Глава 2. Беларусь у міжваенны перыяд

Тэма 1. Міжнароднае і ўнутрыпалітычнае становішча Беларусі пасля грамадзянскай вайны

§1. Версальска-Вашынгтонская сістэма міжнародных адносін

§2. Увядзенне новай эканамічнай палітыкі

 

§1.Версальска-Вашынгтонская сістэма ўтварылася пасля завяршэння Першай сусветнай вайны. Версальскі мірны дагавор і іншыя звязаныя з ім дагавары мірнага ўрэгулявання вырашалі тэрытарыяльныя, ваенныя, эканамічныя пытанні. Германія абвяшчалася адказнай за развязванне вайны і прычыненныя ёю страты, што стварала прававую аснову для яе тэрытарыяльнага перадзелу і спагнання рэпарацыйных плацяжоў. Паводле дагавора яна вяртала Францыі Эльзас і Латарынгію, Бельгіі – акругі Эйпен, Мальмеды і Марэнэ, Даніі – паўночны Шлезвіг. Германія паводле дагавора прызнавала незалежнасць Польшчы, Чэхаславакіі і Люксембурга і брала на сябе абавязак паважаць незалежнасць Аўстрыі. Да Чэхаславакіі і Польшчы …
адыходзілі раней уключаныя ў склад Германіі частка сілезскай тэрыторыі, асобныя раёны Памераніі, Пазнаншчыны, Заходняй і Усходняй Прусіі. Данцыг ператвараўся ў вольны горад, Клайпеда і сумежныя тэрыторыі браліся пад кантроль Лігі Нацый.

Германія пазбаўлялася ўсіх калоній, уласнасці і прывілеяў за мяжой. Сухапутная армія Германіі скарачалася да 100 тыс. чалавек. Як гарантыя выканання Германіяй Версальскага мірнага дагавора прадугледжвалася акупацыя войскамі саюзнікаў тэрыторый на захад ад Рэйна на тэрмін ад 5 да 15 гадоў.

Для развіцця пасляваеннага супрацоўніцтва паміж народамі і забеспячэнні міру і бяспекі ў свеце была створана Ліга Нацый. Яе Статут быў уключаны ў Версальскі мірны дагавор 1919 г. і іншыя дагаворы Версальска-Вашынгтонскай сістэмы.

Наступным крокам стварэння Версальска-Вашынгтонскай сістэмы быў Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919 г. Дагавор зафіксаваў распад Аўстра-Венгерскай імперыі і стварэнне на яе тэрыторыі Аўстрыйскай Рэспублікі, Венгрыі, Чэхаславакіі і Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 г. — Югаславія) як самастойных дзяржаў. Аўстрыя таксама павінна была выплачваць краінам-пераможцам рэпарацыі.

Часткай Версальска-Вашынгтонскай сістэмы быў і Нейскі мірны дагавор з Балгарыяй. Пераможцы значна (больш чым на 11 тыс. км2) ўрэзалі тэрыторыю Балгарыі. На Балгарыю таксама ўсклалі цяжкія рэпарацыйныя плацяжы.

Такі ж падыход занялі краіны пераможцы і ў адносінах былых саюзнікаў Германіі, Венгрыі і Турцыі. Ад іх адрываліся ранейшыя тэрыторыі, абмежаванню падлягалі ўзброеныя сілы.

Версальскі мірны дагавор быў дапоўнены яшчэ трыма дагаварамі, якія прыняты на канферэнцыі (праходзіла ў Вашынгтоне ў 1921 г.) па абмежаванні марскога ўзбраення і па далёкаўсходніх і ціхаакіянскіх пытаннях. Удзельнікі ЗША, Вялікабрытанія, Кітай, Японія, Францыя, Італія, Нідэрланды, Бельгія, Партугалія, а таксама дэлегаты Індыі і Брытанскіх дамініёнаў дамовіліся аб сумеснай абароне іх праў на астраўныя ўладанні ў раёне Ціхага акіяна, аб абмежаванні марскіх узбраенняў і прынцыпах роўных магчымасцей ў Кітаі для гандлю і прадпрымальніцтва.

Версальска-Вашынгтонская сістэма праіснавала да 1 верасня 1939 г. З пачаткам Другой сусветнай вайны з-за супярэчнасцей, узнікшых паміж буйнымі дзяржавамі, яна распалася.

Як бачна, у выніку Першай сусветнай вайны і буржуазна-дэмакратычных рэвалюцый у Еўропе адбыліся змены. Месца кайзераўскай Германіі заняла Германская рэспубліка. Не стала Аўстра-Венгерскай імперыі.

На крайнім Захадзе Еўропы ў выніку нацыянальна-вызваленчага паўстання ўзнікла новая дзяржава Ірландыя, якая атрымала статус дамініёна Брытанскай імперыі. Паўночна-ўсходняя частка Ірландыі — Ольстэр — была далучана да Англіі.

На некаторых тэрыторыях Расійскай імперыі стварыліся дзяржавы з буржуазным ладам — Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва, Польшча. У апошнюю былі ўключаны польскія тэрыторыі Германіі, Аўстра-Венгрыі і Расіі, а таксама заходнеўкраінскія і заходнебеларускія землі.

Новыя межы разбурылі папярэднюю эканамічную прастору. Краіны былі ахоплены беспрацоўем і інфляцыяй, эканоміка ўзнаўлялася з цяжкасцю.

Для ЗША сусветная імперыялістычная вайна 1914-1918 гг. была прыбытковай справай. Чыстыя прыбыткі амерыканскіх прамысловых карпарацый выраслі з 3940 млн. долараў у 1914 г. да 8362 млн. долараў у 1918 г. У сувязі з выкананнем вялікіх ваенных заказаў капіталаўкладанні ў фабрычна-заводскую прамысловасць узраслі амаль у два разы. Агульны кошт прамысловай прадукцыі за гады вайны павялічыўся з 23,9 млрд. долараў да 62 млрд. долараў. Асабліва пашырыліся галіны прамысловасці, якія непасрэдна абслугоўвалі патрэбы вайны.

Акрамя таго, павялічыўся аб’ём знешняга гандлю: з 1813 млн. долараў у 1913 г. да 3904 млн. у 1919 г. Танаж гандлёвага флоту ЗША да вайны быў 4,3 млн. т., а да 1920 г. вырас да 14,6 млн. т.

Паскорыўся таксама працэс канцэнтрацыі вытворчасці і цэнтралізацыі капіталу. Фінансавыя магнаты ЗША Ракфелеры, Морганы, Меланы захапілі панаванне ў нафтавай прамысловасці. У стальной прамысловасці панавалі Морганы, у вугальнай – Морганы, Ракфелеры, Меланы, у каляровай металургіі — Меланы, Морганы, Гугенгеймы, Ракфелеры, у гумавай прамысловасці — Морганы, у хімічнай — Дзюпоны.

загрузка…

3 краіны-імпарцёра капіталу ЗША пераўтварыліся ў краіну-экспарцёра яго, з дзяржавы-даўжніка — у дзяржаву-крэдытора. Да вайны знешняя запазычанасць ЗША была 5,5 млрд. долараў. За гады вайны ЗША пазычылі саюзнікам 10 млрд. долараў і да канца вайны сканцэнтравалі ў сваіх руках больш за адну трэць сусветнага залатога запасу. Долар стаў асноўнай валютай у свеце, рос дабрабыт амерыканцаў. У выніку ЗША пераўтварыліся ў найбуйнейшую эканамічную дзяржаву свету, а Заходняя Еўропа стала іх даўжніком.

Аднак крах на Нью-Йоркскай біржы 24 кастрычніка 1929 г. («чорны чацвер») стаў пачаткам сусветнага эканамічнага крызісу. Вытворчасць у ЗША знізілася ў два разы, беспрацоўе дасягнула 25%, чвэрць фермераў пазбавілася зямлі.

Выйсце з крызісу пачалося ў сакавіку 1933 г., калі на пасаду прэзідэнта ўступіў кандыдат дэмакратычнай партыі Ф.Д. Рузвельт. Ён прапанаваў праграму выхаду з крызісу («Новы курс»), якая прадугледжвала шырокае ўмяшанне дзяржавы ў эканоміку. Былі рэфармаваны банкі, сельская гаспадарка, прамысловасць, арганізаваны грамадскія работы, уведзена дапамога для пенсіянераў і беспрацоўных, забаронена дзіцячая праца. У краіне пачалося эканамічнае ажыўленне. Рост ваеннай прамысловасці спрыяў таму, што ў 1939 г. было ліквідавана беспрацоўе. Яшчэ ў 1933 г. Рузвельт абвясціў палітыку добрасуседства ў дачыненні да краін Лацінскай Амерыкі. У гэтым жа годзе былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны з СССР.

