Дзяржаўна-палітычнае развіццё ВКЛ у ХІІІ – першай палове XVI ст.

 

1. Утварэнне ВКЛ. Дзейнасць першых князёў.

2. ВКЛ у др. п. XIV – п. п. XVI ст.

3. Дзяржаўны лад ВКЛ. Органы ўлады і кіравання.

1.Працэс утварэння ВКЛ быў даволі працяглы. Першымі ў яго складзе апынуліся паўночна-заходнія землі Беларусі, якія ў больш позніх крыніцах называюцца Чорнай Руссю. Тут сумесна пражывалі балты і славяне. Балцкае насельніцтва знаходзілася на ўзроўні ваеннай дэмакратыі, плямёнамі кіравалі ваенныя правадыры – кунігасы. У балтаў не было ні гарадоў, ні пісьменнасці. Славяне наадварот знаходзіліся на высокім узроўні сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця. У ХІІІ ст. склалася такая сітуацыя, калі саюз балтаў і славян быў патрэбным. На гэта былі свае прычыны:

1) знешнепалітычная …
(неабходнасць пераадолець небяспеку з боку нямецкіх рыцараў-крыжакоў і мангола-татараў);

2) унутрыпалітычная (неабходнасць пераадолець феадальную раздробленасць і спыніць міжусобныя войны);

3) эканамічная (неабходнасць пераадолець натуральны характар гаспадарання).

Як бачна, толькі ў выпадку сумесных намаганняў балтаў і славян, стварэння імі адзінай цэнтралізаванай дзяржавы можна было гаварыць аб захаванні самастойнасці рэгіёна.

Найбольшага росквіту сярод славянскіх зямель у ХІІІ ст. набыло Наваградскае княства. Яго ўзвышэнню спрыяла аддаленасць ад раёнаў змагання з крыжакамі і татарамі, высокі ўзровень развіцця сельскай гаспадаркі, рамяства і гандлю, зацікаўленасць вышэйшых слаёў знаці ў аб’яднанні вакол княства іншых земляў. Да таго ж Наваградак у ХІІІ ст. выйшаў з-пад улады Галіцка-Валынскага княства. Так, у Іпацьеўскім летапісе пад 1235 г. упамінаецца незалежны князь Ізяслаў.

Сярод балцкіх зямель выключную ролю ў Верхнім Панямонні адыгрывала племя “літва”. Назва “літва” ўпершыню ўзгадваецца ў Кведлінбургскіх аналах пад 1009 г. У “Аповесці мінулых часоў” пра літву паведамляецца пад 1040 г., калі яна была заваявана Яраславам Мудрым.

Па пытанню месцазнаходжання летапіснай літвы ў сучаснай гістарычнай навуцы вядуцца вострыя дыскусіі. Думкі даследчыкаў значна разыходзяцца. Па меркаванню польскага гісторыка Г.Лаўмянскага, літва размяшчалася ва ўсходняй частцы сучаснай Літоўскай Рэспублікі. Беларускі гісторык М.Ермаловіч выказаў меркаванне, што літва знаходзілася ў Верхнім Панямонні. На думку А.Краўцэвіча, літва размяшчалася на тэрыторыі сучасных усходнеславянскіх і суседніх паўночна-заходніх беларускіх зямель.

Пад 1235 г. у летапісу ўзгадваецца “літва Міндоўга”. Міндоўг быў адным з кунігасаў, які ў 20-30-я гг. ХІІІ ст. здолеў падпарадкаваць землі літвы. У сярэдзіне 1240-х гг. Міндоўг пацярпеў паражэнне ў барацьбе з крыжакамі. Гэта выкарысталі яго ворагі і ў выніку міжусобнай барацьбы Міндоўг быў вымушаны пакінуць літву і ўцячы ў Наваградак. У хуткім часе ён са згоды мясцовай знаці прыняў праваслаўе і ўзначаліў Наваградскае княства. У канцы 40-х гг. ХІІІ ст. Міндоўг разам з наваградскім войскам ажыццявіў паход на Літву і заваяваў яе тэрыторыю.

Супраць цэнтралізатарскай дзейнасці Міндоўга ў 1248 г. выступілі галіцка-валынскі князь Даніла, полацкі Таўцівіл і Лівонскі ордэн. Каб атрымаць саюзніка ў барацьбе з Галіцка-Валынскім княствам і Полацкам, Міндоўг прыняў каталіцтва і заручыўся падтрымкай Лівонскага ордэна. Гэта паспрыяла таму, што літоўскага князя падтрымаў папа рымскі. У 1253 г. у Наваградку адбылася каранацыя Міндоўга. Саюз з Ордэнам дазволіў Міндоўгу ўтрымацца на прастоле. Цаной кампрамісу і саступак як ворагам, так і саюзнікам, “каралю літоўскаму” ўдалося пераадолець цяжкі знешнепалітычны крызіс. Ён заставаўся па меншай меры намінальным кіраўніком беларуска-літоўскай дзяржавы і невядома, каб ад гэтага тытулу ён адракаўся.

Мірныя адносіны літвы з Галіцка-Валынскай дзяржавай працягваліся да 1258 г. і былі парушаны ўмяшальніцтвам магутнай знешняй сілы – мангола-татараў. Татарскае войска пад камандаваннем Бурундая прымусіла Данілу Галіцкага ўдзельнічаць у сумесным паходзе супраць літвы. Татара-валынскі паход на Панямонне вялікіх вынікаў не прынёс, а Даніла ў гэтай вайне страціў свайго сына Рамана.

У 1260 г. Міндоўг разарваў саюз з крыжакамі і разам з жамойтамі нанес цяжкае паражэнне крыжакам на возеры Дурбе. Гэтая падзея адразу змяніла расклад сіл у Прыбалтыцы. Разам з тым гэты саюз быў недаўгавечны. У 1263 г. Міндоўг стаў ахвярай змовы жамойцкага князя Траняты і нальшчанскага князя Даўмонта. Яны падкупілі слугу Міндоўга Астапа і забілі спячага Міндоўга з двума сынамі. У выніку на літве і адначасова на Жамойці стаў княжыць Транята.

