Гісторыя Беларусі

(у кантэксце сусветнай гісторыі)

 

Віцебск, 2008

УДК 947.6 (075.8)

ББК 63.3. (4 Беи) 73

Г 46

 

Друкуецца па рашэнні навукова-метадычнага савета Віцебскага філіяла Установы адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін”.

 

Рэцэнзенты: Космач В.А., доктар гістарычных навук, прафесар, Талкачоў В.І., кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

 

 

Мандрык І.У. Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветнай гісторыі). – Віцебск: УПП “Віцебская абласная друкарня”, 2008. – 269 с.

 

Падаецца айчынная гісторыя ад старажытных часоў да сённяшняга дня. Аўтар, зыходзячы з сучаснай распрацоўкі гістарычнай навукі, …
высвятляе праблемы станаўлення чалавека, фарміравання беларускай народнасці і нацыі, сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця краіны ў кантэксце сусветнай гісторыі.

Адрасуецца студэнтам, выкладчыкам гуманітарна-грамадскіх дысцыплін.

 

УДК 947.6 (075.8)

ББК 63.3. (4 Беи) 73

Г 46

 

 

© Віцебскі філіял Установы адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін”.

 

 

  Мандрык Іван Уладзіміравіч – доктар гістарычных навук, прафесар кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Установы адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін (Віцебскі філіял). Навуковыя інтарэсы аўтара – айчынная гісторыя савецкага часу. У сваіх шматлікіх публікацыях аўтар канцэнтруе ўвагу на развіцці працоўных калектываў чыгуначнага транспарту Беларусі ў 60-90-х гадах ХХ ст. Выяўляе генезіс адыходу КПБ-КПСС ад палітычных метадаў уздзеяння на гаспадарчую практыку і грамадскае жыццё. У апошнія гады надае ўвагу гістарычным даследаванням станаўлення прафсаюзнага руху на Беларусі.      

УВОДЗІНЫ Ў ДЫСЦЫПЛІНУ “ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ”

У свой час расійскі пісьменнік і палітычны дзеяч М.Г.Чарнышэўскі казаў, што можна не ведаць многіх навук і быць адукаваным чалавекам, але нельга быць адукаваным чалавекам, не ведаючы гісторыі. У гэтых словах выразна прасочваецца думка, што ўсе навукі непасрэдна ці ўскосна ўплываюць на светапогляд асобы, і ўсё ж прыярытэт у фарміраванні ідэй і поглядаў чалавека, асабліва моладзі, належыць гуманітарным дысцыплінам і больш за ўсё гісторыі краіны. Як заўважыў румынскі дзеяч нацыянальнага руху Н. Бальчэску: “Гісторыя ёсць першая кніга народа…Народ без гісторыі з’яўляецца проста варварскім людам…”.

Уяўляецца, што на Зямлі ўжо няма нацый і народнасцей без акадэмічных выданняў гісторыі сваіх краін.

Гісторыя народа ў параўнанні з іншымі гуманітарнымі навукамі (якія аналізуюць асобныя грамадскія з’явы) – навука комплексная, інтэгральная, бо яна вывучае ўсю сукупнасць з’яў грамадскага жыцця на працягу ўсей гісторыі грамадства. Гісторыя кожнага народа мае сваю адметнасць, яна вылучае яго сярод іншых народаў.

Гісторыя ў адрозненне ад іншых навук пазбаўлена магчымасці непасрэдна назіраць падзеі ці ўзнаўляць іх у эксперыменце. Напісаць аб мінулым магчыма толькі з дапамогай захаваўшыхся крыніц. У гэтым выпадку аб’ектыўнасць гістарычнага мінулага, выкладзеная сучаснымі гісторыкамі, залежыць ад сумленнасці і прафесіяналізму аўтараў. Перад імі стаіць найгалоўнейшая задача адысці ад ідэалагічнага ўплыву, разглядаць гістарычныя падзеі адпаведна аб’ектыўным заканамернасцям, ва ўзаемасувязі з гістарычнымі працэсамі іншых краін. Праўдзівае адлюстраванне мінулага – гэта прыярытэтная задача гістарычнай навукі.