Да сярэдзіны 20-х гг. удалося зблізіць пазіцыі еўрапейскіх краін, спыніць узровень інфляцыі і беспрацоўя. Паляпшэнне эканамічнага становішча пайшло на карысць занятым на вытворчасці, чый рабочы дзень паступова скараціўся да васьмі гадзін. Для іх спецыяльна будавалася жыллё, павялічваліся выплаты па сацыяльнаму страхаванню.

Еўрапейцы знаёмяцца з вобразам жыцця амерыканцаў, стараюцца ўзяць яго за узор.

 

§2.1920 г. характарызуецца вельмі складаным і напружаным міжнародным становішчы, якое перш за ўсё звязана з сусветным эканамічным крызісам. Краіны, якія былі ўцягнуты ў І сусветную вайну, заняты вырашэннем сваіх унутраных праблем. У адносінах да Савецкай Расіі ў іх кіраўніцтва існуюць два погляды. Першы — імкненне да развіцця эканамічных адносін і вяртанне Расіі на рэйкі капіталізму. Другі — аднаўленне супраць Саветаў узброенага паходу. Аднак, па словах Леніна, хоць ад усялякага нападу мы на валаску, Расія ў міжнародных адносінах мае новае становішча, калі наша асноўнае міжнароднае існаванне сярод капіталістычных дзяржаў адваявана.

На Міжнароднай эканамічнай канферэнцыі ў Генуі (адкрылася 10 красавіка 1922 г.) капіталістычныя краіны настойліва патрабавалі ад Расіі захаваць права прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, свабодны гандаль, прызнанне ўсіх узятых на сябе даўгавых абавязкаў.

У ходзе перамоў савецкія прадстаўнікі адверглі патрабаванні заходніх краін аб звароце нацыяналізаванай уласнасці іншаземцам і прызнанні ўсіх фінансавых абавязкаў дарэвалюцыйнага ўрада. У сваю чаргу дэлегацыя Расіі патрабавала ад краін Захаду пакрыць ёй убыткі, нанесеныя вайной, блакадай і грамадзянскай вайной.

У прадмесці Генуі Раппале з Германіяй быў заключаны дагавор, які прадугледжваў неадкладнае ўстанаўленне дыпламатычных адносін, узаемны адказ ад пакрыцця ваенных расходаў і страт нанесеных вайной, развіццё эканамічных адносін на аснове прынцыпу найбольшага спрыяння.

Тут жа таксама шукаюцца шляхі да дасягнення згоды з краінамі Антанты. Савецкі Урад пагаджаўся прызнаць і прыняць да уплаты праз 15-10 год некаторыя даваенныя даўгі пры прадастаўленні крэдытаў маладой краіне.

Канферэнцыі ў Генуі, затым у Гаге (з 15 чэрвеня па 20 ліпеня 1922 г.) мелі важнае палітычнае значэнне: удзел Савецкай Расіі ў дзвюх буйнейшых канферэнцыях у якасці паўнапраўнага члена азначаў фактычнае прызнанне яе асноўнымі капіталістычнымі дзяржавамі.

Да пачатку 1923 г. Савецкі Саюз меў сваіх прадстаўнікоў у 12 дзяржавах, устанавіўшых з ім дыпламатычныя адносіны. 1924 год стаў годам дыпламатычнага прызнання СССР Англіяй; у лютым-сакавіку СССР прызналі Італія, Нарвегія, Аўстрыя, Грэцыя, Швецыя; у маі – Кітай; у чэрвені – Данія. Такім чынам, у студзені 1925 г. СССР меў дыпламатычныя адносіны з 21-й дзяржавай капіталістычнага свету.

Пасля грамадзянскай вайны, замежнай ваеннай інтэрвенцыі перад кіраўніцтвам савецкай Расіі паўстала задача ўзнавіць разбураную гаспадарку і падрыхтаваць умовы для будаўніцтва новага грамадства.

На тэрыторыі ўсей краіны, у тым ліку і Беларусі, у заняпад прыйшла прамысловасць і сельская гаспадарка. У БССР прамысловая вытворчасць скарацілася амаль у пяць разоў, сельскай гаспадаркі – больш за палову ад даваеннай. Асабліва вялікім быў адрыў горада і вёскі. Палітыка ваеннага камунізму прыйшла ў супярэчнасць з інтарэсамі сялян, стала бачна, што раней былі дапушчаны памылкі пры экспрапрыяцыі экпрапрыятараў.

Было прапанавана часова адступіць. Пры камандных вышынях дзяржавы ў эканоміцы лічылася магчымым дапусціць капіталізм да вядомых памераў і трымаць яго пад кантролем. Было прапанавана стварыць эканамічны саюз паміж рабочымі і сялянамі. 8 лютага 1921 г. Ленін вылучыў праект, які быў прыняты і носіць у гісторыі назву новай эканамічнай палітыкі (НЭП). У ім прадугледжвалася здзейсніць цэлую сістэму мер, якая ўключала ў сябе наступнае: умацаванне саюза рабочых і сялян на эканамічнай аснове; развіццё прамысловасці на базе электрыфікацыі; кааперыраванне насельніцтва; выкарыстанне таварна-грашовых адносін; паўсямеснае ўкараненне гасразліку, асабістай зацікаўленасці; часовае дапушчэнне капіталістычных элементаў у эканоміцы; удасканаленне дзяржаўнага планавання і кіраўніцтва; барацьба з бюракратызмам, адміністрыраваннем, камчванствам; падняцце культуры ва ўсіх галінах дзейнасці чалавека.

НЭП стала рашуча ўводзіцца па ўсёй краіне, у тым ліку і на Беларусі. На аснове дэкрэта аб дэнацыяналізацыі дробнай маёмасці ў прамысловасці і сярэдніх прадпрыемствах такія прадпрыемствы звернуты іх ранейшым уладальнікам. З 1921 г. была дазволена арэнда сродкаў вытворчасці (памяшканняў, цэлых прадпрыемстваў у гандлі і прамысловасці, зямлі, тэхнікі). Прыцягваецца знешні капітал, утвараліся канцэсіі, сумесныя прадпрыемствы, і ў горадзе, і на вёсцы знаходзяць сваё месца кааператыўныя формы дзейнасці, праводзіцца ў жыццё прынцып матэрыяльнай зацікаўленасці (па колькасці і якасці).

У Беларусі НЭП ажыццяўляецца з некаторымі асаблівасцямі. Галоўнай асаблівасцю Беларусі з’яўляецца яе прамысловая адсталасць ад цэнтральных рэгіёнаў: тая колькасць рабочых, што мелася ў 1907 г. на буйных прадпрыемствах (100 тыс. чалавек), да 1921 г. скарацілася амаль у 2 разы. З невялікай колькасці прадпрыемстваў у ваеннай інтэрвенцыі і грамадзянскай вайне разбурана больш за палову. Разам з аднаўленнем народнай гаспадаркі, выраўноўваннем эканамічнага становішча ў адносінах да іншых рэгіёнаў на Беларусі прыходзілася весці барацьбу з бандытызмам і кантрабандай. Бандытызм як сацыяльная з’ява ўзнік у надзвычайных палітычных і эканамічных абставінах грамадзянскай вайны. Яго базу склалі дызерціры, крымінальныя і антысавецкі настроеныя элементы. З-за памылак, парушэнняў законаў, норм у паводзінах і дзеяннях асобных прадстаўнікоў Савецкай улады ў яго была ўцягнута частка сярэдняга сялянства і беднаты.

Увясну 1921 г. палітычны бандытызм на тэрыторыі Беларусі прыняў пагражальны характар: дзейнічалі 36 буйных атрадаў, больш за 5 тысяч чалавек. Каля 6 тысяч узброеных людзей знаходзілася ў пагранічных з БССР раёнах Польшчы. З-за гэтага прыйшлося ўвесці нават ваеннае становішча. Да жніўня 1921 г. сітуацыя ўскладнілася яшчэ больш: у сувязі з намечаным на верасень пачаткам збору першага харчпадатку ўзмацніліся ваенныя акцыі “зялёных” банд. Толькі ў 1922 годзе шляхам ваенных, адміністратыўных і іншых мер удалося ліквідаваць палітычны бандытызм.

Час дзеяння НЭПа – гэта лепшыя гады Савецкай улады, якія запомніліся павышэннем узроўню жыцця простых людзей. Статыстыка сведчыць: у 1927 г. па ўзроўню спажывання харчовых прадуктаў вышэйшыя рубяжы дарэвалюцыйнай Расіі засталіся ззаду. Гараджане, напрыклад, спажывалі ў сярэднім больш за 41 кг мяса, забяспечанасць хлебам была каля 180 кг у горадзе і 220 – на сяле на аднаго чалавека. Прыкладна такія ж нормы спажывання былі на Беларусі.