Гаспадаранне Траняты завяршылася ў 1264 г., калі яго забілі слугі Міндоўга. Паводле інфармацыі польскіх хронік, арганізатарам замаху быў Войшалк. Да гэтага часу Войшалк быў манахам, але пасля смерці бацькі ўступіў у барацьбу за літоўскі трон. Поспех яму забяспечыла падтрымка Пінска і Наваградка. У выніку Войшалк стаў кіраўніком беларуска-літоўскай дзяржавы. Князь імкнуўся замацаваць свае пазіцыі ў краіне з дапамогай Галіцка-Валынскага княства. З дапамогай сына Данілы Галіцкага Шварна, за якім была замужам сястра Войшалка, да беларуска-літоўскай дзяржавы былі далучаны Дзяволтва і Нальшчаны. На пасадзе князя Войшалк знаходзіўся да 1267 г., пасля чаго ён зноў вярнуўся да манаскага жыцця, а прастол перайшоў да Шварна (12671270 гг.) У гэтым жа годзе князь-манах быў забіты. Летапісец паведамляе, што галіцка-валынскі князь Леў Данілавіч, будучы на падпітку пасля сумеснага піру, уласнаручна засек Войшалка быццам за тое, што той перадаў княжанне ў ВКЛ не яму, а Шварну.

загрузка…

Пасля смерці Шварна вялікім князем стаў Трайдэн (12701282 гг.). Ён вёў пастаянную барацьбу з крыжакамі, палякамі, мангола-татарамі і галіцка-валынскімі князямі. Пры ім у склад ВКЛ увайшлі землі Панямоння, а ў ваколіцах Гародні былі расселены прусы, якія ратаваліся ад крыжакаў.

Перыяд 1282-1295 гг. – “белая пляма” ў гісторыі Беларусі. Выказваюцца меркаванні, што князямі ў гэты час маглі быць Лютувер (Путувер, Бутумер) ці браты Будзікід і Будзівід, але гэта ўсяго толькі гіпотэзы. Хто б ні кіраваў дзяржавай у гэты час, ён канцэнтраваў увагу на галоўнай задачы – вайне з Ордэнам.

Ажыўленне палітычнага жыцця пачалося ў 90-я гады ХІІІ ст. з пачаткам праўлення Віценя(12951316 гг.).Пры ім канчаткова замацавалася ў складзе ВКЛ Полаччына. У пачатку XIV ст. у Полацку не было князя. Гэта спрыяла пранікненню ў горад нямецкіх рыцараў і каталіцкіх місіянераў. Абураныя палачане звярнуліся да Віценя за дапамогай. Вялікі літоўскі князь выгнаў крыжакаў з горада, а пасля, каб зацвердзіць свае правы на Полацкае княства, выкупіў яго землі ў Ордэна. З Полацкам у 1307 г. быў заключаны дагавор (“рад”), які гарантаваў палачанам захаванне мясцовых законаў, суда і аўтаноміі. На полацкі трон быў пасаджаны Віценеў брат – Воін. Таксама пры Віцені ў склад ВКЛ на ўмовах “рада” былі ўключаны Мінскія і Пінскія землі. Як бачна, першым шляхам далучэння беларускіх зямель да ВКЛ было заключэнне дагавароў. Разам з тым Віцень, каб пашырыць межы княства ўступаў у ваенныя канфлікты. Так, у 1315 г. у выніку вайны з Галіцка-Валынскім княствам да ВКЛ адышла Берасцейская зямля. Гэта другі шлях уключэння зямель у склад беларуска-літоўскай дзяржавы. Віцень у якасці герба стаў выкарыстоўваць “Пагоню” (выява вершніка з мячом над галавой). Пра гэта змешчаны запіс у Густынскім летапісу.

Яшчэ больш узмацнілася ВКЛ пры пераемніку Віценя – Гедыміне (1316 – 1341 гг.). Пры ім паспяхова вялася барацьба з крыжакамі. Асабліва моцны ўдар па крыжаках Гедымін нанёс на рацэ Акмяне ў 1331 г. Пры Гедыміне асаблівай мужнасцю і вайсковым майстэрствам вылучыўся князь Давыд Гарадзенскі. Яшчэ ў 1314 г. ён адбіў напад крыжакаў на Наваградак, а ў 1319 г. разам з 800 вершнікамі ўварваўся ў Прусію і разрабаваў шмат нямецкіх прадмесцяў. Неаднойчы князь хадзіў на дапамогу Пскову. Загінуў Давыд у 1326 г. падчас паходу на Брандэнбург. Ён быў забіты здраднікам ударам нажа ў спіну.

Пры Гедыміне да ВКЛ была далучана значная частка этнічна беларускай тэрыторыі. Так, Віцебскае княства было далучана ў 1320 г. праз шлюб сына Гедыміна Альгерда з дачкой віцебскага князя Яраслава Марыяй. Шлюбны саюз – гэта трэці шлях уключэння зямель у склад ВКЛ.

Палітычная мудрасць Гедыміна выявілася ў тым, што далучаным землям ён гарантаваў захаванне традыцыйных законаў. Прынцып кіравання Гедыміна быў наступны: “старыны не рушыць, навіны не ўводзіць”. Да таго ж Гедымін хоць і заставаўся язычнікам, аднак заўсёды падтрымліваў праваслаўе. Гедымін называў сябе каралём Літвы і Русі, а беларуска-літоўская дзяржава стала называцца “Вялікім княствам Літоўскім і Рускім”. Сталіцай ВКЛ з 1323 г. стала Вільня.

