паловы ХVІ ст. удасканальваюць свае цэхавыя аб’яднанні. Цэхі прымалі рамеснікаў адной ці некалькіх сумежных спецыяльнасцей і абаранялі іх ад канкурэнцыі з боку прышлых сельскіх рамеснікаў, а таксама іншагародніх.

Цэхі складаліся прыкладна з 60-70 чалавек. Гэта былі майстры, чаляднікі (падмайстры), вучні. Майстры мелі ва ўласнасці прылады працы і майстэрні, дасканала валодалі прафесіяй. У якасці падручных у іх працавалі чаляднікі.

Жыццё цэхаў праходзіла ў адпаведнасці з трывалымі традыцыямі, якія старанна захоўваліся. Цэхі былі трох тыпаў: спецыялізаваныя (уваходзілі рамеснікі адной прафесіі), аб’яднаныя (дзвюх і больш блізкіх прафесій), зборныя (розных прафесій). Кожны цэх меў пісьмовы статут — сістэму правіл, якія рэгламентавалі вытворчую дзейнасць, парадак найму вучняў, чаляднікаў, пераход з разраду вучняў у чаляднікі і з чаляднікаў у майстры. Цэхавыя статуты строга патрабавалі ад майстра вырабляць прадметы высокай якасці і толькі свайго рамяства. У Полацку рамеснікаў, якія жылі ў горадзе, але не ўступалі ў цэх, называлі пакутнікамі. У другіх гарадах за імі замацавалася назва “партачы”.

У далейшым развіццёрамеснай вытворчасці, характарызуецца ростам спецыялізацыі. Так, у Віцебску ў 70-х гг. ХVІІІ ст. каля ¾ цэхавых рамеснікаў было занята апрацоўкай скуры, футра, дрэва і каменю, а таксама вырабам керамічнага посуду. У Оршы – краўцы складалі больш за 30 %, шаўцы – больш за 20 %, кавалі – прыкладна 15 % ад усіх цэхавых майстроў.

Рост спецыялізацыі тлумачыцца тым, што рамяство ў гэты час развівалася пераважна як таварная вытворчасць. Вось цяпер і пачынаецца эканамічная дыферэнцыяцыя рамеснікаў: з аднаго боку вылучаліся больш багатыя прамыслоўцы, якія мелі па некалькі вучняў, і чаляднікаў, і нават наёмных работнікаў, з другога – павялічваецца колькасць збяднелых. Рамяство хоць і працягвае развівацца ў асноўным у рамках цэхавай сістэмы, аднак ужо ўзмацняюцца прыметы яго разлажэння, ідзе развіццё капіталістычных адносін.

Войны і эпідэміі, змяншэнне насельніцтва абумовілі ў канцы ХVІІ ст. скарачэнне аб’ёму сельскагаспадарчай вытворчасці. Пуставала больш палавіны ворных зямель. Палі зараслі лесам. Некаторыя вёскі былі такія бедныя, што не маглі плаціць натуральны падатак. Трэць гаспадарак у Берасцейскім і Наваградскім ваяводствах засталіся без гаспадароў. Ва ўсходніх Беларускіх ваяводствах – Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім – 65-70% сялянскіх хат стаялі пустымі. У радзівілаўскім маёнтку Смалявічы з 1087 дамоў, якія налічваліся на 1664 г., засталося толькі 216. Колькасць закінутых, неапрацоўваемых валок павялічылася за часы ліхалецця з 9 да 362. Амаль тры чвэрці сялянскай зямлі пуставала ў вялікай Гарадзенскай эканоміі. Такая сітуацыя абавязвае многіх феадалаў раздаць зямлю сялянам і абмежавацца грашовымі і натуральнымі аброкамі. Вызваленыя ад паншчыны сяляне здолелі даволі хутка (ужо да 40-м гг. ХVІІІ ст.) узняць сельскую гаспадарку. З гэтага ж прыкладна часу больш прыкметна ідзе працэс аднаўлення фальваркаў. Як і раней, цяпер сеялі пераважна азімае і яравое жыта. На агародах адной з найважнейшых культур быў хмель (неабходны для піваварэння).

Важнае эканамічнае значэнне мела вінакурэнне. Феадалы шырока ўжывалі манапольнае права на выкурку і продаж гарэлкі залежнаму ад іх насельніцтву (права прапінацыі). Яны пераганялі на гарэлку і піва значную частку збожжа, пазбаўляючыся ад рызыкі, звязанай з ваганнямі попыту і рыначных цэн на збожжа. Гандаль збожжам вёўся не толькі на ўнутраным рынку. Буйныя феадалы арыентаваліся пераважна на замежны рынак.

У сувязі з “Уставай на валокі” сяляне падзяляліся на дзве катэгорыі – “цяглыя” і “асадныя”. За сялянскі кошт жылі і карміліся дзяржава, шляхта, войска, царква. На іх карысць прыгонныя адпрацоўвалі шматлікія павіннасці. Цяглыя сяляне павінны былі адбываць 2-х дзённую баршчыну з валокі, даваць натуральны і грашовы аброк і выконваць працоўную павіннасць у замках князя. Асадныя сяляне плацілі “чынш” у памеры ад 66 да 106 грошаў у год.

З цягам часу павіннасці сялян павялічваліся. Ужо ў пачатку ХVІІ ст. баршчына дасягнула 4-6 дзён у тыдзень. На працягу ХVІІ – ХVІІІ ст. норма прымусовай працы ў гаспадарцы феадала павялічвалася. Асабліва добра можна гэта адчуць, калі супаставіць дадзеныя аб памерах паншчыны ў адных і тых жа ўладанняў за розныя гады.Так, у маёнтку Радзівілаў Карэлічы цяглыя сяляне ў 1672 г. адбывалі паншчыну 4 дні з валокі і 5-ы дзень з “дыма” на тыдзень.Да 1746 г. паншчына тут павялічылася да 12 дзён на тыдзень. Павялічыліся аброк і грашовая рэнта. Цяжкая і без таго становішча сялян пагоршылася. Назіраецца масавы голад. Але ў цяжкія часы і ў гады пасляваеннага аднаўлення феадалы, каб прыцягнуць ці ўтрымаць у сваім маёнтку сялян, ішлі на пэўныя палёгкі і ў павіннасным рэжыме.

На захадзе і ў цэнтры Беларусі асноўнай формай гаспадарчай арганізацыі феадальнага ўладання як дзяржаўных, так і прыватнаўладальніцкіх маёнткаў да гэтага часу стаў фальварак. Ва ўсходняй частцы арганізацыя фальварачна-паншчыннай гаспадаркі зацягнулася да другой паловы ХVІІ ст.

Фальварак уяўляў сабой комплекс жылых і гаспадарчых пабудоў, вакол якіх размяшчаліся агароды, ворныя землі, сенажаці і лясы. Пры іх звычайна былі пасекі і сажалкі (для развядзення рыбы), вадзяныя млыны. Прычым будаваць млыны меў права толькі феадал. Была тут і карчма, таксама належала пану. Спіртныя напоі сяляне маглі купіць толькі ў карчмах. Парушэнне дадзенага правіла каралася штрафамі.