Больш перспектыўныя вынікі НЭПа праявіліся ў тым, што гаспадарчы механізм гэтай эканамічнай палітыкі нараджаў у чалавека імкненне да добрасумленнай, больш прадукцыйнай працы, да павышэння якасці прадукцыі. НЭП фарміравала тып працаўніка, які будаваў сваю работу не толькі на энтузіязме, а праз матэрыяльныя стымулы. Замест адміністратыўна-эканамічнага прымусу сялянства, канфрантацыі з ім Савецкая дзяржава дабілася эканамічнай згоды з сялянствам на аснове адраджэння нармальных таварна-грашовых адносін.

Станоўчыя вынікі НЭПа адзначылі ўсе вядучыя вучоныя свету. Так, амерыканскі палітолаг З.Бжэзінскі піша: для многіх людзей 20-я гг. “былі лепшымі гадамі той эры, пачатак якой абвясціла рэвалюцыя 1917 г., а палітыка НЭП стала па гэтай прычыне лаканічным тэрмінам для абазначэння перыяду эксперыментавання, гібкасці і памяркоўнасці”. Сапраўды, правядзенне ў жыццё новай эканамічнай палітыкі дазволіла ў кароткі тэрмін аднавіць прамысловасць, стабілізаваць эканоміку, узняць матэрыяльны дабрабыт насельніцтва. Палепшыліся жыллёвыя ўмовы працоўных, павялічылася колькасць устаноў аховы здароўя, пашыралася сетка дзіцячых устаноў, вырасла нараджальнасць, зменшылася смяротнасць. Гэта стварала добрыя ўмовы для здзяйснення новых, больш важных крокаў у развіцці прамысловасці, ажыццяўленні індустрыялізацыі рэспублікі. Але ў далейшым з боку цэнтральнага кіраўніцтва дзяржавай наглядаецца палітыка згортвання, а затым і злому НЭПа, што з’яўлялася ў той час адной з гістарычных памылак у справе адраджэння і далейшага развіцця краіны.

 

Такім чынам, з завяршэннем Першай сусветнай вайны дзяржавы-пераможцы стварылі Версальска-Вашынгтонскую сістэму мірнага ўрэгулявання, у якой Германія і яе былыя саюзнікі абвяшчаліся адказнымі за развязванне вайны.

Новая эканамічная палітыка Савецкай дзяржавы была распрацавана да пачатку 1921 года. Яна ўяўляла сабой сістэму гаспадарання, заснаваную на выкарыстанні рыначных, таварна-грашовых адносін, гаспадарчага разліку, асабістай матэрыяльнай зацікаўленасці.

 

Тэма 2. Шляхі і метады будаўніцтва індустрыяльнага грамадства ў савецкай Беларусі

 

§1. Індустрыялізацыя, пераход да планавай эканомікі

§2. Калектывізацыя і яе асноўныя вынікі

 

§1. Паколькі эканоміка Савецкай Беларусі была неад’емнай часткай эканомікі СССР, то і індустрыялізацыя тут пачалася адначасова з іншымі рэгіёнамі і праходзіла (з невялікімі асаблівасцямі) па тых жа агульных прынцыпах.

Першым дакументам, у якім індустрыялізацыя пастаўлена ў шэраг бліжэйшых і бягучых задач, была рэзалюцыя ХIV з’езда УКП(б). Тут гаварылася: трэба “разгортваць нашу сацыялістычную прамысловасць на аснове павышанага тэхнічнага ўзроўню, аднак у строгай адпаведнасці як з ёмкасцю рынка, так і з фінансавымі магчымасцямі дзяржавы”.

“Новая апазіцыя” і Л.Троцкі настойвалі на павелічэнні падаткаабкладання сялян, наступленні на “заможныя элементы” на сяле, прапаноўвалі за кошт расшырэння вывазу зерня за мяжу атрымаць дадатковыя крыніцы зберажэнняў на індустрыялізацыю. Але супраць скачкоў выступала тады большасць эканамістаў, кіраўнікоў і савецкіх служачых. У канцы 1926 г. ХV партыйная канферэнцыя прыняла рэзалюцыю “Аб гаспадарчым становішчы краіны і задачах партыі”, дзе гаварылася, што канферэнцыя асуджае погляды апазіцыі аб неабходнасці правядзення індустрыялізацыі шляхам такога абкладання падаткамі вёскі і такой палітыкі цэн, якія непазбежна прывялі б да прыпынку развіцця сельскай гаспадаркі, скарацілі б крыніцы сыравіны для прамысловасці і рынак збыту яе прадукцыі, што непазбежна прывяло б да рэзкага падзення тэмпаў індустрыялізацыі.

Сутнасць індустрыялізацыі заключалася ў хуткім развіцці ўсіх галін вытворчасці пры першачарговым развіцці тых галін, якія прызваны забяспечыць сродкамі вытворчасці ўсе сферы народнай гаспадаркі, рушыць уперад яе развіццё на базе дасканалай тэхнікі. Сюды ўваходзяць энергетыка, металургія, машынабудаванне, паліўная і хімічная прамысловасць. Індустрыялізацыя намячалася для таго, каб ператварыць СССР з дзяржавы, якая прывозіць машыны і абсталяванне, ў краіну, што займаецца вытворчасцю машын і абсталявання, каб такім чынам СССР уяўляў сабой не дадатак, а самастойную эканамічную адзінку.

Нягледзячы на тое, што эканоміка Беларусі была арганічна звязана з іншымі рэспублікамі СССР, індустрыялізацыя тут мела свае асаблівасці, іншымі былі тэрміны і тэмпы. З 1926 г. і да канца І пяцігодкі тут асноўная ўвага надавалася развіццю лёгкай і харчовай прымысловасці. Гэта абумоўлена багаццем мясцовай сыравіны, склаўшыміся кадрамі, існуючымі традыцыямі. Будаванне і абсталяванне прадпрыемстваў гэтых галін патрабавала значна меншых затрат і выконвалася ў больш кароткія тэрміны. За 1925-1928 гг. на Беларусі пабудавана 150 прамысловых прадпрыемстваў, у асноўным тэкстыльнай, дрэваапрацоўчай і швейнай прамысловасці. Частка сродкаў выдзялялася на развіццё прамысловасці будматэрыялаў, лесаапрацоўкі, энергетычнай і машынабудаўнічай галіны.

У 1928 г. выпускам 200 свідравальных і 15 такарных станкоў завод “Энергія” (станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі) паклаў пачатак станкабудаванню ў Беларусі. На патрэбы энергетыкі было выдаткавана 7,5 млн. рублёў, да пачатку І пяцігоддзя выпрацоўка электраэнергіі вырасла ў 1,7 раза.

У 1928 г. на Беларусі, як і ва ўсёй краіне, зроблены пераход ад гадавых планаў да пяцігадовых. Першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР быў зацверджаны ІХ з’ездам Саветаў рэспублікі ў маі 1929 г. Характэрнай асаблівасцю яго з’яўлялася збалансаванасць і выразнае абаснаванне мэт і задач пяцігодкі. У плане ўсебакова распрацаваны праблемы эфектыўнасці вытворчасці, з улікам суадносін спажывання і назапашвання, развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі, вытворчасці сродкаў вытворчасці і вытворчасці прадметаў спажывання. Між іншым, у плане, распрацаваным на І пяцігодку развіцця БССР, былі захаваны ўсе асноўныя народнагаспадарчыя прапорцыі, не дапушчана парушэнняў раўнавагі.

Першыя два гады пяцігодкі далі добрыя вынікі. Прамысловасць рэспублікі ўпэўнена рухалася ўверх. У 1929-30 гг. прамысловай прадукцыі атрымана на 187 млн. рублёў больш, чым у 1927-28 гг. Карэнныя змены адбываліся ў рабочым класе рэспублікі: калі ў пачатку пяцігодкі на адно буйнае прамысловае прадпрыемства прыходзілася каля 250 рабочых, то праз два гады – ужо 870. Выкананы і планавыя заданні па аб’ёме прадукцыі.