Сваім пераемнікам Гедымін прызначыў сярэдняга сына Яўнуція (13411345 гг.). Аднак, у выніку змовы старэйшых братоў Альгерда і Кейстута, Яўнуцій быў скінуты з прастола. Браты падзялілі паміж сабой княства. Альгерд узяў сабе ўсходнюю палову княства з цэнтрам у Вільні. Цэнтрам уладанняў Кейстута сталі Трокі. Вялікім князем быў абвешчаны старэйшы Альгерд (13451377 гг.). У летапісе пра Альгерда гаворыцца, што ён не піў ні піва, ні віна, меў вялікі розум, скрытна рыхтаваў свае паходы, ваяваў не столькі колькасцю людзей, колькі ўменнем. На часы праўлення Альгерда прыпаў пік крыжацкіх паходаў на беларускія землі. У 1348 г. браты змагаліся з крыжакамі на рацэ Стрэва, аднак рашаючай перамогі не атрымалі. У час праўлення Альгерда і Кейстута працэс уваходжання беларускіх зямель у склад ВКЛ быў завершаны. Пасля перамогі Альгерда над мангола-татарамі ў 1362 г. на рацэ Сінія Воды да ВКЛ былі далучаны ўкраінскія землі – Кіеўшчына, Валынь, Чарнігаўшчына і частка Падолля. Адначасова ВКЛ паспяхова змагалася з Уладзімірскім княствам. Беларускія воіны пад Альгердавым кіраўніцтвам даходзілі да Масквы. Яны тройчы разбівалі маскоўскае войска ў 1368, 1370 і 1372 гг. Маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч Данскі падпісаў мір з Альгердам. У выніку да Княства былі далучаны Смаленскія землі з Мсціславам і Бранскае княства. Мяжа “ўчынена па Мажайску і Каломне”.

 

2. Дуумвірат Альгерда і Кейстута зрабіў грамадскае жыццё ў краіне стабільным. Аднак пасля смерці Альгерда ўзнік палітычны крызіс. Справа ў тым, што вялікім князем стаў Ягайла (13771392 гг.) – старэйшы сын ад другога шлюбу з цвярской княжной Ульянай. Пачатак яго княжання суправаджаўся абвастрэннем міжусобнай барацьбы з дзядзькам Кейстутам і братам Андрэем Полацкім – старэйшым сынам Альгерда ад першага шлюбу з віцебскай княжной Марыяй. Менавіта Андрэй і ўзначаліў рух супраць княжання Ягайлы на першым этапе. У 1377 г. Ягайла паспрабаваў пазбавіць Андрэя ўдзелу. Той уцёк у Пскоў, дзе яго абралі князем. Затым для барацьбы з Ягайлам Андрэй Полацкі ўступіў у саюз з вялікім князем маскоўскім Дзмітрыем Іванавічам Данскім. У 1380 г. ён на баку маскоўскага князя разам са сваім братам Дзмітрыем удзельнічаў у Кулікоўскай бітве. Яго саюзнікамі сталі таксама Вялікі Ноўгарад і Лівонскі Ордэн. Андрэй Альгердавіч пагражаў княству вайной.

У 1381 г., выкарыстаўшы барацьбу Ягайлы і Андрэя, вялікакняжыцкі сталец захапіў Кейстут. Палітычны крызіс абвострыўся. У 1382 г. Ягайла заманіў Кейстута на перагаворы ў Крэва. У цямніцы Крэўскага замка Кейстут быў задушаны.

Ягайла, каб утрымацца на вялікакняжацкім прастоле, па прыкладу бацькі паспрабаваў сябраваць з адным са сваіх братоў – Скіргайлам. Скіргайлу былі падараваны Полацкая і Трокская землі. Але палачане не пагадзіліся з такім рашэннем і выгналі Скіргайлу з горада. На сталец у Полацк вярнуўся Андрэй. Крызіс яшчэ больш паглыбіўся. У такім выпадку Ягайла стаў шукаць знешняга саюзніка. Ім стала Польшча.

У 1382 г. памёр польскі кароль. Пасля двухгадовых спрэчак польскія феадалы абвясцілі каралевай яго дачку Ядвігу. Яны спадзяваліся, што яе мужам будзе вялікі князь літоўскі Ягайла, які пасля шлюбу стане і каралём польскім. У Крэве былі выпрацаваны ўмовы дзяржаўна-прававога аб’яднання Літвы і Польшчы. На іх падставе 14 жніўня 1385 г. было падпісана пагадненне з Польшчай, вядомае пад назвай Крэўскай уніі. Ягайла абавязаўся прыняць каталіцтва і перавесці ў новую веру сваіх падданых. У 1386 г. князь ажаніўся на Ядвізе і, атрымаўшы імя Уладзіслаў ІІ, стаў польскім каралём. Умовы Крэўскай уніі ўступілі ў сілу.

Дынастычная Крэўская унія была спробай інкарпарацыі ВКЛ у склад Польшчы. Пракаталіцкая і прапольская палітыка Ягайлы выявілася ў прывілеі 1387 г., дзе феадалам-католікам дараваліся вялікія маёмасныя правы. У выніку правядзення падобнай палітыцы ў ВКЛ узнік моцны апазіцыйны рух, накіраваны супраць Ягайлы. Зноў цэнтрам супраціўлення стаў Полацк. Андрэй Альгердавіч адмовіўся прыносіць прысягу на вернасць каралю Ягайле. У саюзе са Смаленскам і Лівоніяй пачаліся баявыя дзеянні супраць Кароны Польскай. Скіргайла здолеў справіцца з саюзным войскам. Андрэй трапіў у палон і быў адпраўлены ў Польшчу, дзе знаходзіўся ў зняволенні да 1394 г. Беларускія землі былі перададзены Скіргайлу.

З канца 80-х гг. XIV ст. рух супраць Ягайлы ўзначаліў князь Вітаўт, сын Кейстута. Барацьба Вітаўта з Ягайлам працягвалася да 1392 г. Вітаўт з дапамогай крыжакаў рабіў пастаянныя напады на Польшчу. Жорсткая барацьба вялася з пераменным поспехам і скончылася заключэннем пагаднення 1392 г. у маёнтку Востраў каля Ліды. Князем ВКЛ быў абвешчаны Вітаўт. Праўда, ён абавязваўся не рабіць спроб аддзяліць Літву ад Польшчы і быць на становішчы васала польскага караля.