Такім чынам, нягледзячы на тое, што аграрная рэформа была накіравана на нівеліроўку сялянскіх павіннасцей і надзелаў, яна не спыніла рост маёмаснай дыферэнцыяцыі сялянства. Дзяржаўная ўлада старалася на працягу ўсяго часу заканадаўчымі мерамі задаволіць усё ўзрастаючае імкненне пануючага класа павялічыць колькасць прыгонных. Таму ўжо ў сярэдзіне ХVІІІ ст. пахожыя сяляне як гаспадары амаль поўнасцю знікаюць. Юрыдычная аформленасць закабалення сялян набліжалася да завяршэння. Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў Статуце 1588 года. Статут павялічыў тэрмін вышуку беглых сялян да 20 гадоў.

 

§2. З другой паловы ХVІ ст. сталі больш частымі антыфеадальныя выступленні сялянства і гарадской беднаты. Яны набываюць разнастайныя формы: уцёкі сялян ад сваіх уладальнікаў, супраціўленне зямельным рэформам (так было пры прыняцці “павалочнай памеры”), адмовы ад выканання паншчыны. Ёсць ужо асобныя выпадкі ўзброеных выступленняў. Атрады казакаў, што складаліся з выхадцаў з Беларусі, часта прыходзілі ў паўднёвыя раёны Беларусі і грамілі маёнткі свецкіх і царкоўных феадалаў.

У 1595 г. успыхнула буйное антыфеадальнае паўстанне пад началам Севярына Налівайкі. Яно пачалося на Украіне, а потым ахапіла частку Беларусі. Калі Налівайка з атрадам казакаў прыйшоў на тэрыторыю Беларусі, сяляне і гарадская бедната адразу ж пачалі да яго далучацца. Першым горадам, які паўстанцы занялі ў Беларусі, быў Петрыкаў. Адсюль Налівайка патрабаваў не перашкаджаць пастою казакаў у Слуцку. І Слуцк апынуўся ў руках паўстанцаў. У снежні 1595 г. Налівайка захапіў Магілёў. Супраць яго было накіравана войска. Але казакі і сяляне паспяхова адбілі ўсе атакі. Затым паўстанцы рушылі на Рэчыцу, Тураў, Пінск. На ўсім шляху яны разбуралі маёнткі, палілі прыгонніцкія дакументы. У гэты ж час казацка-сялянскія атрады Мацея Шувалы грамілі магнатаў і шляхцічаў каля Гомеля і Прапойска (сучасны Слаўгарад). У час паўстання Налівайкі на барацьбу ўздымаліся і польскія сяляне. У 1596 г. феадалам Рэчы Паспалітай удалося перамагчы паўстанцаў.

Свайго вышэйшага размаху антыфеадальны рух беларускага і ўкраінскага народаў дасягнуў у 40-50-я гг. ХVІІ ст. Цэнтрам барацьбы стала Запарожская Сеч. У складзе ўкраінскага казацтва было шмат казакаў – беларусаў, выгнаных з роднай беларускай хаты. Таму нярэдка паўстанні на Украіне адгукаліся паўстаннямі на Беларусі.

Пасля перамог Багдана Хмяльніцкага пры Жоўтых Водах і Карсуні (1648 г.) на Беларусі ўспыхнула моцнае паўстанне пад кіраўніцтвам Антона Нябабы. Да яго прымкнулі паўстанцкія групы іншых атаманаў (Галавацкага, Няпаліча, Хвэсько). Супраць паўстанцаў выступіў літоўска-беларускі гетман Януш Радзівіл. З боку паўстанцаў была немалая сіла – прыкладна 30 тысяч чалавек, ва ўрадавай арміі – не менш. Абодва лагеры біліся бязлітасна. Паўстанцы авалодалі Гомелем, Лоевам, Брагінам, Пінскам. У Пінску яны загубілі ўсіх шляхцічаў, палякаў, не шкадуючы нават старых, малых, жанчын. Балоты і лясныя гушчары дапамагалі паўстанцам. Але ўрэшце рэшт урадавыя войскі прыступам узялі Пінск, які быў зруйнаваны і заліты крывёю. Задушана паўстанне і ў іншых месцах.

Праз некалькі месяцаў Беларусь зноў запалілася полымем паўстанняў у Слуцку, Быхаве, Чарнобылі, Магілёве, Рэчыцы, Мазыры, Бабруйску і інш. У колькасных адносінах паўстанцы мелі перавагу (а калі яшчэ сюды далучыць спачуваючых, дык – шматразова). Не было ў гэты час ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім, мабыць, павета, якога нельга прылічыць да ліку мяцежных. Такі паварот падзей (калі перамогі былі на баку паўстанцаў) занепакоіў кіруючыя колы Рэчы Паспалітай. Каралеўская ўлада прымае захады, каб ізаляваць беларускія землі ад казацкага пранікнення, а затым задушыць выступленні.

Увосень 1648 г. 12-14-тысячная армія пад агульным кіраўніцтвам Януша Радзівіла, яго стражнікаў (Мірскі, Горскі, Валовіч, Пац) накіравалася на выкананне каралеўскага загаду. Яны адваявалі Пінск, Бярэсце, Чарнігаў, Стары Быхаў, Слуцк. У першай палове 1649 г. войскі Вялікага княства Літоўскага здолелі ўзяць пад свой кантроль поўдзень Беларусі. Да восені 1651 г. ішла бесперапынная барацьба, але затым казацкія атрады былі выведзены з Беларусі. Спад, наступіўшы ў сувязі з паражэннем паўстанцаў, не прыпыніў зусім барацьбы, якая і надалей працягвалася ў розных формах.

Пасля Пераяслаўскай рады, калі Б. Хмяльніцкі прызнаў пратэктарат Расіі над Украінай (1654 г.), Масква аб’явіла вайну Рэчы Паспалітай. Напачатку ваенных дзеянняў поспех быў на баку Расіі. У маі 1654 г. 100-тысячная руская армія пачала наступленне на Рэч Паспалітую.

Да лета 1658 года расійскія войскі занялі Смаленск і яшчэ 33 гарады Беларусі, цэнтральную і значную частку Заходняй Беларусі, а таксама сталіцу ВКЛ – Вільню.

Летам 1655 года на Рэч Паспалітую напалі войскі Швецыі. Яны даволі хутка занялі вялікую частку тэрыторыі Польшчы і Жамойцію. 24 кастрычніка 1656 г. паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай было заключана Віленскае перамір’е, у адпаведнасці з якім Польшча і Расія спынялі ваенныя дзеянні паміж сабой і аб’ядноўваліся для барацьбы са шведамі. Да іх далучыліся Аўстрыя і Данія. Сумеснымі намаганнямі шведскія войскі былі выціснуты з захопленых зямель. Але ў 1658 г. баявыя дзеянні паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай узнавіліся. У асобных гарадах супраць расійскіх гарнізонаў выступіла насельніцтва. Вайна вялася з пераменным поспехам і скончылася падпісаннем Андрусаўскага перамір’я (1667 г.), згодна з якім Беларусь заставалася ў складзе Рэчы Паспалітай. Смаленскае ваяводства, левабярэжная Украіна і Кіеў адыходзілі да Расіі.

Усе гэта прывяло да крызіснага стану сельскай гаспадаркі, рамяства і гандлю Рэчы Паспалітай. Краіна страціла міжнароднае значэнне.