Гісторыя выконвае такія найважнейшыя функцыі як пазнавальная, практычная, выхаваўчая. Вывучэнне гісторыі пашырае жыццёвыя гарызонты чалавека, рабіць яго мацнейшым. Увага да гісторыі краіны – прымета прагрэсіўнага развіцця грамадства. Яна звязана з тым, што наша краіна перажывае пераломны момант свайго развіцця. У гісторыі мы хочам убачыць нашу будучыню, шукаем адказ на пытанні: хто мы, на што мы здольныя, што ў нашых дзеяннях, у стратэгіі з’яўляецца выніковым, дастойным далейшага развіцця і ўдасканальвання.

Гісторыя дае бескампрамісны адказ на пытанне: што ўдалося зрабіць нашай краіне, нашаму народу за час свайго існавання. І ад гэтай гістарычнай рэчаіснасці, якой бы яна не была, як бы не характарызавалася, нам не адысці.

Магчыма, як ніколі раней, мы зараз добра разумеем, што гісторыя – гэта частка нас саміх, гэта наша «поле бою», на якім ажыццяўляецца інтэлектуальная бітва для зацвярджэння жыццёва важных для нас каштоўнасцей. Веданне гісторыі аб’ядноўвае людзей, кансалідуе іх супольныя намаганні ва ўмацаванні дзяржавы.

Вывучэнне спадчыны на сучасным этапе спрыяе духоўнаму адраджэнню і выхаванню нацыянальнай самасвядомасці, глыбокаму і дакладнаму ўяўленню тых гістарычных шляхоў, якімі ішоў беларускі народ.

загрузка…

Дадзены курс лекцый скіраваны ў большай меры, чым папярэдні (выданне 2005 г.), на даследаванне асаблівасцей і агульных заканамернасцей гістарычнага развіцця Беларусі ў кантэксце сусветных цывілізацый, што дазваляе больш дакладна ацаніць станоўчае і недахопы нашых мінулых часоў. Той, хто будзе вывучаць дадзены курс, пазнае, як ішло гістарычнае развіццё ў сувязі з агульнымі еўрапейскімі заканамернасцямі і адметнымі толькі для беларусаў праявамі. Як адзначаюць нацыянальныя гісторыкі, беларускі народ прайшоў праз усе тыя ж самыя формы дзяржаўнасці (манархія, таталітарызм, дэмакратыя), этапы сацыяльна-эканамічнага развіцця (варварства, аграрнае, індустрыяльнае, постіндустрыяльнае грамадства) і культурнага развіцця (візантыйскі, раманскі стыль, готыка, рэнесанс, барока, класіцызм, эклектыка ці мадэрнізм, постмадэрнізм), што і іншыя народы.

Агульнымі былі і этапы хрысціянскага жыцця: прыняцце Хрысціянства, Рэфармацыя, Контррэфармацыя, свабода веравызнання і атэізм, адраджэнне Хрысціянства.

Плённае ўспрыманне студэнтамі спадчыны ў дачыненні да сусветнай гісторыі дапаможа ацэньваць тыя матэрыяльныя, духоўныя, эканамічныя, ідэйныя элементы мінулага, якія трэба пераймаць, у якіх выпадках страчанае можа быць адноўлена і ад якіх негатыўных момантаў трэба адысці. З засваеннем гістарычных падзей чалавек можа не толькі задаволіць інтарэс, але і ўявіць сабе: а што магчыма ўзяць з мінулага, каб не дапускаць памылак, больш эфектыўна выкарыстоўваць вопыт, набыты людзьмі, раней уступіўшымі ў жыццё.

Як бачна, сённяшні этап у развіцці нашага грамадства ставіць у вышэйшай ступені рэзка і востра жыццёва важныя праблемы развіцця ўсей сукупнасці нашых грамадскіх адносін, жыцця чалавека, месца Беларусі ў сучаснай цывілізацыі, перспектыў развіцця ідэалаў, зацверджаных нашай ідэалогіяй, — праблемы, якія мы прынцыпова не можам вырашаць, не звяртаючыся да гісторыі. Наша сёння нельга адарваць ад нашага мінулага, і ўрокі мінулага нам неабходны для фарміравання будучыні. І не выпадкова па гэтаму кожнае пакаленне асэнсоўвае гісторыю нанава. У гэтым няма нічога надзвычайнага. Гісторыя такая ж невычарпальная, як і прырода. Кожны новы ўзровень у развіцці грамадства пашырае гарызонт, ставіць усё новыя і новыя пытанні перад гісторыкамі і дае ім напрамак пошуку адказаў на іх.