Важнейшым мерапрыемствам Вітаўта на першым этапе яго праўлення была адміністрацыйная рэформа 1393-1395 гг. Каб умацаваць сваю ўладу ў ВКЛ, Вітаўт вырашыў сілай зброі ліквідаваць сістэму спадчыннага надзельнага княжання. Інстытут княжання быў заменены інстытутам намесніцтва. Там, дзе Вітаўту супраціўленне не аказвалася, мясцовыя валадары надзяляліся іншымі княствамі, але больш дробнымі. Да прыкладу, кіеўскі князь Уладзімір Альгердавіч атрымаў Капыль. Хто ж супраціўленне аказваў, то атрымоўваў турэмнае зняволенне (падольскі князь Фёдар Карыятавіч). Намеснікамі былі давераныя асобы Вітаўта. Да прыкладу, у Віцебску ім стаў Фёдар Вясна, у Кіеве – Іван Гальшанскі. Пазней Вітаўт працягнуў адміністрацыйную рэформу – у 1413 г. у ВКЛ былі створаны першыя ваяводствы: Віленскае і Трокскае.

Каб умацаваць свае пазіцыі на міжнароднай арэне, Вітаўт у 1398 г. заключыў Салінскае пагадненне з крыжакамі, паводле якога аддаваў ім значную частку Жамойці. У пагадненні Вітаўт абвяшчаўся “каралём Літвы і Русі”. Пры Вітаўце ВКЛ уключыла ў свой склад паўднёвую Падолію, што дало выхад да Чорнага мора. У гістарычнай літаратуры гэта называецца “братаннем Вітаўта з Чорным морам”. Заручыўшыся мірам з крыжакамі, Вітаўт у саюзе з былым залатаардынскім ханам Тахтамышам аб’явіў вайну Ардзе. Задачай Вітаўта было далучэнне да ВКЛ усіх “рускіх зямель”. Рашаючая бітва адбылася 12 жніўня 1399 г. на рацэ Ворскле. Армія Вітаўта была амаль цалкам знішчана. У летапісу наконт гэтага запісана: “попусти бог татаром”. Паражэнне на Ворскле мела сваім вынікам Віленска-Радамскую унію ВКЛ з Польшчай 1401 г. Як бачна, Вітаўт ужо не ўяўляў існавання свайго княства без саюзу з Ягайлам.

Нягледзячы на паражэнне на Ворскле Вітаўт не адмовіўся ад палітыкі сваіх папярэднікаў, накіраванай на падпарадкаванне Літве рускіх княстваў. У 1404 г. ён далучыў Смаленск. Таксама войска Вітаўта ажыццявіла паспяховы паход на Вялікі Ноўгарад і Пскоў. Па дагавору ў гэтыя гарады былі накіраваны княжацкія намеснікі, і гарады вымушаны былі плаціць даніну. З маскоўскім князем Васілём І Вітаўт заключыў пагадненне. Межы паміж дзяржавамі былі вызначаны па рацэ Угры – прытоку Акі. Пасля смерці Васіля І ў васальную залежнасць да ВКЛ трапілі Цвярское і Разанскае княствы, а таксама землі ў вярхоўях Акі.

У 1409 г. жамойць паўстала супраць крыжакаў. Вітаўт падтрымаў гэтае выступленне. У выніку жамойць уз’ядналася з ВКЛ. Наспяваў ваенны канфлікт, які выліўся ў “Вялікую вайну” 1409-1411 гг.

Вітаўт і Ягайла вырашылі аб’яднаць свае сілы, каб нанесці рашаючае паражэнне крыжакам. Вітаўт збіраў палкі ў Літве і ў рускіх землях. Ён наняў таксама татарскія атрады і атрад чэхаў пад кіраўніцтвам Яна Жыжкі. Ягайла арганізоўваў атрады палякаў. У выніку Вітаўт назбіраў 40 харугваў, Ягайла – 50. Крыжакі, са свайго боку, набралі наёмнікаў у еўрапейскіх гарадах і набылі гарматы. Кіраваў крыжацкім войскам магістр Лівонскага Ордэна Ульрых фон Юнгінген. Пад крыжацкімі сцягамі сабраўся 51 атрад. У бітве з абодвух бакоў прымала ўдзел каля 60 тысяч чалавек.

Войскі саюзнікаў сустрэліся ў канцы чэрвеня 1410 г. у Прыбалтыцы і пачалі рух да сталіцы крыжакоў крэпасці Марыенбург. 15 ліпеня варожыя войскі сустрэліся каля вёсак Грунвальд, Таненберг, Людвігсдорф. Літоўскія і польскія войскі занялі ўчастак, які зарос лесам і хмызняком. Супраць правага фланга крыжакоў стаялі польскія палкі, супраць левага – літоўскія. Камандуючым саюзнымі войскамі быў Ягайла. Непасрэдна войскамі ВКЛ кіраваў князь Вітаўт.

Бітва пачалася ў другой палове дня з атакі конніцы ВКЛ, якая панесла значныя страты з прычыны “воўчых ям”, накапаных крыжакамі. Пасля некалькіх гадзін бітвы літоўскія войскі сталі адступаць. Вітаўт выкарыстаў выпрабаваную тактыку, якая заключалася ў тым, каб прымусіць рыцараў пачаць праследаванне і тым самым расстроіць іх рады, каб затым напасці на іх зноў. Гэта яму ўдалося. Рыцары падумалі, што яны ўжо блізкія да перамогі. Але Вітаўт, у ходзе імітаванага “адступлення”, перагрупаваў войскі і ўдарыў па рассеяных па полю крыжаках. Поспех быў на баку Вітаўта. Гэта натхніла і польскія войскі, якія вялі цяжкі бой з правым флангам рыцараў. Мужна змагаліся ў цэнтры смаленскія палкі пад кіраўніцтвам Сямёна Лінгвена. Я.Длугаш адзначаў: “Нага наступала на нагу, даспехі ўдараліся аб даспехі, і людзі біліся, і коні давілі людзей”. Бітва завяршылася поўным разгромам крыжакоў. Перамога пад Грунвальдам была адной з важнейшых падзей гісторыі ВКЛ, Польшчы і тых славянскіх народаў, якім пагражала нямецкая агрэсія. Па Торуньскаму мірнаму дагавору 1411 г. Ордэн адмовіўся ад прэтэнзій на Жамойць і павінны быў выкупіць усе занятыя саюзнікамі замкі.