 

Такім чынам, сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў ХVІ – ХVІІІ стст., як і грамадска-палітычнае жыццё, не адзначалася стабільнасцю. У гэты час наглядаецца бурны рост гарадоў, павелічэнне гарадскога насельніцтва, а таксама і глыбокі заняпад гарадского жыцця. Аграрная рэформа другой паловы ХVІ – першай паловы ХVІІ стст. прывяла да ўсталявання фальварачнай сістэмы гаспадарання, канчатковага запрыгоньвання сялян і значнага павелічэння іх прыгонніцкага ўціску.

Барацьба за пазбаўленне ад нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту беларусаў і ўкраінцаў часам перарастала ў нацыянальна-вызваленчы рух, у 1648 годзе запарожскае казацтва ўзнялося на паўстанне, якое затым перакінулася на Беларусь. Адзін за другім прыходзілі сюды казацкія загоны. Каля іх гуртаваліся паўстаўшае беларускае сялянства і нізы мяшчан. Новы ўздым барацьбы з прыгнятальнікамі пачаўся вясной 1649 г. і працягваўся ў 1650 і 1651 годзе.

Пытанні і заданні:1. Пакажыце прычыны бурнага росту гарадоў і іх заняпаду ў асобныя перыяды ХVІ — ХVІІІ ст., рост і спецыялізацыю рамесніцтва. 2. Абазначце на карце месцы найбольш значных антыфеадальных выступленняў на Беларусі ў канцы ХVІ — першай палове ХVІІІ ст. 3. Якія вынікі для Беларусі мела вайна 1654-1667 гг.?

 

 

Тэма 3. Супярэчнасці і канфлікты сярод еўрапейскіх дзяржаў у ХVІІІ стагоддзе. Падзелы Рэчы Паспалітай

§1. Галоўныя рысы эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага развіцця заходнееўрапейскіх краін у пачатку ХVІІІ ст.

§2. Унутраныя прычыны палітычнага крызісу і эканамічнага заняпаду Рэчы Паспалітай

§3. Паўстанне Т. Касцюшкі. Канец Рэчы Паспалітай

§1. Магутныя раней дзяржавы Іспанія, Францыя і Рэч Паспалітая ў пачатку XVIII ст. прыходзяць у заняпад. Арыентацыя ў гэтых краінах на сельскагаспадарчы сектар робіць іх адсталымі ў параўнанні з Англіяй. У Англіі наглядаецца паскоранае прамысловае развіццё і яна праяўляе сябе на еўрапейскім кантыненце ў якасці патэнцыяльнага лідэра. У час вайны за “іспанскую спадчыну” Англія захапіла важную крэпасць Гібралтар, пашырыла свае ўладанні ў Паўночнай Амерыцы і выцесніла сваіх канкурэнтаў Іспанію, Францыю са сферы гандлю рабамі.

У сваю чаргу Расія, Прусія, Аўстрыя і Швецыя таксама праз агрэсіўную палітыку імкнуліся ўмацаваць свае пазіцыі на міжнароднай арэне.

Перадзел сферы ўплыву ў рэгіёне Балтыйскага мора прывёў да пряцяглай Паўночнай вайны (1700-1721). Вынікам гэтай вайны стала перамога антышведскага Паўночнага саюза (Расія, Данія, Саксонія, Прусія, Рэч Паспалітая), заняпад Швецыі і яе праціўнікаў Даніі, Саксоніі, Рэчы Паспалітай. І ў далейшым краіны, незадаволеныя вынікамі ранейшых ваенных і палітычных падзей, імкнуліся ўзмацніць свае пазіцыі, рыхтаваліся да новай вайны. У 1756-1763 гг. паміж Аўстрыяй, Францыяй, Іспаніяй, Расіяй, Швецыяй з аднаго боку і Прусіяй, Англіяй, Партугаліяй і шэрагам германскіх дзяржаў з другога ўспыхнула Сямігадовая вайна.

Вынікамі Сямігадовай вайны стала пашырэнне каланіяльнай экспансіі Брытанскай імперыі. Палітыка англійскага ўрада ў дачыненні да сваіх шматлікіх калоній насіла выразна эксплуататарскі характар. Сярод іншых калоній, якія давалі найбольшыя даходы, займалі англійскія ўладанні ў Паўночнай Амерыцы. Цяжкае становішча каланістаў дадзенай часткі свету падняло іх да масавых узброеных выступленняў за свае правы і свабоды.

У ходзе вайны каланісты здолелі атрымаць шэраг перамог над рэгулярнай брытанскай арміяй. Мірныя дамовы, заключаныя ў 1783 г. у Версалі, прызналі суверэнітэт ЗША. У 1787 г. Кантынентальны кангрэс ЗША прыняў Канстытуцыю, якая падцвердзіла федэратыўны статус краіны.

У Францыі ў гэты час адзначалася паступовае нарастанне крызісу абсалютнай манархіі. Рэзкае абвастрэнне грамадска-сацыяльных адносін пры адначасовым аб’яднанні інтарэсаў шырокіх народных мас і буржуазіі стала напрыканцы XVIII стагоддзя галоўнай прычынай Вялікай Французскай рэвалюцыі (1789-1794 гг.). Спачатку да ўлады ў гэтай краіне прыйшлі прадстаўнікі буйнай буржуазіі і ліберальнага дваранства. Але летам 1792 г. улада перайшла да жырандыстаў. Яны абвясцілі Францыю Рэспублікай, правялі жорсткія рэпрэсіі супраць былой правячай эліты, пакаралі смерцю караля Людовіка XVI. У 1799 г. у Францыі адбыўся дзяржаўны пераварот, пасля якога ўсталявалася асабістая дыктатура генерала Напалеона. Пры ім у Францыі ўзрасла роля арміі, краіна праводзіла агрэсіўную знешнюю палітыку.

У другой палове ХVІІІ ст. адбываецца ўзмацненне знешніх пазіцый Расіі. Яе галоўны праціўнік Францыя не змагла супрацьстаяць ёй і стварыць дзеяздольны “Усходні бар’ер” (у склад бар’ера ўваходзілі Швецыя, Рэч Паспалітая, Асманская Імперыя). Тут заслуга самой Расіі. Яна мела перамогі і над Швецыяй, і над Асманскай Імперыяй. Расія займае вядучае становішча ў Еўропе.

Пасля таго, як у 1733 годзе памёр кароль Аўгуст ІІ, у Рэчы Паспалітай пачалося бескаралеўе. Францыя падтрымлівала свайго стаўленіка Станіслава Ляшчынскага, з прыходам якога магла разлічваць на стварэнне паслухмянага для сябе блока дзяржаў супраць Расіі ў складзе Рэчы Паспалітай, Швецыі і Асманскай імперыі.

Расія разам з Аўстрыяй падтрымлівала свайго прэтэндэнта – сына Аўгуста ІІ. Пасля выбрання каралём Ляшчынскага прыхільнікі Аўгуста звярнуліся да Расіі, Аўстрыі і Прусіі з “Дэкларацыяй”, у якой прасілі абараніць польскую форму кіравання ад умяшання Францыі. Гэта дало повад для пачатку вайны, якая працягвалася з 1733 па 1735 год. Пасля перамогі рускіх войск каралём стаў Аўгуст ІІІ. Затым у 1735 (па 1739 г.) пачынаецца Руска-Турэцкая вайна, а з 1741 г. па 1743 г. Расія ўступае ў вайну са Швецыяй, дзе поспехі былі на баку рускіх войск. Актыўны ўдзел прыняла Расія і ў іншых агульнаеўрапейскіх канфліктах сярэдзіны ХVІІІ ст. У Сямігадоваю вайну (1756 – 1763) Расія ўступіла ў 1757 г., кульмінацыяй гэтай кампаніі было ўзяцце Берліна (28 верасня 1760 г.).