За гады першай пяцігодкі па эканамічных паказчыках прамысловасць рэспублікі зрабіла вялікі крок наперад. Увайшлі ў строй 538 прадпрыемстваў, у іх ліку 78 буйных: у 1931 г. пачалі працаваць панчошна-трыкатажная фабрыка ў Віцебску, аршанскі ільнокамбінат. Створаны новыя галіны: паліўная, машынабудаўнічая, хімічная. У 1932 г. выпушчана 1500 металаапрацоўчых станкоў і больш за 13 тыс. розных сельска-гаспадарчых машын. Сваіх рэспубліканскіх эканамічных рэсурсаў для ажыццяўлення такой буйнамаштабнай праграмы індустрыялізацыі не хапала. Таму прыкладна палова (100 млн. рублёў без уліку чыгуначнага транспарту) была выдаткавана з саюзнага бюджэту.

Важным сацыяльным вынікам індустрыялізацыі з’явілася ліквідацыя беспрацоўя: у 1928 г. налічвалася 50 тыс. беспрацоўных. У пачатку 1931 г. разам з біржамі працы зніклі і беспрацоўныя. Удзельная вага рабочага класа за першую пяцігодку ў складзе насельніцтва павысілася з 11,3 да 20 %.

Другая пяцігодка (1933-1937 гг.) дала павелічэнне валавай прадукцыі ў 1,9 раза. На яе завяршэнні рэспубліка выпускала ўжо 2,2 % усёй валавай прадукцыі прамысловасці СССР, 1,2 % – металаапрацоўчых станкоў, 28,7 % – фанеры, каля 7 % – паперы, 16 % – ільновалакна. З мэтай паскарэння тэмпаў эканамічнага развіцця ў рэспубліцы развярнулася сацыялістычнае спаборніцтва і ўдарніцтва, якое набыло масавы характар. Усе формы спаборніцтва былі скіраваны на развіццё вытворчай актыўнасці і рост кваліфікацыі працоўных, укараненне эфектыўных прыёмаў і метадаў працы, новай больш дасканалай тэхнікі.

У гады другой пяцігодкі ў рэспубліцы ўведзены ў эксплуатацыю шэраг буйнейшых прадпрыемстваў: Гомельскі шклозавод, Магілёўскі трубаліцейны завод, Мінская ТЭЦ-2, Полацкая, Мозырская, Барысаўская, Слуцкая электрастанцыі. Усяго за пяцігодку пабудавана 1700 прадпрыемстваў, каля 100 прадпрыемстваў карэнным чынам рэканструявана.

Значныя перамены адбыліся за гэтыя гады і на Віцебшчыне. У канцы 30-х гадоў тут мелася 493 буйныя прадпрыемствы, на іх працавала 51,5 тыс. рабочых. У народнай гаспадарцы працавала каля 4 тыс. спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Зрухі ў развіцці эканомікі Беларусі (у параўнанні з дарэвалюцыйнымі) сапраўды былі грандыёзныя.

Аднак у гэты перыяд усё больш і больш бярэ верх камандна-адміністратыўны стыль кіраўніцтва эканомікай. Такі стыль задавальняе Сталіна і яго групу (Куйбышаў, Молатаў, Андрэеў, Кагановіч, Кіраў, Мікаян). Іх погляды і дзейнасць тыпу: “выкананне планаў любым коштам” і эканамічная рамантыка накшталт таго, што “воля партыі вытварае дзіва” нанеслі вялікую шкоду працоўным усіх рэспублік. У 1928 г. з пераходам да сістэмы хлебанарыхтовак “надзвычайнымі”, г.зн. гвалтоўнымі метадамі пачаўся адказ ад НЭПа. А ў 1929-1932 гг. адбыўся поўны яе злом. Альтэрнатыўны шлях развіцця, за якім стаяла група Бухарына, заснаваны на строгім уліку аб’ектыўнай эканамічнай заканамернасці, быў закрыты. Эканамічныя стымулы і гасразліковыя метады ў сфарміраваных планах як першай, так і іншых пяцігодак, у час іх рэалізацыі знікалі. На практыцы, вядучымі станавіліся метады каманднай эканомікі. Лозунг “Пяцігодку – за чатыры гады”, а затым частая змена (ці гонка) паказчыкаў у бок павышэння, адмоўна адбіваліся на канчатковых выніках. Абвастрылася праблема назапашвання, фарміраваўся затратны механізм. Увага звярталася толькі на рост аб’ёмаў, на колькасныя паказчыкі, якасныя паказчыкі былі на другім плане. Такое гаспадаранне абапіралася на шырокае выкарыстанне экстэнсіўных фактараў: у вытворчасць уцягваліся ўсё новыя дадатковыя рэсурсы, матэрыяльныя і працоўныя. У Беларусі толькі за 1935 год каля 40 % прадукцыі атрымана за кошт прыцягвання новых рабочых рук. 2/3 новага папаўнення рабочага класа давала сяло. Многія з сялян не ўмелі яшчэ ні чытаць, ні пісаць. Усё гэта ўскладняла асвойванне новай тэхнікі і тэхналогіі і не садзейнічала павышэнню прадукцыйнасці працы.

Да пачатку 30-х гг. з цэнтральных органаў краіны рэгламентаваліся ўсе асноўныя паказчыкі работы рэспубліканскай прамысловасці. Невыкананне планаў рэспублікай наверсе атаясамлівалася з падкопамі “контррэвалюцыянераў, шкоднікаў… і іншых ворагаў народа”. Вінаватых у эканамічных праліках, што сядзелі “наверсе”, не бачылі, затое адразу знаходзілі іх на месцах. Органы НКУС рэспублікі па прыкладзе Масквы, дзе раскрылі да гэтага часу “Прампартыю” і “Шахцінскую справу”, выявілі шмат “ворагаў народа” на Беларусі. Так, яны “разаблачылі” групу “трацкісцкіх контррэвалюцыйных шкоднікаў” у Віцебскім чыгуначным дэпо, а таксама на фабрыцы “Сцяг індустрыялізацыі”. Мясцовыя кіруючыя кадры абвінаваціліся ў нацыянал-укланізме. Таму ўлічваць нацыянальныя спецыфічныя інтарэсы рэспублікі апошнія не маглі. Яны паддаліся бюракратызму цэнтра. Рабілі ўсё па ўказцы. Ініцыятыву асабліва не праяўлялі.

Па многіх натуральных паказчыках ў І пяцігодцы рэспубліка планаў не выканала. Напрыклад, намячалася давесці вытворчасць электраэнергіі да 260 млн кВт.г. – выпрацавана 177 млн. кВт.г. За першую пяцігодку прамысловасць не выпусціла запланаванай прадукцыі на суму 192,5 млн. рублёў.

Значнымі стратамі адзначана палітыка “вялікага скачка” і ў гады ІІ пяцігодкі: нявыкананы планы павелічэння валавай прадукцыі (на 3,8 раза), сярэднегадавы прырост прадукцыі знізіўся на 14 %.

Утрымлівала элементы банапартызму ў 30-х гг. і сацыяльная палітыка. У прымітыўнай форме як быццам бы прымаліся захады, каб змяніць становішча рабочага класа. Але гэта рабілася ў асноўным за кошт сяла. Пагэтаму ўваход у горад станавіўся імкненнем міліёнаў людзей. Індустрыялізацыя з яе магутнымі маштабамі і нізкай вытворчасцю працы патрабавала ўсё новых работнікаў. Расла роля жанчын у грамадскай вытворчасці.

Новай рысай у жыцці рэспублікі стала маральнае стымуляванне працы. Для людзей таго часу падзяка за працу – урадавыя ўзнагароды, ганаровыя і пахвальныя лісты, фота на дошцы гонару – мелі важную ролю. Паколькі раней нічога падобнага ў такіх памерах не было, людзі ганарыліся грамадскай увагай да іх працы. Палітыка бясплатнай адукацыі (у І пяцігодцы – пачатковае навучанне, у ІІ пяцігодцы – абавязковая 7-класная адукацыя), медыцынскага абслугоўвання, 7-гадзінны працоўны дзень, абавязковы (аплочваемы) адпачынак і г.д. – усё гэта, канешне, успрымалася ў масавай свядомасці як вынік індустрыялізацыі. Разам з тым вялікая колькасць людзей гэтых прывілеяў (водпускаў, пенсій) не мела. Больш за ўсё гэта тычыцца сялян.

Крайне невысокім заставаўся ўзровень матэрыяльнага дабрабыту. Асабліва цяжкімі былі гады І пяцігодкі. У 1929 г. уведзена картачная сістэма. Але яна распаўсюджвалася толькі на частку насельніцтва. У 1930 г. хлебныя карткі мела толькі чацвёртая частка насельніцтва. Яшчэ менш людзей мела картку на мяса, масла і іншыя каларыйныя харчовыя прадукты. Толькі з 1935 г. пачынаецца паступовае паляпшэнне: адмяняюцца карткі на хлеб, потым – на астатнія харчовыя і прамысловыя тавары. Да 1940 г. узровень жыцця вярнуўся да зыходняга 1928 года. Але расходы на харчаванне заставаліся высокімі.