Рацары адразу не прымірыліся з паражэннем і рыхтаваліся да новай вайны. Пераможцы, разумеючы, што небяспека новых войнаў яшчэ поўнасцю не выключана, вырашылі ўмацаваць свой саюз новым пагадненнем. У 1413 г. паміж Вітаўтам і Ягайлам была заключана Гарадзельская унія. Юрыдычна аформілася незалежнасць ВКЛ. Разам з тым пры падпісанні уніі выявілася пэўная дваістасць пазіцыі Вітаўта. Князь не мог абысціся без саюза з Польшчай. Таму Гарадзельскім прывілеем было дэкларавана права феадалаў-католікаў займаць вядучыя пасты ў краіне. Праваслаўныя феадалы апынуліся ў нераўнапраўным становішчы – абвострылася “рускае пытанне”.

Умацаванне ВКЛ пры Вітаўце выклікала пытанне аб пераўтварэнні яго па ўзору Польшчы ў каралеўства. Задума каранацыі Вітаўта выклікала шырокі міжнародны рэзананс, аднак яна не здзейснілася – князь памёр, не дачакаўшыся кароны. Час праўлення Вітаўта (1392-1430 гг.) называюць залатым векам беларускай гісторыі.

Пасля смерці Вітаўта вялікім князем літоўскім стаў малодшы брат Ягайлы – Свідрыгайла(1430-1432гг.). Яго палітыка была скіравана на замацаванне лініі на дзяржаўную самастойнасць Вялікага княства Літоўскага. Пры гэтым Свідрыгайла спрабаваў пашырыць сацыяльную базу велікакняжацкай улады за кошт схілення на свой бок праваслаўных феадалаў. Застаючыся католікам, ён пачаў дапускаць праваслаўных да кіравання дзяржавай.

Узрастанне пры Свідрыгайле палітычнай ролі заходнерускіх феадалаў выклікала незадаволенасць літоўскай арыстакратыі. Пры дапамозе Польшчы была арганізавана змова супраць вялікага князя. Свідрыгайлу ўдалося збегчы ў Полацк, дзе ён знайшоў падтрымку з боку мясцовых князёў і баяр. А вялікім князем літоўскім быў абвешчаны брат Вітаўта – Жыгімонт Кейстутавіч (1432-1440гг.). Ягайла зацвердзіў гэта абвяшчэнне. Жыгімонт у сваю чаргу граматай ухваліў унію з Польшчай, раней скасаваную Свідрыгайлам. У Вялікім княстве Літоўскім склалася сітуацыя, калі дзяржава аказалася падзеленай на дзве часткі, кожная з якіх мела свайго вялікага князя. На баку Жыгімонта былі ўсе літоўскія землі (Вільня, Коўна, Трокі, Жэмайція, а таксама Гародня). На баку Свідрыгайлы – князі, баяры і гараджане Полацкай, Віцебскай, Смаленскай, Северскай, Кіеўскай зямель, часткі Валыні і Падоліі. Дапамогу Свідрыгайлу аказвалі крыжакі, цвярскі князь, татары і малдаўскі гаспадар.

Супрацьстаянне бакоў прывяло да грамадзянскай вайны (1432-1436гг.). Вялася яна з пераменным поспехам. У 1432 г., каб аслабіць рух на чале са Свідрыгайлам, ад імя Ягайлы быў выдадзены прывілей, што пацвярджаў папярэднія і дараваў новыя правы феадалам-католікам. Але разам з тым ён пашыраў на рускіх князёў і праваслаўную шляхту ўсе “наданні, свабоды, прывілеі і выгады”. У 1434 г. аналагічны прывілей быў падараваны і Жыгімонтам Кейстутавічам з тым, каб паміж літоўскімі і рускімі феадаламі “не было ніякага раздору”. Аднак, артыкул 9 Гарадзельскай уніі так і не быў адменены. Праваслаўныя феадалы па-ранейшаму не маглі ўдзельнічаць у рабоце вышэйшых органаў улады.

Бітва, якая вырашала ход вайны, адбылася ў 1435 г. пад Вількамірам. Войска Свідрыгайлы пацярпела тут паражэнне, а сам ён збег спачатку ў Віцебск, а потым на Украіну. Грамадзянская вайна завяршылася перамогай Жыгімонта Кейстутавіча. Князь, каб умацаваць сваю ўладу пачаў праводзіць акаталічванне беларускіх земляў. З гэтым былі не згодны ўсходнеславянскія магнаты (князі Чартарыйскія, віленскі ваявода Доўгірд, трокскі ваявода Лялуша), якія ў 1440 г. забілі Жыгімонта ў яго замку ў Вільні.

Пасля смерці Жыгімонта палякі імкнуліся мацней падпарадкаваць ВКЛ Кароне Польскай. Замест пасады вялікага князя літоўскага яны хацелі ўвесці каралеўскае намесніцтва на чале з 13 гадовым Казімірам Ягайлавічам. Аднак, гэтага зрабіць не ўдалося – Казіміра абвясцілі вялікім князем літоўскім (1440-1492гг.).

У 1447 г. Казімір пасля смерці свайго брата Уладзіслава быў запрошаны на польскі трон. Шляхта ВКЛ, адпраўляючы вялікага князя ў Польшчу, дабілася ад яго выдання прывілея, які ўвайшоў у гісторыю як Прывілей Казіміра 1447 г. Прывілей пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, іх права на маёнткі, на тое, што яны не будуць канфіскаваны. У адносінах да сялян менавіта гэты прывілей паклаў пачатак юрыдычнаму афармленню іх феадальнай залежнасці. Казімір абяцаў, што цяпер ён не будзе прымаць баярскіх сялян на свае землі. Суд над сялянамі таксама перадаваўся ў рукі баяр. Звяртаюць на сябе ўвагу тыя артыкулы прывілея 1447 г., якія аберагалі ВКЛ ад пасяганняў з боку польскіх феадалаў на яго суверэнныя правы і адасобленасць. Нягледзячы на тое, што Казімір у чэрвені 1447 г. стаў каралём Польшчы, прывілей забараняў ураду раздаваць дзяржаўную маёмасць і пасады іншаземцам. Кіраванне Літвой Казімір абавязваўся весці праз паны-раду.