Другая палова ХVІІІ ст. таксама насычана войнамі. Рускія войскі нанеслі паражэнне Асманскай імперыі. У выніку Крым, адкуль на працягу многіх стагоддзяў ханы рабілі грабежніцкія набегі, перастаў быць васалам Асманскай імперыі. 8 красавіка 1783 года па Указе Кацярыны ІІ Крым быў уключаны ў склад Расіі. З 1788 года Расія вяла вайну са Швецыяй і Асманскай імперыяй, і тут яна мела бліскучыя перамогі. Апошнім важным дзеяннем Расіі ў другой палове ХVІІІ ст. сталі паспяховыя выступленні супраць Францыі ў Італіі, Аўстрыі, Паўночнай Італіі.

Дзяржавай, якая стала месцам сутыкнення супярэчлівых інтарэсаў Францыі, Аўстрыі і Расіі, да гэтага часу была Рэч Паспалітая. Менавіта на глебе інтарэсаў уключэння ў сферу ўплыву (палітычнага і ваеннага) Рэчы Паспалітай і стварыўся саюз Расіі і Прусіі. Праўда, мэты гэтых краін у адносінах Рэчы Паспалітай былі розныя. Кацярына ІІ аддавала перавагу захаванню Рэчы Паспалітай як цэласнай дзяржавы з расійскім уплывам на яе. Фрыдрых ІІ, прускі манарх, меў на мэце тэрытарыяльны падзел Рэчы Паспалітай і далучэнне яе тэрыторыі да Прусіі.

Былі і аднолькавыя мэты ў гэтых дзяржаваў: мець шырокія магчымасці для ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Саюзны дагавор паміж Расіяй і Прусіяй уключаў рашучыя супрацьдзеянні ўсялякім спробам ліквідаваць “liberum veto” (вольнасці шляхецкія) і дабіцца ўраўнавання правоў праваслаўных і католікаў. Але справы (знешнія) складваліся так, што Расія павінна была ўступіць Аўстрыі, пагадзіўшыся на падзел Рэчы Паспалітай, на якім настойвалі Прусія і Аўстрыя яшчэ з 1768 г.

 

§2. У сувязі з падзеламі Рэчы Паспалітай неабходна разгледзець, што ж рабілася ў самой Рэчы Паспалітай.

Рэч Паспалітая з другой паловы ХVІІІ ст. паступова адставала ад суседніх краін і, нарэшце, апынулася ў становішчы глыбокага заняпаду. Краіна перажывала стан грунтоўнага развалу. У гэтай краіне палітычная ўлада знаходзілася ў руках аднаго класа – шляхты. Іншыя класы і нават кароль не мелі ўлады, ніякіх правоў. Справа дайшла да таго, што шляхта мела права складаць у дзяржаве ваенныя саюзы для абароны сваіх класавых інтарэсаў і правоў (т.зв. канфедэрацыі) і законна падымаць бунт супраць караля, калі ён не ішоў насустрач шляхецкім патрабаванням і “парушаў”, як ім здавалася, яе правы. Кароль шукае выйсце, звяртаецца па дапамогу да чужаземных двароў, што давала апошнім повад для ўмяшання ва ўнутраныя справы Польшчы.

Сеймы ў апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай не маглі прыняць карыснае для дзяржавы рашэнне ў сувязі з існуючым прынцыпам аднагалоснасці. Адзін пасол Сейма сваім liberum veto – “не дазваляем” – прыпыняў любое рашэнне Сейма. Магнаты вялі паміж сабой сапраўдныя войны, крыўдзілі шляхту (драбнейшую) і іншыя станы. Шляхта здзекавалася з мужыкоў і мяшчан. Каталікі чынілі ўціск дысідэнтам (некаталікам). Дысідэнты, не маючы абароны ад сваёй дзяржавы, стваралі канфедэрацыі і звярталіся па дапамогу да чужаземных улад.

У 1767 г. утварылася дысідэнцкая (праваслаўна-пратэстанцкая) канфедэрацыя ў Слуцку (Слуцкая). Яе падтрымалі дзяржаўныя прадстаўнікі Расіі, Прусіі, Аўстрыі. Калі Сейм адмовіўся ўхваліць пастановы, якіх дамагаліся чужаземныя паслы і Слуцкая канфедэрацыя, то ў Варшаву былі ўведзены рускія войскі, арыштаваны правадыры крайне каталіцкай партыі Сейма. Толькі тады Сейм здаўся і (у 1768 г.) прыняў пастанову аб тым, што ўсе дысідэнты ў Польшчы не павінны прыгнятацца за рэлігійныя перакананні і маюць тое ж самае права, што і католікі. Расійскаму ўраду было дадзена права аберагаць правы дысідэнтаў і сачыць за недатыкальнасцю асноўных законаў Рэчы Паспалітай. Такім чынам, Расія атрымала як бы пратэктарат над Польшчай.

У адказ на гэта ўтварылася працілеглая канфедэрацыя ў г. Бары, каторая паставіла мэтай абарону паменшаных, на яе погляд, праў каталіцтва і незалежнасці Сейма. Стварэнне Барскай канфедэрацыі выклікала даволі шырокія паўстанні запарожскіх казакаў, т.зв. гайдамакаў (мужыкоў, што казакавалі ў правабярэжнай Украіне). Да мужыкоў далучылася і дробная праваслаўная шляхта. На чале паўстанцаў стаяў Максім Жалязняк. Найкрывавейшым эпізодам паўстання была разня ва Умані (Уманьская разня).

Выразны сацыяльны кірунак паўстання прывёў да часовай згоды паміж рускім урадам і Барскай канфедэрацыяй. Абодва бакі ўзяліся за паўстанцаў. Расправіўшыся з паўстанцамі, рускія рукамі Суворава прыкончылі і барскіх канфедэратаў. Вось тады ў 1772 г. і адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай. Да Расіі адышлі Віцебскае, Магілёўскае, Мсціслаўскае і частка Полацкага ваяводстваў. Насельніцтва адносна спакойна ўспрыняла далучэнне да Расійскай імперыі, прыгонныя сяляне ведалі сваіх паноў, а тыя ў асноўным захавалі свае ўладанні. З дзяржаўнай уладай яны сустракаліся рэдка.

Падзеі 1772 г. прабудзілі рэфармацыйны рух сярод адукаваных слаёў шляхты Рэчы Паспалітай. Праз Сейм былі праведзены новыя дзяржаўныя законы, вядомыя пад назвай Канстытуцыя 3 мая 1791 г.. У ёй было запісана, што заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму Сейму, які выбіраецца на 2 гады. Выканаўчую ўладу мае кароль, не выбраны, як гэта было раней, а наследны. Пастановы ўхваляюцца не аднагалосна, а большасцю. Было скасавана liberum veto, права шляхты на ўтварэнне канфедэрацый. Мяшчанам давалася права пасылаць у Сейм сваіх паслоў. Пану дазвалялася вызваляць мужыка ад прыгону, калі ў яго была на гэта добрая воля. Абвешчана была свабода веры, але каталіцтва прызнана пануючай рэлігіяй.