 

§2.У сваіх прамовах і працах У.І.Ленін указвае, што пабудова сацыялізму несумяшчальна з захаваннем раздробленай сялянскай гаспадаркі. Патрабуецца пераход да буйной калектыўнай сацыялістычнай гаспадаркі, укараненне кааперацыі. Пачынаць, як ён піша, трэба з прасцейшых форм: збытавой, забеспячэння, крэдытнай і толькі затым наладжваць вытворчую кааперацыю. Да таго ж ніякага камандавання, сяляне павінны самі вызначыць для сябе найлепшы від гаспадарання.

Ужо ў першыя дні пасля кастрычніка 1917 г. у краіне ўтвараюцца ў асноўным калектыўныя гаспадаркі. У Беларусі ў пачатку 1919 г. налічвалася 286 калектыўных гаспадарак, у тым ліку – 175 камун, 36 арцелей, 75 таварыстваў. Кіраўнікі Наркамзема, відавочна, стаялі на ілюзорных пазіцыях: ім здавалася, што абагульненне дробных сялянскіх гаспадарак дасць магчымасць хутчэй уступіць у сацыялізм.

Селянін-працаўнік на гэтым этапе не падтрымліваў ідэі бальшавікоў па стварэнні калектыўных гаспадарак з-за іх палітыкі сацыялізацыі зямлі і абагульнення, хай і невялікіх, сродкаў вытворчасці. Гэта, на думку селяніна, пагражала яму стратай усяго таго, чым ён валодаў. Атрымаўшы зямлю, селянін жадаў рэалізаваць сябе як яе ўласнік. Пакуль ён не вычарпаў свой патэнцыял удасканалення аднаасобнай гаспадаркі, аб другіх формах ён думаць не жадаў. Па гэтай прычыне наспех скалочаныя камуны і арцелі пачалі распадацца.

Але было б неаб’ектыўна не адзначыць, што ў першыя гады НЭПа некаторыя мясцовыя органы дзяржаўнай улады і грамадскія арганізацыі Беларусі рабілі шчырыя захады, каб перавесці сялянскую гаспадарку на кааператыўны шлях. Значную дапамогу сялянам у набыцці сельскагаспадарчых машын, мінеральных угнаенняў, керасіну, іншых неабходных для іх прылад працы і быту аказваў утвораны ў 1921 г. саюз сельскагаспадарчых кааператываў. Ад гэтага меліся нядрэнныя вынікі: адбылося павелічэнне пасяўных плошчаў, узрос лік гаспадарак, якія набылі сучасную сельскагаспадарчую тэхніку, коней, кароў. Менавіта кааператыўны рух дапамог пераадолець голад і разруху, садзейнічаў аздараўленню фінансавай і грашовай сістэмы. У канцы 20-х гадоў сельскагаспадарчая вытворчасць у Беларусі займала сярод іншых галін вядучае месца. Яе прадукцыя ва ўсёй валавой прадукцыі рэспублікі ў 1928-1929 гг. складала 51%.

Аднак развіццё сельскай гаспадаркі на больш-менш абгрунтаванай і добраахвотнай кааператыўнай аснове было нетрывалым і нядоўгім. Пасля паездкі Сталіна (студзень 1928 г.) у Сібір ён разам са сваім акружэннем бярэ курс на адміністратыўныя меры па абагульненні сельскагаспадарчай вытворчасці. “Каб паставіць збожжанарыхтоўкі на больш-менш пасрэдную аснову… патрэбна, – піша Сталін, – разгортванне будаўніцтва калгасаў і саўгасаў”. Глыбокі сацыяльны паварот, на які патрабуецца, згодна з ленінскім указаннем, цэлая эпоха (ды і не ў такіх формах), у Сталіна ператварыўся ў аператыўную кампанію. Сталін цяпер лічыць магчымым ставіць тэрміны гэтага буйнога грамадскага пераўтварэння не прыблізныя, а выразныя і вельмі абмежаваныя: “…Трэба дабіцца таго, каб на працягу трох-чатырох год калгасы і саўгасы як здатчыкі хлеба змаглі даць дзяржаве хоць бы трэцюю частку патрэбнага хлеба”.

У Беларусі, як і паўсюдна, пачалося абагульненне пасяўных плошчаў і сялянскіх гаспадарак. У перыяд вясенняй пасяўной кампаніі 1929 г. было створана 357 калгасаў. Знайшліся кіраўнікі, якім хацелася выслужыцца. Напрыклад, сакратар ЦК КП(б)Б К.В.Гей у студзені 1930 г. патрабаваў завяршыць суцэльную калектывізацыю да 1931 г. Пад прэсам адміністрацыйнага ўціску Беларусь у сакавіку 1930 г. па тэмпах калектывізацыі пераўзышла ўсе рэгіёны. Тут з’ядналі 63 % сялянскіх гаспадарак. (Для параўнання: на Украіне – 58 %, Закаўказзі – 50 %). Абагульненне вялося ў прымітыўныя формы гаспадарання. У адным толькі Гарадоцкім раёне ў пачатку 1930 г. налічвалася 46 камун.

Ідзе раскулачванне: ужо да мая 1930 г. у Беларусі раскулачана 15,5 тыс. гаспадарак (прыкладна 2 %). Канфіскуецца маёмасць тых, хто не хоча добраахвотна ўступаць у калгас. Трагізм дапушчаных памылак хутка стаў настолькі відавочны, што патрабаваліся імклівыя меры па іх выпраўленні. У сродках масавай інфармацыі выйшаў артыкул Сталіна “Галавакружэнне ад поспеху” і прынятая ЦК пастанова “Аб скрыўленні партлініі ў калгасным руху”. У іх абвінаваціліся ў злоўжываннімясцовыя органы ўлады. Пасля чаго пачаўся адток сялян з калгасаў. У чэрвені 1930 г. Беларусь з лідэраў перайшла ў адстаючыя: у абагуленых гаспадарках засталося толькі 12 працэнтаў сялян. Але і ў далейшым, як і раней, прымусова абагульняліся жылыя памяшканні, жывёла. Аплата працы ў калгасах вялася па астатачным прынцыпе (пасля выканання дзяржпаставак). У выніку чаго часцей за ўсё на аплату не заставалася нічога.

Вясной 1932 г. у Беларусі наглядаецца чарговы адток сялян з калгасаў. Толькі за 2-3 месяцы распалася больш за тысячу калгасаў. З іх выйшла 55 тыс. сялянскіх гаспадарак.

Каб стварыць калгас, улады прымалі пагражальна-рэпрэсіўныя метады. Асабліва ўзмацніліся рэпрэсіі супраць сялян у студзені 1933 г. праз палітаддзелы. За год сваёй працы палітаддзелы “разаблачылі” ў Беларусі 2700 “кулакоў-шкоднікаў”, знялі з работы за “варожую” дзейнасць 1544 работнікаў.

Вышукванне шкоднікаў і контррэвалюцыйных элементаў ажыццяўлялася і па партыйнай лініі. У канцы 1933 года ў выніку чысткі партыйных арганізацый з радоў партыі было выключана 6 тыс. камуністаў і 3,7 тыс. кандыдатаў (15,6 і 25,7 %). А вось праверка і абмен партыйных дакументаў, што праходзілі ў 1935-1936 гг., далі большыя “вынікі”. З радоў Кампартыі Беларусі была выключана палова ўсяго яе саставу. Даволі часта партыя вызвалялася ад тых, хто крытыкаваў “ваенна-камуністычную” сістэму, хто гаварыў аб неабходнасці прадастаўлення свабоды слова і стварэнні чалавеку ўмоў для нармальнага асабістага і грамадскага жыцця. Не было літасці і тым, хто ўслых казаў аб захаванні роднай мовы і культуры.

У канцы ІІ пяцігодкі калектывізацыя ў Беларусі завяршылася. Аднак і далей тут папулярнымі былі такія метады “выхавання”, як штрафы, выключэнне з членаў калгаса, высяленне з мясцовасці, парушэнне дэмакратычных норм у адносінах да тых, хто меў асабістае меркаванне. Пад моцным адміністрыцыйным уціскам ажыццяўлялася калектывізацыя і ў Заходняй Беларусі (пасля ўз’яднання). Ужо да мая 1940 г. тут утворана 430 калгасных гаспадарак, у чэрвені 1941 г. – 1115 калгасаў. У выніку адбылося скарачэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы больш чым на 6 %, свіней – на 26 %, авечак – на 10 %, коней – на 8,5 %.