Яшчэ больш шырокае значэнне меў Судзебнік Казіміра, выдадзены ім у 1468 г. Гэты Судзебнік паклаў пачатак новаму этапу ў развіцці як прававой тэорыі, так і практыкі заканадаўчай дзейнасці ВКЛ. Ён з’явіўся першай спробай кадыфікацыі права ў княстве.

Разам з тым “рускае пытанне” Казімірам так і не было вырашана. Адрозненні ў правах праяўляліся ў тым, што ў складзе паны-рады заўсёды пераважалі феадалы літоўскага паходжання і каталіцкія святары. Прадстаўнікі праваслаўнай царквы ніколі не ўваходзілі ў яе склад. У выніку супраць Казіміра ў 1481 г., як у свой час супраць Жыгімонта Кейстутавіча, была арганізавана змова. Праўда, змоўшчыкі Міхаіл Алелькавіч, Іван Гальшанскі і Фёдар Бельскі былі пакараны.

Пасля смерці Казіміра вялікім князем літоўскім быў абраны Аляксандр Казіміравіч (1492-1506 гг.). Новы князь быў вымушаны лічыцца з узмацненнем баяр. Так, у 1492 г. Аляксандр Казіміравіч выдаў прывілей, дзе не толькі пацвердзіў усе правы і вольнасці, якія феадалы ВКЛ атрымалі раней, але і дараваў новыя. Цяпер вялікі князь абавязаваўся весці дыпламатычныя зносіны толькі пасля ўзгаднення з паны-радай, сваёй воляй нічога не адмяняць, без згоды рады не рабіць прызначэнняў на дзяржаўныя пасады, распараджацца фінансамі толькі пад яе кантролем. Такім чынам, прывілей 1492 г. істотна абмяжоўваў уладу манарха на карысць шляхты. Паны-рада з дарадчага органа пераўтварылася ў орган дзяржаўнага кіравання. ВКЛ пераўтварылася з абсалютнай ў абмежаваную манархію.

З канца XV ст. на жыццё ВКЛ аказваў уплыў такі знешнепалітычны фактар, як абвастрэнне адносін з Маскоўскай дзяржавай. Масква стала прэтэндаваць на ролю збіральніка былых зямель Кіеўскай Русі. Адрозненні паміж усходнеславянскім насельніцтвам Літвы і Маскоўскай дзяржавы ў мове і культуры тады былі яшчэ нязначныя. Вельмі важным фактарам было тое, што насельніцтва гэтых краін спавядала адну праваслаўную веру і называла сябе аднолькава – рускімі.

Літва не была зацікаўлена ва ўзмацненні Масквы і падтрымлівала залатаардынскага хана Ахмеда ў яго барацьбе з Рускай дзяржавай. Яна выступіла таксама на баку Пскова і Ноўгарада супраць Масквы пры Іване III. Маскоўскія князі ў сваю чаргу заключалі саюзы супраць Літвы з крымскімі ханамі. Другая прычына варожасці заключалася ў асаблівасцях унутранага развіцця ВКЛ. Многія з беларускіх феадалаў, што не прынялі каталіцтва, былі нездаволены сваім нераўнапраўным становішчам у параўнанні з феадаламі-католікамі і бачылі ў Маскве свайго саюзніка. Наступленне каталіцтва і пашырэнне польскага ўплыву яшчэ больш узмацніла гэтае нездавальненне.

Маскоўскі князь Іван ІІІ у барацьбе з ВКЛ пачаў выкарыстоўваць “рускае пытанне”. Так, маскоўскі князь стаў клікаць на службу праваслаўных феадалаў памежных тэрыторый ВКЛ (Варатынскіх, Вяземскіх, Бяляўскіх). Гэта справацыравала І маскоўска-літоўскую вайну 1492-1494 гг. Для Літвы вайна аказалася няўдачнай – Аляксандр перадаў Маскве Вяземскае княства, прызнаў вяршэнства Масквы над Ноўгарадам, Псковам, Цвер’ю і Разанню. Мірны дагавор падмацоўваўся шлюбам Аляксандра з дачкой Івана ІІІ Аленай.

Аднак гэты мір быў нядоўгім. Новы пераход на бок Масквы шэрага князёў пагранічных абласцей стаў прычынай другой маскоўска-літоўскай вайны 1500-1503 гг. Маскоўскае войска ў 1500 г. разбіла войска Літвы на р. Ведрашы, недалёка ад Дарагабужа. Быў узяты ў палон камандуючы літоўскім войскам князь Канстанцін Астрожскі. Палякі, якія абяцалі Аляксандру дапамогу, не стрымалі слова і не дапамаглі свайму каралю. У выніку ВКЛ страціла вялікую тэрыторыю на Верхняй Ацэ, Чарнігава-Северскую зямлю з гарадамі Гомель, Чарнігаў, Старадуб, Пуціўль, Ноўгарад-Северскі, Любеч, Бранск, Дарагабуж, Трубчэўск, Мцэнск. Да Масквы адышлі таксама частка Смаленскай і Віцебскай зямель, некалькі мястэчак на Рагачоўшчыне. Усяго ў выніку гэтай вайны Літва страціла 19 гарадоў, 70 валасцей, 22 мястэчкі і 13 сёл. Аляксандр вымушаны быў прызнаць за маскоўскім вялікім князем тытул “гасудара ўсея Русі”.