Хоць законы прымаліся пад уплывам Французскай буржуазнай рэвалюцыі, яны былі далёкія ад буржуазных запатрабаванняў. Да таго ж і такія невялікія змены ў заканадаўстве не спадабаліся большасці шляхецтва. Таму для абароны сваіх правоў магнаты і шляхта ўтварылі (у маі 1992 г. у м. Тарговіце, Украіна) Тарговіцкую канфедэрацыю пад патранатам рускага ўрада. Рускія войскі ў падтрымку Тарговіцкай канфедэрацыі занялі Варшаву. Прускі кароль як бы для спынення безуладдзя ў Польшчы заняў яе заходнія вобласці. Адбыўся другі падзел (1793 г.).

З боку патрыятычнага руху Польшчы ўзнікаюць арганізацыі, якія выступаюць за непадзельную і незалежную Рэч Паспалітую з Канстытуцыяй 1791 г. Такія арганізацыі былі створаны ў Літве і на Беларусі (яны працавалі сярод шляхты і мяшчан, да сялянства амаль не даходзілі).

 

§3. Прагрэсіўныя колы польскай шляхты, прадстаўнікі нараджаючайся буржуазіі зрабілі спробу захаваць нацыянальную самастойнасць Польшчы і ў сакавіку 1794 г. паднялі паўстанне. Цэнтр яго быў у Кракаве, правадыром – генерал Тадэвуш Касцюшка (1746–1817).

Выдатны дзеяч польскага нацыянальна-вызваленчага руху Т.Касцюшка нарадзіўся ў сям’і сярэднепамеснага шляхціча ў Слонімскім павеце (зараз Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці). Адукацыю атрымаў у Варшаўскім кадэцкім корпусе. Як адзін з лепшых яго выпускнікоў быў накіраваны ў Францыю, дзе прабыў 4 гады. Там ён і азнаёміўся з прагрэсіўнымі тэорыямі французскіх матэрыялістаў і асветнікаў, што аказала значны ўплыў на фармаванне яго светапогляду.

У 1776 г. Т. Касцюшка накіраваўся ў Амерыку, дзе ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць Паўночнай Амерыкі. Там ён зарэкамендаваў сябе добрым ваенным стратэгам. У 1784 г. Касцюшка вярнуўся на радзіму ў чыне брыгаднага генерала і стаў адным з кіраўнікоў патрыятычных сіл, якія выступалі за адраджэнне сваёй краіны. Вясной 1794 г. (12 сакавіка) Т. Касцюшка стаў кіраўніком паўстання, а 4 красавіка 1794 г. паўстанцкая армія пад яго кіраўніцтвам атрымала перамогу над рускім войскам генерала Дзянісава пры Рацлавіцах. Паўстанне распаўсюдзілася на другія ваяводствы Польшчы. 17 красавіка пачалося паўстанне ў Варшаве, дзе размяшчаўся буйны гарнізон рускіх войск. Хутка паўстанне перакінулася на тэрыторыю Беларусі і Літвы. У ноч з 22 на 23 красавіка пачалося паўстанне ў Вільні. Кіраўніцтва паўстаннем, якое ўзначаліў інжынер-палкоўнік Якуб Ясінскі, абнародавала маніфест, у якім быў заклік да насельніцтва далучыцца да паўстанцаў. Аднак у Беларусі да паўстання далучыліся толькі шляхта і частка гарадскога насельніцтва.

7 мая 1794 г. Т. Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, у якім абяцаў вызваліць сялян, зменшыць баршчыну, вызваліць усіх удзельнікаў паўстання ад подацей. Сяляне браліся пад апеку дзяржавы і маглі пакідаць свайго памешчыка пасля поўнага разліку з ім і выплаты дзяржаўных подацей (падаткаў). Але універсал не быў ажыццёўленны, шляхецкае кіраўніцтва паўстаннем адмовілася ад знішчэння прыгоннага права і перадачы зямлі сялянам. У выніку сяляне адышлі ад руху, гэта і з’явілася асноўнай прычынай яго паражэння.

 
 

10 кастрычніка ў бітве пры Мацеевічах былі разгромлены галоўныя сілы паўстанцаў, паранены Касцюшка трапіў у палон. Народна-вызваленчы рух у Польшчы, нягледзячы на яго часовыя поспехі, меў паражэнне. Падавіўшы паўстанне Т.Касцюшкі (восень 1794 г.), Расія, Аўстрыя, Прусія зрабілі трэці падзел Рэчы Паспалітай.

 

У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай да Расіі адышлі беларускія землі з насельніцтвам 4 млн. чалавек. Паводле першапачатковага адміністрацыйнага падзелу (1772 г.) паўночная (прыдзвінская) частка беларускіх зямель увайшла ў Пскоўскую, а паўднёвая (прыдняпроўская) – у Магілёўскую губерні. З гэтых дзвюх губерняў было ўтворана Беларускае генерал-губернатарства. Першым генерал-губернатарам Кацярына ІІ прызначыла графа, віцэ-прэзідэнта ваеннай калегіі З.Г.Чарнышова.

У 1776 г. з беларускіх і латгальскіх паветаў, якія да гэтага знаходзіліся ў Пскоўскай губерні, была ўтворана Полацкая губерня. У 1793 г. (пасля ІІ падзелу) утворана Мінская губерня, у 1795 г. – Слонімская і Віленская губерні. У 1796 г. (12 снежня) – указам Паўла І – лік расійскіх губерняў быў скарочаны. Да 1801 г. на землях Беларусі існавала тры губерні: Беларуская (у яе ўваходзілі Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы з насельніцтвам, прыкладна, 1500 тыс. чалавек, губернскі горад Віцебск), Мінская з колькасцю насельніцтва больш за 800 тыс., Літоўская з цэнтрам у Вільні, дзе пражывала, прыкладна, 1600 тыс. чалавек.

Але затым паводле ўказа Аляксандра і да 9 верасня 1801 г. быў зроблены новы губернскі падзел усей Расіі. На тэрыторыі Беларусі ўтварылася 5 губерняў: Магілёўская, Віцебская, Гродзенская, Віленская, Мінская. Першыя 2 губерні ўвайшлі ў Беларускае, а наступныя 3 – у Літоўскае генерал-губернатарсва. Такі падзел праіснаваў да 1915 г.

Як разглядаць падзел Рэчы Паспалітай? Разглядаць далучэнне Беларускіх зямель да Расійскай імперыі толькі станоўча (як гэта рабілі раней) ці адмоўна (што робяць сёння некаторыя навукоўцы, а больш за ўсё публіцысты) – нельга. Як і ва ўсялякай з’яве, у падзеле Рэчы Паспалітай і ўключэнні беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі – шмат супярэчнасцей, ёсць плюсы, ёсць мінусы. Тут прысутнічае і палітыка, і мараль.