Несумненна, што ў Беларусі было дастаткова высокаадукаваных людзей з ліку партыйных работнікаў, інтэлігенцыі, гаспадарнікаў. Супраць валюнтарысцкіх, сілавых метадаў выступілі сакратар ЦК КП(б)Б В.Г.Кнорын, наркам земляробства Прышчэпаў, Лабаноўскі, Жылуновіч і інш. Але дэмакратычны шлях уздзеяння на выбар прымаемых рашэнняў тады ўжо быў зачынены. Супраціўленне курсу Сталіна ў той час станавілася важным аргументам для абвінавачванняў не згодных з гэтым курсам людзей у варожых дзеяннях. Так, галоўнае абвінавачванне Прышчэпава і яго прыхільнікаў зводзілася да насаджэння хутарызацыі ці ўтварэння кулацкіх гаспадарак у Беларусі. Такое абвінавачванне негрунтоўна ўжо толькі таму, што хутары не былі новым гаспадарчым утварэннем у нашым краі. Яшчэ ў час сталыпінскай аграрнай рэформы тут было створана 55-60 тыс. хутароў і отрубаў. Таму, зыходзячы з сітуацыі, што мелася, пленумы ЦК КП(б)Б (верасень 1924 г. і красавік 1925 г.) рэкамендавалі дазволіць свабоду выбару сялянамі форм землеўладання. З улікам гэтых патрабаванняў Наркамзем БССР распрацаваў перспектыўны план развіцця сельскай і лясной гаспадаркі БССР на 1925/26 – 1929/30 гг., у якім прадугледжваў далейшае стварэнне хутароў і дробных пасёлкаў.

Тут мы маем якраз выключэнне з правіл таго часу, калі партыйны камітэт самага высокага ўзроўню займаў самастойную пазіцыю, без уліку ўказанняў ЦК УКП(б) і нават уразрэз яго лініі. Адпаведна з планам Наркамзема (аб праве выбару форм) на хутары і ў дробныя пасёлкі за 1924-1929 гг. пераселена амаль 130 тыс. сялянскіх гаспадарак. Аб тым, што гэта была не ўласная толькі думка і дзеянні Прышчэпава, кажа і тое, што на гэтыя мэты было дадзена з дзяржаўнай кішэні 4,8 млн. рублёў, а таксама прыкладна 6 млн. рублёў крэдыту.

 

Такім чынам, у 20-30-я гады ў Савецкім Саюзе, у тым ліку ў Беларускай ССР, ажыццяўлялася палітыка сацыялістычнай індустрыялізацыі. Гэта палітыка прадугледжвала развіццё ўсіх галін вытворчасці, але ў першую чаргу тых, якія забяспечвалі навукова-тэхнічны прагрэс. Яе ажыццяўленне дазволіла ператварыць аграрную дзяржаву ў індустрыяльна-аграрную, здольную наладзіць вытворчасць складанага тэхнічнага абсталявання, забяспечыць тэхніка-эканамічную самастойнасць. Аднак пры правядзенні індустрыялізацыі ў кіраўніцтве эканомікай пераважнае месца займае камандны стыль гаспадарання. Кіраванне ў асноўным абапіралася на шырокае выкарыстанне экстэнсіўных фактараў.

У 20-30-х гадах у краіне ажыццяўлялася палітыка калектывізацыі сельскай гаспадаркі, якая была скіравана на стварэнне буйнай сельскагаспадарчай вытворчасці, яе механізацыі, выкарыстанне тэхнікі, сучасных тэхналогій, дасягненняў навукі. Аднак недастатковы ўлік эканамічных законаў, фінансавых магчымасцей дзяржавы, канфрантацыі з сялянствам, адказ кіраўніцтва дзяржавы прадставіць гаспадарам добраахвотнасць у выбары форм пры вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, парушэнне прынцыпаў суадносін грамадскіх і асабістых інтарэсаў абумовіла тое, што калгасы і саўгасы знаходзіліся ў даволі цяжкім становішч.

 

Тэма 3. Культурнае і духоўнае жыцце ў БССР

§1. Стан развіцця адукацыі і навукі

§2. Грамадска-палітычнае жыццё

§3. Палітыка беларусізацыі

 

§1.У комплексе праблем будаўніцтва сацыялізму важнае месца займала ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці дарослага насельніцтва. Гэта была адначасова і палітычная задача, бо непісьменны чалавек стаіць па-за палітыкай. У канцы 1920 года 52,6% насельніцтва ва ўзросце ад 9 да 49 гадоў з’яўлялася непісьменным. Для ліквідацыі непісьменнасці ў гарадах і вёсках Беларусі створаны школы і пункты. На пачатак 1921 года выдадзена 60 тысяч буквароў “Долой неграмотность”. На кожны павет прыпадала каля 7 тыс. буквароў і 240 разразных азбук. Гарадскія, сельскія Саветы, камсамольскія арганізацыі стварылі групы садзейнічання ліквідацыі непісьменнасці. У 1930 годзе навучаннем было ахоплена каля 300 тысяч чалавек, з іх 277,8 тыс. чалавек у сельскай мясцовасці. З 1926 да 1932 г. пункты па ліквідацыі непісьменнасці і школы пісьменнасці закончылі больш за 800 тыс. чалавек.

Індустрыалізацыя краіны і калектывізацыя сельскай гаспадаркі патрабавалі значнага паляпшэння агульнаадукацыйнай і культурна-тэхнічнай падрыхтоўкі насельніцтва. На першы план у пачатку 30-х гадоў выходзіць праблема ліквідацыі малапісьменнасці працоўных. 4 ліпеня 1932 года Урад рэспублікі зацвердзіў сістэму навучання дарослых. Яе пачатковым звяном сталі ўводныя курсы ў вытворчасці (60-80 акадэмічных гадзін), якія знаёмілі рабочых з тэхніка-эканамічнай і грамадска-палітычнай дзейнасцю прадпрыемства. Уведзены таксама пачатковыя політэхнічныя вытворчыя школы для рабочых і членаў іх сямей (тэрмін навучання 1,5 гады), якія будаваліся на базе ліквідацыйных пунктаў і забяспечвалі падрыхтоўку кадраў па розных прафесіях і іх перакваліфікацыю.

З 1934/35 навучальнага года ўстанаўлівалася адзіная пачатковая вячэрняя школа з трохгадовым тэрмінам навучэння. Яе асаблівасцю было тое, што агульнаадукацыйная падрыхтоўка навучэнцаў сумяшчалася з тэхнічнай або з агразаалагічнай вучобай.

Такія захады дзяржавы давалі добрыя вынікі: у 1939 годзе масавая непісьменнасць была ліквідавана. Пісьменнасць насельніцтва рэспублікі ва ўзросце 9 гадоў і старэй павялічылася з 53,1% у 1926 годзе да 78,9% у 1938 годзе.

Адной з цэнтральных задач нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў 20-30-я гады з’яўляецца ўвядзенне ўсеагульнага абавязковага навучання. Падрыхтоўчы этап да гэтага пачаўся ў кастрычніку 1923 года, у красавіку 1926 года пастанова ЦВК і СНК БССР “Аб увядзенні ўсеагульнага абавязковага навучання” паставіла задачу закончыць ажыццяўленне ў рэспубліцы ўсеагульнага навучання дзяцей 8-11-гадовага ўзросту не пазней, чым у 1934/35 навучальным годзе. Як сведчуць лічбы, ужо у 1931/32 навучальным годзе ў БССР гэта задача была выканана. Працягваецца паступовае ўвядзенне ўсенавучання на базе сямігадовай школы. З другой паловы 1932 г. пачалося поўнае ажыццяўленне ўсеагульнага абавязковага навучання за курс сямігадовай школы. Як і ў папярэднія гады, у гэтай працы актыўна ўдзельнічалі калектывы прамысловых прадпрыемстваў, калгасаў і саўгасаў, педагагічныя калектывы, прафесійныя і камсамольскія арганізацыі. У 1937/38 навучальным годзе кантынгент вучняў няпоўнай сярэдняй і сярэдняй школы вырас да 278454 чалавек. У 1931 годзе ставіцца задача забеспячэння ўсеагульнага сярэдняга навучання ў горадзе і завяршэння арганізацыі ў весцы і ва ўсіх нацыянальных рэспубліках усеагульнага сямігадовага навучання.