3 сярэдзіны XV ст. Вялікаму княству Літоўскаму давялося адбіваць частыя набегі крымскіх татар, якія суправаджаліся грабяжамі і разбурэннямі беларускіх гарадоў і сёл. Татары ўводзілі ў палон мірных жыхароў, якіх потым нярэдка прадавалі ў рабства. Колькасць набегаў значна вырасла ў пачатку XVІ ст. Толькі за перыяд з 1500 па 1569 г. татары зрабілі 45 набегаў на беларускія землі. 3-за адсутнасці арганізаванай абароны на поўдні татарская конніца лёгка пранікала ў глыбінныя раёны Беларусі, а насельніцтва нашага краю вымушана было плаціць на карысць крымчакоў ардыншчыну. Безумоўна, войска ВКЛ не раз разбівала крымскіх татар. Гэта адбылося на рацэ Уша (1502 г.), ля Давыд-Гарадка (1503 г.). У 1506 г. пад Клецкам татары былі разбіты літоўскім войскам, якім камандаваў М.Глінскі. Гэтая мясцовасць у народзе з гэтага часу называлася Красны Стаў. Радасная вестка аб перамозе не паспела дайсці да вялікага князя, які быў у гэты час у Вільні. Аляксандр памёр амаль адразу пасля бітвы.

Перад смерцю Аляксандр завяшчаў літоўскі прастол свайму брату Жыгімонту. Палякі, баючыся страціць Літву, таксама абралі Жыгімонта польскім каралём. Жыгімонт стаў кіраўніком дзяржавы будучы ўжо ў немаладым узросце. Ён пракняжыў 42 гады, таму ў гісторыю увайшоў пад імем Жыгімонта І Старога (1506-1548гг.).

Пачатак праўлення князя быў вельмі складаным. У 1506-1508 гг. адбылася трэцяя маскоўска-літоўская вайна, якая была цесна звязана з феадальным паўстаннем у ВКЛ 1508 г. пад кіраўніцтвам М.Глінскага. Маскоўскі князь Васіль ІІІ не змог захапіць Смаленск і вырашыў падтрымаць мяцежніка.

Міхаіл Глінскі ў свой час карыстаўся асабістай дружбай вялікага князя Аляксандра, аднак пасля смерці таго быў адхілены ад двара і трапіў у няміласць да новага гаспадара. У выніку Глінскі паставіў задачу стварыць самастойнае княства на былых старажытнарускіх землях і самаму ўзначаліць яго. Паўстанне было падтрымана праваслаўнымі феадаламі і Масквой. Зноў было выкарыстана “рускае пытанне”.

Ваенныя дзеянні пачаліся вясной 1508 г. на поўдні Беларусі, дзе ў Глінскага былі буйныя маёнткі. Цэнтрам паўстання стаў горад Тураў. Адсюль Глінскі са сваім атрадам дайшоў да Мазыра, авалодаў Клецкам і Копылем. На бок паўстанцаў перайшлі многія князі паўднёва-ўсходніх і ўсходніх зямель (Орша, Крычаў, Гомель). У саюзе з маскоўскім ваяводам Васілем Шамячычам М.Глінскі ўзяў у аблогу Мінск і Слуцк, аднак няўдала. Пасля гэтага паўстанцы вырашылі адступіць за левы бераг Дняпра, каб злучыцца з асноўнымі сіламі маскоўскага войска, аднак Васіль ІІІ адмовіўся далей дапамагаць Глінскаму і паўстанне было падаўлена. Закончылася і вайна 1506-1508 гг. Быў падпісан “адвечны мір”, па якому ВКЛ прызнала пераход да Масквы зямель, страчаных у час праўлення Аляксандра.

Разам з тым Васіль III не адмовіўся ад ідэі захапіць Смаленск і рыхтаваўся да новай вайны. Яго падтрымала Свяшчэнная рымская імперыя германскай нацыі і іншыя еўрапейскія краіны. У 1512-1522 гг. адбылася чацвёртая маскоўска-літоўская вайна. 19 снежня 1512 г. руская армія на чале з вялікім князем рушыла да Смаленска. Пасля трох спроб штурму горада 30 чэрвеня 1514 г. Смаленск капітуляваў. Пасля гэтага Васіль III рушыў на захад да Оршы. Тут на рацэ Крапіўна адбылася грандыёзная бітва. 8 верасня1514 г. К.Астрожскі з 30-тысячным войскам разграміў 80-тысячнае войска князя Булгакава-Голіцы і баярына Чалядніна. Але, нягледзячы на гэта, усе спробы ВКЛ вярнуць заваяваныя Масквой землі былі дарэмныя. У 1522 г. было заключана пяцігадовае перамір’е, якое потым было прадоўжана яшчэ да 1533 г. Смаленск па ўмовах міру заставаўся за Масквой.

Смерць Васілія III і смуты ў Маскоўскай дзяржаве пры яго малалетнім пераемніку падштурхнулі Вялікае княства Літоўскае да спробы вяртання заваяванага Масквой. Пачалася пятая маскоўска-літоўская вайна 1534-1537 гг. Жыгімонт І Стары імкнуўся адваяваць Смаленск, аднак Літоўскае княства вярнула толькі Гомель і некаторыя нязначныя воласці на ўсходзе. У 1537 г. зноў было заключана перамір’е, якое працягвалася да самай Лівонскай вайны.

У часы праўлення Жыгімонта Старога пагрозу для Літвы па-ранейшаму складалі крымскія татары, набегі якіх працягваліся. У 1521 г. татары спустошылі землі паміж Слуцкам і Пінскам. Рашаючая бітва адбылася ў 1527 г. пад Каневам на Украіне. Войска ВКЛ разграміла татар і з гэтага часу крымчакі ўжо не маглі прасоўвацца на тэрыторыю Беларусі.

Жыгімонта шанавалі як разумнага і разважлівага кіраўніка. Праўленне Жыгімонта Старога вызначалася адсутнасцю каталіцкага фанатызма ў адносінах да праваслаўных. Ён добра разумеў, што прымусовае акаталічванне толькі выклікала ўнутраныя праблемы ў краіне, а разам з гэтым і аслабленне дзяржавы. Пры ім насуперам Гарадзельскаму прывілею ў склад паны-рады быў уключаны праваслаўны князь К.Астрожскі. Ён быў узведзены ў званне трокскага ваяводы.