Пагадзіцца можна толькі з тым, што разлажэнне Рэчы Паспалітай было з’явай больш не знешняга, а ўнутранага характару. Рэзка вызначаны сацыяльны антаганізм, палітычная анархія, нацыянальныя і рэлігійныя спрэчкі руйнавалі гэту дзяржаву. Існаваць так далей яна не магла, і было б дзіўным, каб яна не развалілася. Рэч Паспалітая, якая знаходзілася ў стане ўпадку і страціла сэнс суверэннай дзяржавы, ў 60-х гг. ХVІІІ ст. стала лёгкай здабычай у палітычных гульняў Аўстрыі, Прусіі, Расіі, а таксама Францыі і Асманскай Імперыі.

Узнікненне і працяглае існаванне такой дзяржавы, як Рэч Паспалітая, патрабуе яшчэ навуковага асэнсавання. Расійская, а затым савецкая гістарыяграфія трактавалі стварэнне Рэчы Паспалітай як польскую экспансію, падпарадкаванне Беларусі Польскай дзяржаве. Гістарыяграфія Польшчы таксама пераацэньвала значэнне польскага фактару ў грамадскім развіцці Беларусі таго часу. Тут Рэч Паспалітую атаясамліваюць з Польшчай. На наш погляд, Люблінскую унію нельга трактаваць як растварэнне Вялікага княства Літоўскага ў Рэчы Паспалітай. Гэта федэрацыя дзвюх дзяржаў, двух народаў (польскага і ліцвінскага), прыцірка якіх ішла на працягу ўсіх 200 год гісторыі.

Становішча Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай не было трагічным. Знаходзячыся ў Рэчы Паспалітай, Вялікае княства Літоўскае захавала аўтаномію і нават незалежнасць. Адсутнасць моцнай цэнтралізаванай улады ў Польшчы не дазволіла інкарпараваць цалкам Беларуска-Літоўскую дзяржаву ў склад Польшчы.

Самым моцным пацвярджэннем гэтага з’яўляецца правядзенне на працягу 70-80-х гг. ХVІ ст. агульнадзяржаўных сеймаў Вялікага княства Літоўскага, дзейнасць дзяржаўнага апарату, наяўнасць сваёй арміі, фінансаў, заканадаўства. Статут 1588 г. па сутнасці скасаваў многія палажэнні Люблінскай уніі. У ім нават не ўпамінаецца аб ёй.

Уваходжанне Беларусі ў склад Рэчы Паспалітай прывяло да павелічэння сіл для зняцця знешняй пагрозы, беларусы адчулі сваю прыналежнасць да еўрапейскай цывілізацыі, наладзіліся цесныя сувязі з заходнееўрапейскай культурай.

Аднак нельга не заўважыць і іншых працэсаў. У выніку збліжэння беларуска-літоўскай шляхты з польскай з мэтай набыцця “залатых вольнасцяў”, паступова сфарміравалася такая саслоўна-палітычная агульнасць, як “польскі народ шляхецкі”, якая базіравалася на рэлігійна моўна-карпаратыўным адзінстве.

У беларускага насельніцтва пры ўтварэнні Рэчы Паспалітай пагоршылася сацыяльна-эканамічнае становішча, узрос палітычны і адміністрацыйны ўціск з боку шляхты, адбываецца паланізацыя, духоўная экспансія народа, страчваецца яго нацыянальная самасвядомасць.

 

Такім чынам, у ХVІІІ ст. адбываецца ўзмацненне міжнародных пазіцый Расійскай дзяржавы. Атрымаўшы перамогі над Швецыяй і над Асманскай імперыяй, яна займае вядучае становішча ў Еўропе.

Адсутнасць у Рэчы Паспалітай моцнай цэнтральнай улады, залежнасць караля ад магнатаў і шляхты, наяўнасць “залатых шляхецкіх вольнасцей” разбалансавалі цэнтральную ўладу Рэчы Паспалітай, прывялі гэтую дзяржаву да феадальнай анархіі і да страты нацыянальнай самастойнасці.

 

Пытанні і заданні:1. Прасачыце змены ў расстаноўцы сіл у свеце на працягу XVIII ст. 2. Ахарактарызуйце становішча беларускіх зямель падчас войнаў XVIII ст. 3. Адзначце прычыны і вынікі вайны за незалежнасць у ЗША і Вялікай французскай рэвалюцыі. 4.Назавіце прычыны ўзмацнення міжнародных пазіцый Расіі ў другой паловеХVІІІ ст. 5.Назавіце фактары эканамічнага і ўнутрыпалітычнага аслаблення Рэчы Паспалітай. 6. Ахарактарызуйце дзейнасць Расіі, Прусіі і Аўстрыі ў ходзе трох падзелаў гэтай дзяржавы.

 

Глава 2. Нараджэнне індустрыяльнай цывілізацыі і яе ўплыў на Беларусь

Тэма 1. Беларускія землі ў складзе Расійскай імперыі

§1. Развіццё прадукцыйных сіл Беларусі ў новых умовах

§2. Напалеонаўскія войны і Беларусь

§1. У канцы XVIII – пачатку XIX ст. найбольш значнай падзеяй у Еўропе быў пераход ад рамесна-мануфактурнай вытворчасці, заснаванай на ручной працы, да фабрычна-завадской, заснаванай на выкарыстанні машын. Гэта прывяло да паскоранага развіцця многіх галін і перш за ўсе металургічнай. Ідзе ўдасканальванне наземнага і марскога транспарту, вядзецца будаўніцтва чыгункі, што садзейнічае фарміраванню ў Заходняй Еўропы і ЗША ўнутраных рынкаў і хуткаму развіццю вытворчых сіл і вытворчасці, значнаму росту прадукцыйнасці працы. Наглядаўся высокі рост аб’ему сельскагаспадарчай прадукцыі. З канца XVIII ст. у Еўропе наступіла другая дэмаграфічная рэвалюцыя. Ад 1800 да 1850 гг. прырост насельніцтва ў еўрапейскай частцы склаў больш за 65 млн. чалавек (у 1850 г. у Еўропе пражывала 266 млн. чалавек). У асобных краінах (Англія, Уэльс) высокага ўзроўню дасягнула урбанізацыя (амаль палова насельніцтва пражывала ў гарадах).

У выніку росту капіталістычных адносін, прамысловай буржуазіі і рабочага класа ў 1848 – 1849 гг. у многіх краінах Еўропы (Францыя, шэраг германскіх і італьянскіх дзяржаў, Аўстрыйская імперыя) успыхнулі буржуазныя рэвалюцыі.

Рэвалюцыі сталі вынікам унутраных супярэчнасцей і праходзілі ва ўмовах эканамічнага крызісу і рэзкага абвастрэння барацьбы рабочага класа як супраць старых феадальных парадкаў, так і за свае правы на працу, на ўдзел у грамадска-палітычным жыцці.

Нягледзячы на паражэнне, рэвалюцыі 1848-1849 гг. прынеслі рабочаму класу вопыт і вымусілі пануючыя класы пайсці на рэформы, на палітычную мадэрнізацыю, Канстытуцыі ўведзены ў Прусіі, Аўстрыйскай імперыі і П’емонце. Адбылося аслабленне залежнасці сялян ад памешчыкаў. У шэрагу краін Еўропы і ЗША ствараюцца выбарчыя установы пры арганізацыі новай дзяржаўнай сістэмы. Узнікла буржуазная палітычная і ідэалагічная плынь – лібералізм.

Менавіта ў гэтую эпоху Беларускія землі з насельніцтвам больш за 4 млн. чалавек адышлі да Расійскай імперыі.