У Беларусі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вышэйшых навучальных устаноў не было, іх прыйшлося ствараць нанова. У 1918-1919 гг. настаўніцкія інстытуты, якія дзейнічалі ў Віцебску, Магілеве і Мінску, былі пераўтвораны ў вышэйшыя навучальныя ўстановы – педагагічныя інстытуты, затым да 1921 г. яны рэарганізаваны ў інстытуты народнай адукацыі. У канцы 1921 г. закрыт Мінскі інстытут народнай адукацыі, а ў 1923-24 гг. – Віцебскі і Магілёўскі, іх студэнты пераведзены на педагагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта

У 1919 г. пачаў работу Горы-Горыцкі земляробчы інстытут, у 1920 г. – Беларускі політэхнічны (у 1922 г. пераўтвораны ў інстытут сельскай і лясной гаспадаркі). У 1925 г. адбылося зліццё вышэй названых інстытутаў, на іх базе ўтворана Беларуская дзяржаўная акадэмія сельскай гаспадаркі. Пасля вялікай падрыхтоўчай работы 30 кастрычніка 1921 г. адбылося афіцыйнае адкрыццё Беларускага дзяржаўнага універсітэта, у 1924 г. – Віцебскага ветэрынарнага інстытута, у 1937 г. – Інстытута фізічнай культуры.

Такім чынам, у Беларусі склалася сістэма вышэйшай адукацыі: у 1925 г. тут працавалі 4 ВНУ, у іх налічвалася 4342 студэнты і 436 выкладчыкаў; у 1932 г. у сістэме вышэйшай школы налічвалася 31 установа з 10574 студэнтамі і 1388 выкладчыкамі.

Атрымала развіццё сярэдняя спецыяльная адукацыя. Усяго ў рэспубліцы да 1931 года было ўтворана 102 тэхнікумы, у якіх налічвалася 36,6 тыс. навучэнцаў.

Кадры масавых прафесій у 20-30-я гг. рыхтавалі школы фабрычна-завадскога навучання і сельскагаспадарчыя школы.

20-я гады сталі часам нараджэння беларускай савецкай навукі. 30 студзеня 1922 г. на базе навукова-тэрміналагічнай камісіі заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), які ў пачатку 1929 г. рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію навук (з 1936 г. – АН БССР). Вучоныя акадэміі плённа займаліся даследваннямі ў галіне фізіялогіі, геалогіі, хіміі. На Віцебшчыне ў другой палове 30-х гадоў працавала 5 вышэйшых навучальных устаноў, у іх налічвалася 2500 студэнтаў; 30 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, дзе навучалася каля 7 тыс. навучэнцаў і 1757 школ з больш чым 239 тыс. вучняў.

Поспехі ў адукацыі, навуцы, падрыхтоўцы кадраў масавых прафесій, што мелі ў гэтыя гады закладвалі асновы для далейшага паспяховага развіцця рэспублікі.

 

§2.Афіцыйна аснову грамадска-палітычнай сістэмы ў краіне складалі Саветы. Заканадаўча гэта было замацавана Канстытуцыямі СССР і БССР. Кіруючая роля ў будаўніцтве сацыялізму адводзілася палітычнай арганізацыі – КПСС. Уваходзілі ў палітычную сістэму прафсаюзы, камсамол, іншыя грамадскія арганізацыі. Для забеспячэння ўстойлівасці палітычнага рэжыму перад імі стаяла адзіная задача – выхаванне мас у духу камуністычнай ідэалогіі.

Адбылося так, што да сярэдзіны 1920-х гадоў у СССР склалася аднапартыйная сістэма. Ужо ў Канстытуцыі 1927 г. была замацавана манаполія партыі камуністаў. Усе дзяржаўныя і гаспадарчыя органы павінны былі выконваць дырэктывы і пастановы КП(б)Б.

Партыя прыняла на сябе адказнасць за ўсё, што адбывалася ў краіне. Яна заявіла аб поўнай рашучасці знаходзіцца ў авангардзе, утрымліваць уладу.

Час ад часу ў кіраўнічых радах партыі адбывалася ўнутрыпартыйная барацьба па пытаннях сацыялістычнага будаўніцтва.

Але да сярэдзіны 30-х гадоў грамадска-палітычнае жыццё адпавядала ідэйным поглядам Сталіна, склаўся палітычны рэжым яго асабістай улады: функцыі дзяржаўных інстытутаў і грамадскіх арганізацый Беларусі (як і па ўсёй краіне) заключаюцца ў выкананні распараджэнняў цэнтральных інстанцый. Саветы, прафсаюзы хоць і пашыраюць свой актыў, але істотнага ўплыву на падзеі не маюць.

У 1937 г. прымаецца Канстытуцыя БССР, у ёй абвяшчаецца адмена палітычных абмежаванняў сацыяльнага плана. Усе грамадзяне, незалежна ад сацыяльнага паходжання і становішча, атрымлівалі палітычныя правы, у тым ліку выбіраць і быць выбранымі. Шматступеньчатыя, няроўныя, адкрытыя выбары замяняліся прамым, роўным, тайным галасаваннем.

Новаўвядзенні выклікалі сапраўдны палітычны і працоўны ўздым. Аднак да сапраўднай дэмакратыі справы не даходзілі: кандыдаты ў дэпутаты падбіраліся загадзя, іх склад заўсёды планаваўся і кантраляваўся, вылучэнне двух ці больш кандыдатаў на адно месца не прадугледжвалася. Больш таго, Сталін у гэты час вылучыў лозунг аб тым, што па меры будаўніцтва сацыялізму класавая барацьба будзе абвастрацца. Пад прыкрыццём гэтай формулы адбываліся грубыя парушэнні сацыялістычнай законнасці, масавыя рэпрэсіі незгаворлівых апанентаў. Яшчэ раней сфабрыкавана паклёпніцкая кампанія аб заканспіраванай контррэвалюцыйнай арганізацыі СВБ (Саюз вызвалення Беларусі). У канцы 1929 – пачатку 1930 г. у БССР пракацілася хваля арыштаў асоб, якія быццам бы арганізавалі СВБ. У другой палове 1930 г. былі арыштаваны Прышчэпаў, Баліцкі, Адамовіч, Ільючонак. Пачаўся вялікі ўціск і абвінавачванні супраць У.Ігнатоўскага.

Акрамя тых “мер”, што ўжо называліся ў 1933, 1935-1936 гг., прымаліся захады па знішчэнні вальнадумцаў. У 1937 г. у ход была пушчана версія аб тым, што на Беларусі дзейнічае разгалінаванае антысавецкае падполле, нацыянал-фашысцкая арганізацыя на чале з кіраўніцтвам рэспублікі: сакратаром ЦК КП(б)Б Гікала М.Ф., старшынёй СНК БССР Галадзедам М.М., старшынёй ЦВК БССР Чарвяковым А.Г. “Ворагі народа” былі выяўлены ў іншых цэнтральных і абласных арганізацыях. Склалася атмасфера ідэалагічнага ўціску, падазронасці, даносаў. Спыніліся рэпрэсіі толькі пасля смерці Сталіна. З 1954 года вялася рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій.

 

§3. Пры разгортванні нацыянальнага будаўніцтва ў Беларусі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі неабходна было ўлічваць некалькі асаблівасцей.

Па-першае, адсутнасць цэласнасці эканамічнага жыцця, найважнейшай формы грамадскага развіцця нацыі, што надае ёй устойлівасць як гістарычнай супольнасці. Беларусь як асобная эканамічная адзінка гістарычна не існавала. Яе эканоміка доўгі час (прыкладна з сярэдзіны ХVІ стагоддзя) знаходзілася ў падпарадкаванні Рэчы Паспалітай, затым (з канца ХVІІІ стагоддзя) – Рускай дзяржаве. Да таго ж дастасуецца нізкі ўзровень эканомікі, які ўсталёўваўся на працягу некалькіх стагоддзяў і застаўся такім пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Па-другое, шматнацыянальны склад жыхароў Беларусі і неглыбокая нацыянальная самасвядомасць карэннага насельніцтва. Хоць доля беларусаў была даволі значнай (у 1926 г. каля 80 %), гісторыя паклапацілася аб тым, што на Беларусі пражывала таксама вялікая колькасць яўрэяў (8,2 %), рускіх (7,7 %), 2 % палякаў. Была тут невялікая частка ўкраінцаў, латышоў, літоўцаў, немцаў, татар і народаў іншых нацыянальнасцей. Нельга не адзначыць, што ўсе нацыянальнасці тут навучыліся ладзіць паміж сабой, вызначаліся высокім узроўнем цярпімасці адна да другой. Безумоўна, нацыянальная гістарычная спадчына стварыла асяроддзе, якое дае прадстаўнікам іншых нацый Рэспублікі Беларусь упэўненасць сёння адчуваць сябе роўнымі сярод роўных. Аднак кіраўнікам нанава ўтворанай рэспублікі трэба было ўлічваць неглыбокую нацыянальную самасвядомасць беларусаў: толькі нязначная частка насельніцтва, у асноўным інтэлігенцыя, адстойвала тады незалежнасць Беларусі, а большасць рабочых і сялян лічыла сябе часткай працоўнага народа Расіі, яе грамадзянамі і свядомага імкнення да беларускага нацыянальнага асабліва не праяўляла.