Тыя праблемы, якія разглядаюцца ў гістарычнай навуце, маюць асаблівае значэнне для сістэмы адукацыі нашай краіны і ў многім залежыць ад прафесійнай кампетэнцыі выкладчыкаў гісторыі, што займаюцца развіццём студэнцкай моладзі, якая адлюстроўвае культурны і маральны патэнцыял грамадства ўвогуле.

Такім чынам, адзначым: прадметам гісторыі Беларусі з’яўляецца працэс развіцця чалавека ва ўсей разнастайнасці і ва ўзаемасувязі з іншымі народамі і краінамі, тэхналагічны і эканамічны спосаб вытворчасці на тэрыторыі Беларусі.

Доўгі час у аснову тлумачэння гістарычных падзей быў пакладзены фармацыйны падыход: абгрунтоўвалася заканамерная праз рэвалюцыйны шлях змена грамадска-эканамічных фармацый (першабытна-абшчынная, рабаўладальніцкая, феадальная, капіталістычная, камуністычная). На дадзеным этапе, як лічыць большасць навукоўцаў, павінен мець месца цывілізацыйны падыход да пазнання гісторыі.

У аснове цывілізацыйнага падыходу знаходзіцца развіццё духоўнага свету чалавека праз дасягненні навукі, культуры, асветы, якія матэрыялізуюцца ў сродках працы, эканамічных і сацыяльных адносінах. Цывілізацыйныя этапы ў гісторыі – гэта больш высокая сацыяльна-культурная ступень у адносінах да папярэдніх.

Значны уклад у вывучэнне і напісанне гісторыі Беларусі ўнеслі В. Ластоўскі, М. Доўнар-Запольскі, В. Шчарбакоў, Л. Абецэдарскі і іншыя навукоўцы.

З мноства надрукаваных на сёння падручнікаў, у якіх гісторыя нашай краіны будуецца на сучасных навуковых распрацоўках, выкладаецца ўзважана, трэба адзначыць падручнік па гісторыі Беларусі пад рэдакцыяй прафесараў Я.К.Новіка і Г.С.Марцуля, “Нарысы гісторыі Беларусі”, падрыхтаваныя М.П.Касцюком, У.Ф.Ісаенкам, Г.В.Штыхавым, “Гісторыя Беларусі” пад рэдакцыяй В.У. Галубовіча, Ю.М. Бохана. З такіх крыніц студэнт пазнае мінулае з заканамернасцямі паслядоўна прагрэсіўнага развіцця і выпадковасцямі, стваральнай працай народа, узлетамі працоўнай і сацыяльнай творчасці мас і спадамі, дэфармацыямі ідэй і сапраўдных каштоўнасцей грамадства.

Аўтар курса лекцый імкнецца даць рэальную і комплексную карціну гістарычнага развіцця народа, заснаваную на дакументах, гістарычных помніках і крыніцах, на канкрэтнай рэчаіснасці, паказвае мінулае з яго плюсамі і мінусамі, пазітыўнымі і негатыўнымі старонкамі. Самыя цяжкія моманты гістарычнага мінулага беларускага народа аўтар падае ў патрыятычнай інтэрпрэтацыі. Пры разглядзе тэм, якія раскрываюць савецкі час (60-я – 90-я гг. ХХ ст.), выкарыстоўваюцца навуковыя публікацыі, зробленыя аўтарам у даперабудовачныя, пера – і пасляперабудовачныя гады.

Новае выданне падручніка пабудавана, як і тыпавая вучэбная праграма (зацверджана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь 15 красавіка 2008 г.), на наступных пяці раздзелах: Спадчына Старажытнага свету, сярэдніх вякоў і Беларусь; Цывілізацыйная спадчына Новага часу і Беларусь; Савецкая мадэль мадэрнізацыі ў гісторыі Беларусі; Геапалітычнае становішча Беларусі ў сярэдзіне XX ст.; Суверэнная Рэспубліка Беларусь ва ўмовах глабалізацыі сусветных працэсаў.

 

 

РАЗДЗЕЛ І. ЦЫВІЛІЗАЦЫЙНАЯ СПАДЧЫНА СТАРАЖЫТНАГА СВЕТУ, СЯРЭДНІХ ВЯКОЎ І БЕЛАРУСЬ

 

Глава 1. Старажытныя цывілізацыі. “Вялікае перасяленне народаў” і Беларусь