Далучэнне Беларускіх зямель да Расійскай імперыі адбылося пры Кацярыне ІІ. Яе палітыка ў адносінах да новых зямель і яе насельніцтва заключалася ў тым, што рабіць асобых выключэнняў для беларусаў няма патрэбы: новы край – рускі край. Так глядзела на беларусаў сама Кацярына, так разумелі гэтую справу яе губернатары. Яны кіраваліся тэорыяй пра аднароднасць беларускага і велікарускага плямёнаў, падмацаванай гістарычнымі даведкамі. Усім насельнікам беларускага краю абвяшчалася, што яны цяпер маюць усе тыя правы і вольнасці, каторымі карыстаюцца старыя падданыя Расійскай імперыі. У новай дзяржаве магнаты Вялікага княства Літоўскага страцілі права трымаць свае войскі і крэпасці, шляхта – ствараць узброеныя саюзы. Шырокі расійскі рынак, вялікія запасы мінеральнай сыравіны паскаралі развіццё Беларусі ў прагрэсіўным напрамку.

Памяркоўную, талерантную палітыку заняла новая ўлада да католікаў, зусім іншую да уніятаў (у канцы ХVІІІ ст. да 75 % беларускага насельніцтва прытрымлівалася уніяцтва). Іх у масавым парадку пераводзілі ў праваслаўе. У Беларускіх губернях было ўведзена рускае заканадаўства, адміністрацыйны падзел на рускі ўзор, руская мова, за гарадамі захавана магдэбургскае права. Дваранству захаваны ўсе былыя прывілеі.

Пры Паўле (сын Кацярыны ІІ) Указам 1797 г. на Беларусі і Літве ўведзены ўсе мінулыя судовыя законы, у т.л. адноўлены Літоўскі трыбунал і Задворны суд. Павел падтрымліваў каталіцызм і нават езуітаў. І гэта прывяло да новага ўзмацнення паланізацыі края.

Пры пераемніку Паўла – Аляксандру І – на Беларусі меўся таксама моцны польскі ўплыў. Гэта эпоха абыякавага стаўлення да Беларусі з боку цэнтральнага ўрада. Як гэта не дзіўна, але ні абставіны 1812 г., ні адкрыццё польскіх тайных таварыстваў (1821 г.) не паўплывалі (у значнай ступені) на характар рускай палітыкі.

Такая палітыка працягваецца да 1830 г. У гэтым годзе група малодшых польскіх афіцэраў (падхаружых) распачала паўстанне ў Варшаве. Іх падтрымалі рабочыя, рамеснікі і студэнты. Быў утвораны Часовы Урад, фармавалася паўстанцкая армія. Польскі сейм, які сабраўся ў студзені 1831 г., аб’явіў дэтранізацыю (пазбаўленне польскага прастола) Мікалая І і незалежнасць Польшчы.

Кіраўнікі паўстання імкнуліся распаўсюдзіць яго на Літоўскія, Беларускія і Украінскія землі. Аднак польскае паўстанне 1830–1831 гг. не атрымала падтрымкі сярод шырокіх мас і сярод шляхты таксама. Прычына гэтага – вузкапалітычныя мэты, якія ставілі кіраўнікі паўстання (захаваць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г). Царскі ўрад, каб не дапусціць паўстання ў Беларусі, Літве і на Украіне, пасля чуткі аб паўстанні ў Варшаве аб’явіў гэтыя тэрыторыі на ваенным становішчы, затым увёў войска, за насельніцтвам быў устаноўлены палітычны нагляд.

Для агульнага кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі ў пачатку 1831 г. быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт. У красавіку паўстанне з Польшчы перакінулася ў заходнія ўезды Беларусі: Ашмянскі, Браслаўскі, Вілейскі, Дзісненскі. У ім прыняло ўдзел прыкладна 10 тыс. чалавек. Асноўную масу паўстанцаў складала шляхта, навучэнцы, афіцэры-палякі. Сяляне, пераканаўшыся, што кіраўнікі паўстання не ставяць перад сабой мэты вызвалення ад улады польскіх памешчыкаў, пакідалі атрады. А царскі ўрад для адцягнення сялянства ад паўстання абяцаў памілаванне і вызваленне ад польскіх памешчыкаў.

У канцы мая 1831 г. паўстанне ў Віленскай і Мінскай губернях было разгромлена, а ў Гродзенскай губерні яно толькі пачыналася. У гэты час Варшаўскі нацыянальны ўрад прыняў рашэнне аб пасылцы ў Літву і Беларусь польскага войска для дапамогі паўстанцам. У канцы мая атрад з 820 чалавек пад кіраўніцтвам генерала Хлапоўскага, прайшоўшы праз Гродненскую губерню, прыбыў у Літву, дзе злучыўся з мясцовымі паўстанцкімі атрадамі і 12-тысячным польскім корпусам, прыбыўшым сюды раней. 19 мая каля Вільні адбылася бітва, у якой паўстанцы пацярпелі паражэнне.

Улетку 1831 г. пачалося паўстанне на поўдні Мінскай губерні (Мозырскі, Рэчыцкі, Пінскі ўезды). Аднак, пазбаўленае дапамогі другіх тэрыторый, яно не мела належнага размаху і да канца ліпеня было падаўлена.

Пасля паўстання 1830–1831 гг. пачынаецца паварот у палітыцы царызму да Беларусі. Барацьба з польскім духам цяпер пачала весціся без уліку асаблівасцей Беларусі. У 1831 г. скасаваны дзеянні Літоўскага Статута для Віцебскай і Магілёўскай губерняў. 14 кастрычніка 1831 г. выйшаў царскі ўказ, згодна з якім усе, хто называў сябе шляхтай, павінны былі прад’явіць у адпаведныя ўстановы дакументы аб шляхецкім паходжанні. У 1832 г. пры ўрадзе створаны “Асобы камітэт па справах заходніх губерняў”. У гэтым жа годзе закрыты Віленскі універсітэт. У сярэдніх навучальных установах пашыралася вывучэнне рускай мовы, гісторыі і геаграфіі. Гімназіі Магілёўскай і Віцебскай губерняў пераведзены цалкам на рускую мову. 12 лютага 1839 г. на Полацкім царкоўным саборы прынята рашэнне аб далучэнні уніятаў да праваслаўнай царквы. У чэрвені 1840 года выйшаў указ аб адмене дзеяння ў беларуска-літоўскіх губернях Статута Вялікага княства Літоўскага. Пачалося ўвядзенне ў поўным аб’ёме расійскага заканадаўства.

Пасля ўключэння Беларускіх зямель у склад Расіі наступіла стабілізацыя абстаноўкі і паскарэнне эканамічнага развіцця. Пашыраюцца пасяўныя плошчы пад збожжа, тэхнічныя культуры (лён, каноплі, бульбу). Усё гэта дыктуецца патрэбамі Расійскага рынку. Напрыклад, вялікая колькасць беларускай пянькі ішла на задавальненне патрэб будаваўшагася ў той час Чарнаморскага флоту. Вялікая армія Расіі (яе патрэбы ў адзенні) – стымул для павелічэння колькасці палатняных, парусінавых, суконных, канатных і іншых мануфактур. Вялікі попыт на хлеб маецца ў Заходняй Еўропе. Асновай сельскай гаспадаркі становіцца земляробства, у прыватнасці вытворчасць збожжа. Хутка расце таварнасць памешчыцкіх гаспадарак, асвойваюцца нават пустэчы, ідзе высечка лясоў. Частка памешчыкаў пашырае свае землі за кошт сялянскіх угоддзяў.