Па-трэцяе, нельга было не ўлічваць неразвітасць чыста беларускіх нацыянальных форм культуры. Асімілятарская палітыка Рэчы Паспалітай, а потым Рускай дзяржавы прывяла да таго, што беларуская мова знаходзілася ў заняпадзе. Дрэнна была распрацавана яе навуковая, палітычная і юрыдычная тэрміналогія. Беларуская мова не з’яўлялася дзяржаўнай. Пачынаючы з другой паловы ХVІІ стагоддзя, беларуская мова выцясняецца з літаратурнага ўжытку. У гарадах насельніцтва карысталася ў асноўным рускай мовай, а на сяле – беларускай. Да таго ж назіралася вялікая стракатасць дыялектаў беларускай мовы ў асобных рэгіёнах Беларусі.

Бальшавіцкае кіраўніцтва БССР добра справілася з выпрацоўкай і часткова з рэалізацыяй цэласнай праграмы практычных мер. У дакуменце з назвай “Канкрэтызацыя платформы па нацыянальным пытанні, прынятым за аснову Палітбюро ЦК РКП(б) ва ўмовах БСС Рэспублікі”, змяшчалася поўная праграма дзеянняў, каб канчаткова вярнуць беларускі народ да яго мовы, культуры, нацыянальных традыцый, стварыць усе магчымасці для дынамічнага сацыяльна-эканамічнага жыцця, прыцягнуць да работы рэвалюцыйна-дэмакратычныя кадры.

Пасля шэрагу дапаўненняў у праграму, надання ёй афіцыйнага дзяржаўнага характару пачалося яе ажыццяўленне. Яно вялося ў наступных напрамках:

— гаспадарчы ўздым рэспублікі, выраўноўванне яе сацыяльна-эканамічнага ўзроўню ў параўнанні з добра развітымі раёнамі СССР;

— кансалідацыя беларусаў як нацыі і гарманізацыя нацыянальных адносін;

— адраджэнне беларускай мовы і культуры, вылучэнне кадраў з прадстаўнікоў карэннай нацыянальнасці.

Зроблена ў гэты час вельмі многа. Выконваючы дзяржаўныя, партыйныя рашэнні, Наркамасветы, Інстытут беларускай культуры, некаторыя кафедры Белдзяржуніверсітэта заняліся навуковай распрацоўкай беларускай мовы, яе гісторыі, лексікі, граматычных норм, яе тэрміналогіі. Улады падтрымлівалі тых пісьменнікаў і паэтаў, якія паслядоўна адстойвалі культуру і мову беларускага народа. Садзейнічала ўмацаванню палітыкі беларусізацыі і тое, што ўрад рэспублікі надаваў усё больш увагі падрыхтоўцы сваіх вучоных-даследчыкаў па грамадскіх навуках. Да гэтага часу адносяцца надрукаваныя на роднай мове грунтоўныя працы па актуальных праблемах гісторыі, грамадска-палітычнай думкі і эканомікі Беларусі.

Улады ствараюць умовы для пашырэння магчымасцей даследаванняў і падрыхтоўкі беларускай прафесуры: у студзені 1929 г. Інбелкульт рэфармуецца ў Акадэмію навук БССР. Больш шырокай і трывалай становіцца навукова-матэрыяльная база БДУ.

Не парушаючы прынцыпу добраахвотнасці выбару мовы пры навучанні дзяцей, школы, прафесійна-тэхнічныя вучылішчы і тэхнікумы паступова пераводзяцца на беларускую мову выкладання. Уводзіцца абавязковае вывучэнне на роднай мове гісторыі Беларусі, яе эканомікі і геаграфіі ў вышэйшых навучальных установах.

Яшчэ адна важная мера – вылучэнне кадраў з карэннага насельніцтва (каранізацыя). У першую чаргу вылучаюцца прадстаўнікі інтэлігенцыі, рабочага класа і сялянства, якія свядома падтрымліваюць палітыку нацыянальнага адраджэння, пры гэтым кіруюцца не асабістымі, а грамадскімі інтарэсамі, строга выконваюць законы дзяржавы. У кастрычніку 1927 г. у ліку кіраўнікоў губернскага і павятовага ўзроўню доля беларусаў складала амаль 50 %, у гарсаветах – 45, у сельскіх Саветах – больш за 90 %.

Так планамерна, праз мэтанакіраваную дзейнасць дзяржаўных структур, грамадскіх і палітычных арганізацый ідзе трансфармацыя беларусаў па паходжанні ў беларусаў па свядомасці. Аб гэтым сведчаць наступныя звесткі: калі ў 1925 г. беларускай мовай у цэнтральных дзяржаўных установах валодала не больш за 20 % працуючых, то ў 1927 г. – 80 %, у акруговых і раённых – адпаведна 36 і 70 %. Да 1928 г. на беларускую мову было пераведзена справаводства амаль ва ўсіх дзяржаўных і партыйных установах. Да гэтага часу на беларускую мову навучання перайшло каля 80 % школ.

Зразумела, у гэтай складанай справе не ўсё ішло гладка, не абышлося тут і без крайнасцей. Назіралася фарсіраванне тэмпаў, адміністрацыйны ўціск і г.д. Часам людзі, якія не змаглі засвоіць беларускую мову ў адпушчаныя кароткія тэрміны, звальняліся з працы. Дзе-нідзе пры вылучэнні кіруючых кадраў ледзь не адзіным крытэрыем было веданне беларускай мовы.

У той жа час асобныя людзі адмоўна ўспрынялі працэс беларусізацыі. Як і раней, у некаторых колах беларуская мова лічылася малакультурнай, мужыцкай, годнай толькі на тое, каб ёю карысталіся ў межах гутарковых сялянскіх зносін і не больш таго.

У 30-х гадах і наступных дзесяцігоддзях развіццё беларускай культуры, адукацыі, навукі дэфармуецца. У той час, калі дзесяткі мільёнаў людзей навучыліся пісьменнасці, далучыліся да крыніц культуры, кіраўніцтва краіны ўжо безапеляцыйна вырашала, што з твораў літаратуры і мастацтва карысна народу. Ганенню падвяргаліся пісьменнікі і паэты, што не ўслаўлялі “правадыра ўсіх народаў”. Навукоўцы, якія з вялікай праўдзівасцю адлюстроўвалі падзеі, былі рэпрэсіраваны. І толькі ў пачатку 90-х гадоў да ўлады зноў прыходзіць думка аб выпраўленні дэфармацый у нацыянальнай палітыцы.

 

Такім чынам, у 20-30-я гады ў БССР ліквідавана ў асноўным масавая непісьменнасць дарослага насельніцтва, значна павысіўся агульнаадукацыйны і культурны ўзровень народа. Да канца 30-х гадоў у рэспубліцы ажыццёўлены пераход да ўсеагульнага абавязковага пачатковага навучання, зроблены значны крок у напрамку ўсеагульнага сямігадовага навучання і ў развіцці сярэдняй школы, створана вышэйшая школа, беларуская навука і новая інтэлігенцыя.

Грамадска-палітычнае жыццё ў 20-30-я гады характарызавалася барацьбой паміж прыхільнікамі і праціўнікамі стварэння дырэктыўнай каманднай эканомікі. З-за адстойвання сваіх ідэй і намераў пацярпела шмат непавінных людзей, да іх прымяняліся неабгрунтаваныя палітычныя рэпрэсіі.

 

Пытанні і заданні:1. Разгледзьце погляды кіраўніцтва капіталістычных краін на СССР пасля грамадзянскай вайны. 2. Пакажыце сістэму мер Новай эканамічнай палітыкі, яе ўвасабленне ў практыку на Беларусі. 3. Якім чынам праходзіла ў Беларусі індустрыялізацыя прамысловасці і калектывізацыя сельскай гаспадаркі? Якія карэнныя сацыяльна-эканамічныя змены адбыліся ў БССР за 20-я – 30-я гады? 4. Ахарактырызуйце грамадска-палітычнае жыццё ў СССР і на Беларусі ў 20 – 30-х гадах. 5. Як і ў якіх умовах у 20-х гадах ХХ ст. ў Беларусі ажыццяўлялася палітыка беларусізацыі? Якія былі яе вынікі?