Жыгімонт Стары быў вядомы як надзвычай адукаваны манарх, апякун навук. Ён меў у Вільні вялікую бібліятэку, запрашаў да сябе таленавітых скульптараў, архітэктараў, мастакоў, дапамагаў асветніку Ф.Скарыне.

Пасля смерці Жыгімонта Старога агульным гаспадаром ВКЛ і Польшчы стаў яго сын Жыгімонт ІІ Аўгуст(1548-1572гг.). Важнейшым мерапрыемствам вялікага князя з’яўлялася падпісанне прывілея 1563 г., у якім праваслаўная і каталіцкая шляхта была канчаткова ўраўняна ў правах. “Рускае” пытанне было вырашана.

Разам з тым пры Жыгімонце Аўгусце абвострыліся супярэчнасці паміж магнатамі і дробнай шляхтай. Справа ў тым, што на соймах да голасу шматлікай шляхты ніхто не прыслухоўваўся. Усё вырашалі магнаты. Адкрытым супрацьстаянне магнацтва і шляхты стала ў 1560-я гг. Асабліва яскрава яно выявілася ў час сойма, які сабраўся ў 1562 г. пад Віцебскам. На ім шляхта звярнулася да вялікага князя з просьбай “учыніць супольны сойм з палякамі, каб разам караля выбіраць і права аднолькавае ўжываць”. Вярхоўная ўлада, каб прыцягнуць на свой бок шляхту, ухваліла судовую рэформу 1565 г., адпаведна якой у паветах на польскі ўзор сталі стварацца мясцовыя суды, дзе галоўную ролю адыгрывала шляхта.

 

3.УВКЛ на працягу XIV – XVI стст. адбывалася фарміраванне саслоўна-прадстаўнічай манархіі. Кіраўніком дзяржавы з’яўляўся вялікі князь(гаспадар).Ён узначальваў усё кіраўніцтва дзяржавай, з’яўляўся найвышэйшым суддзёй, заключаў міжнародныя пагадненні. Аднак улада вялікага князя не была абсалютнай, яна абмяжоўвалася паны-радай і соймам.

У паны-радзе былі прадстаўлены асобы, якія займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады з ліку буйных феадалаў і бліжэйшых родзічаў вялікага князя. Гэта канцлер (хавальнік вялікакняжацкай пячаткі, кіраўнік канцылярыі), падканцлер (яго намеснік), ваяводы (кіраўнікі ваяводстваў), кашталяны (кіраўнікі ваяводскага войска), некаторыя старосты(кіраўнікі паветаў), гетман(галоўнакамандуючы войскам княства), падскарбій (загадчык дзяржаўнага скарба), маршалак (старшыня на пасяджэннях рады і сойма), а таксама віленскі біскуп і некаторыя іншыя каталіцкія біскупы (жамойцкі, кіеўскі, луцкі). Колькасць паноў-радных не была пастаяннай. Пры Гедыміне яна налічвала прыкладна 20 чалавек, у XV – п. п. XVI ст. у яе ўваходзілі 45 чалавек, а пасля рэформы 1565 г., калі былі ўтвораны новыя ваяводствы паноў-радных стала 65. Усе яны сядзелі на так званых лавіцах, ад першай да апошняй, у залежнасці ад займаемага ў грамадстве становішча. Паны-рада ў поўным складзе збіралася рэдка, толькі для вырашэння найважнейшых спраў, а ўсе бягучыя справы вялікі князь вырашаў з так званай праднейшай радай (“першай лавіцай”), у склад якой уваходзілі толькі пяць найбольш уплывовых саноўнікаў: віленскі біскуп, віленскія ваявода і кашталян, трокскія ваявода і кашталян.

Гаспадарская рада была найбольш уплывовай ў пачатковы перыяд узнікнення і развіцця ВКЛ. У далейшым яе роля некалькі аслабла, таму што з’явіўся новы агульнадзяржаўны орган – вальны сойм (сейм). У яго склад уваходзілі радныя паны і шляхта ўсіх зямель ВКЛ. Спачатку шляхта запрашалася на сойм пагалоўна, што выклікала залішнюю шматлюднасць. Каб пазбегнуць гэтага, было вырашана пасылаць ад павета па два дэпутаты на агульны сойм. Яны выбіраліся на павятовых сойміках, дзе збіралася ўся шляхта таго ці іншага павета і выпрацоўваліся інструкцыі паслам-дэпутатам. Соймы не толькі ўдзельнічалі ў выбранні вялікіх князёў, але і вырашалі ўсе найважнейшыя пытанні і справы адносна вайны і міру, арганізацыі абароны краіны, унутранай палітыкі, увядзення надзвычайных падаткаў, прыняцця законаў. Да сярэдзіны XVI ст. сойм пераўтварыўся ў важнейшы заканадаўчы і кантралюючы орган, пачаў выступаць у якасці феадальнага парламента. Соймавыя пасяджэнні адбываліся найчасцей у Вільні, аднак маглі збірацца таксама ў Берасці, Наваградку, Гародні.

Сістэма мясцовага кіравання ВКЛ мела доўгую эвалюцыю. Яна фарміравалася разам з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам дзяржавы. У адпаведнасці з рэформай 1565 г. беларускія землі ўваходзілі ў склад 6 ваяводстваў (Віленскага, Трокскага, Берасцейскага, Віцебскага, Менскага, Наваградскага, Мсціслаўскага, Полацкага) і 16 паветаў. Паветы складаліся з некалькіх валасцей (10-30 сёл).

На чале ваяводства стаяў ваявода, які вырашаў гаспадарчыя, вайсковыя, судовыя пытанні на сваёй тэрыторыі. Прызначаліся ваяводы вялікім князем са згоды паны-рады, абавязкова з уражэнцаў ВКЛ. Намеснікамі ваяводы былі: падваявода (вёў справы канцылярыі), кашталян, гараднічы (адказваў за рамонт замка), ключнік (наглядаў за зборам падаткаў), ляснічы, лоўчы, стайнік.