Сярод сельскагаспадарчых культур у першай чвэрці ХІХ ст. вядучае месца дзеляць паміж сабой жыта і авёс. Яны займаюць да 90 % ад агульнай плошчы пасеяных збожжавых культур (па 45 % на культуру). Прыстасоўваючыся да патрэб рынку, усё больш уцягваючыся ў таварна-грашовыя адносіны, памешчыкі Беларусі перабудоўваюць гаспадарку, засяваючы больш выгадныя ў таварных адносінах культуры. У выніку сталі больш выразна акрэслівацца раёны з тым ці іншым напрамкам спецыялізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці.

Віцебская губерня канцэнтруе ўвагу на льнаводстве. Гэта ж культура пануе і ў паўночных паветах Мінскай, Віленскай, Магілёўскай губерняў. Раёнам найбольшага распаўсюджання пасеваў канапель былі цэнтральныя і паўднёвыя паветы Магілёўскай і ўсходнія Мінскай губерняў. Бульба з агароднай культуры ператвараецца ў палявую. Яе выкарыстоўваюць як сыравіну ў вінакурнай прамысловасці. Да 40-х гадоў бульба стала адной з найважнейшых даходных культур у памешчыцкай гаспадарцы.

Важнейшай галіной многіх памешчыцкіх гаспадарак стала вінакурэнне. У пачатку 40-х гг. ХІХ ст. у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай губернях дзейнічала больш за 3 тыс. вінакурных заводаў. Яны выраблялі да 6,5 млн. вёдраў гарэлкі ў год. А ў пачатку ХХ ст. у Беларусі налічвалася больш за 6 тыс. вінакурняў, або 25 % ад агульнай іх колькасці ў цэлым па Расіі. Даход ад продажу гарэлкі і спірту складаў 50-60 %, а часам і больш за усе даходы маёнтка.

Жывёлагадоўля ў гэты час не стала таварнай галіной, яна займала другараднае месца. Затое таварны характар набывае танкарунная авечкагадоўля. У памешчыка Паўлоўскага (Гродненская губерня) ферма мела амаль 40 тыс. авечак. Воўна вывозілася ў Польшчу, Рыгу, Данцыг, Маскву, Пецярбург, паступала на мясцовыя суконныя прадпрыемствы. З другой чвэрці ХІХ ст. у Беларусі пачала развівацца таварная свінагадоўля. У паўднёвых паветах Магілёўскай, Мінскай губерняў з пачатку 40-х гг. сталі сеяць цукровыя буракі і адкрываць цукраварныя заводы. Крыніцай даходаў асобных памешчыцкіх гаспадарак з’яўляецца продаж лесу.

Многія памешчыкі ў гэты час зацікаўлена адносяцца да навейшых рацыянальных спосабаў вядзення гаспадаркі. Шырока выкарыстоўваюць машыны (малатарні, веялкі і г.д.), укараняюць агратэхнічныя навінкі (шматпольныя севазвароты), робяць пераход да наёмнай працы. Уладальнікі буйных маёнткаў, пераконваючыся ў большай эфектыўнасці наёмнай працы, пераводзяць свае гаспадаркі на гэтую форму адносін.

Удасканаленню сельскагаспадарчай вытворчасці садзейнічала заснаванае ў 1826 г. “Беларускае вольнае эканамічнае таварыства”, якое праіснавала 15 год. Гэтаму ж самаму падпарадкавана і ўтварэнне Горы-Горацкага земляробчага інстытута. Акрамя асноўнай функцыі – падрыхтоўкі спецыялістаў сельскай гаспадаркі – інстытут узяў на сябе абавязкі збору і праверкі перадавога вопыту вядзення сельскай гаспадаркі, яго прапаганды, наладжвання сельскагаспадарчых выставак, выпуск інфармацыйных запісак і г.д. Аднак новыя з’явы ў першай палове ХІХ ст. захапілі не ўсе маёнткі. Частка памешчыкаў гаспадарылі па-старому. Панавала прымусовая праца, рост таварнасці дасягаўся за кошт павелічэння паншчыны.

Вялікая ўвага надаецца будаўніцтву шляхоў зносін. У 1797 г. пачалося будаўніцтва Бярэзінскага канала. Ён злучыў басейны Дняпра і Заходняй Дзвіны. Судаходныя зносіны па канале былі адкрыты ў 1806 г. У 1803 г. закончана рэканструкцыя Агінскага канала (ён злучыў басейны Дняпра і Нёмана). Пачалося паскоранае ўзвядзенне паштовых станцый. Назіраецца прыкметны рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Так, за 10 год (1776–1786 гг.) у Віцебску насельніцтва павялічылася амаль у 2 разы: з 5500 да 10300 чалавек.

Гарадская прамысловасць у першай палове ХІХ ст. фактычна знаходзілася на стадыі дробнатаварнай рамеснай вытворчасці. У канцы 20-х гг. ХІХ ст. колькасць дробных прамысловых прадпрыемстваў нязначна скарачаецца: 1796 г. – іх было 8844, у 1828 г. – 6681 (пераважна вінакурні і млыны). За гэты ж час лік мануфактур вырас амаль удвая, з 58 да 104. У 1860 г. – мануфактур стала ўжо 127. Пачынаецца пераход ад ручной працы да машыннай, утвараюцца першыя фабрыкі. Пачатак фабрычнай вытворчасці быў пакладзены ўсталяваннем у 1825-1827 гг. паравых рухавікоў на суконных прадпрыемствах у мястэчках Косава Слонімскага і ХомскКобрынскагапавету.У 1850 г. на Беларусі налічвалася 13 фабрык, у 1860 г. – 30. Фабрыкі пераўзышлі па вытворчасці (у рублях) прадукцыі мануфактуры, хоць мануфактур у гэты час было больш. Але ж дробная прамысловасць пераважае, у 1860 годзе яна выпускала прадукцыі ў 2 разы больш, чым мануфактурная і фабрычная разам узятыя.

Усё ж час бярэ сваё. Паступова развіваюцца капіталістычныя адносіны (праўда, больш марудна, чым у цэнтральных раёнах Расіі). Узрастае колькасць капіталістычных прадпрыемстваў, заснаваных на вольнанаёмнай працы. У сярэдзіне ХІХ ст. трэцяя частка прадпрыемстваў, мануфактур, фабрык належала капіталістам і была заснавана на працы вольнанаёмных рабочых. Праўда, і тут таксама пераважала дробная вытворчасць: з 4020 прамысловых прадпрыемстваў 3860 уяўлялі сабой дробныя майстэрні, у кожнай з іх працавала не больш за 16 рабочых. На ўсіх прамысловых прадпрыемствах працавала 17 тыс. рабочых. З іх вольнанаёмных было прыкладна 6 тыс. Самымі буйнымі прадпрыемствамі былі металаапрацоўчае прадпрыемства Бенкендорфа ў маёнтку Старынцы Чэрыкаўскага павета (600 рабочых) і цукровае прадпрыемства князя Паскевіча ў мястэчку Гомелі Беліцкага павета (прыкладна 200 рабочых).